Я вымушаны быў адмовiцца ад сваiх начных подзвiгаў, i ўсё ж яны прынеслi мне пэўную карысць: жыццё цяпер не здавалася такiм пакутным. Стома, якая мучыла маё цела, загаiла многiя язвы ў маёй душы. Любая празмернасць памяншае кантакт з жыццём, а тым самым памяншае i пакуту. Насуперак агульна прынятай думцы, у распусце няма нiчога апантанага. Гэта ўсяго толькi доўгi сон. Вы, мусiць, заўважалi, што чалавеку, якi дужа пакутуе ад рэўнасцi, нiчога так не карцiць, як хутчэй пераспаць з жанчынай, якая, на яго думку, яму здрадзiла. Безумоўна, ён хоча яшчэ раз пераканацца, што яго дарагi скарб па-ранейшаму належыць яму. Iначай кажучы, ён хоча валодаць iм непадзельна. Але адразу пасля таго як ён авалодвае сваiм скарбам, яго рэўнасць цiшэе. Наогул, рэўнасць гэта плён фантазii, характарыстыка, якую раўнiвец дае самому сабе. Бо думкi, якiя ўзнiкаюць у яго самога ў падобных абставiнах, ён прыпiсвае свайму сапернiку. На шчасце, празмерныя ўцехi паслабляюць фантазiю, як i здольнасць даваць нейкiя характарыстыкi. Душэўныя пакуты згасаюць разам з мужчынскаю сiлай i не абуджаюцца, пакуль яна спiць. Па гэтай самай прычыне першая ж сапраўдная каханка пазбаўляе маладых ад метафiзiчных трывог, а некаторыя шлюбы, якiя, па сутнасцi, афiцыйна дазваляюць распусту, ператвараюцца ў марудныя хаўтуры па адвазе i вынаходлiвасцi. Але, мiлы дружа, мяшчанскi шлюб абуў нашу краiну ў пантофлi i хутка прывядзе яе да брамы ў нябыт.
Я перабольшваю? Ну, можа быць, не ведаю. Я толькi хацеў расказаць пра тую палёгку, якую прынеслi мне некалькi месяцаў оргiй. Я жыў нiбыта ў тумане, скрозь якi смех прабiваўся так глуха, што нарэшце я наогул перастаў яго чуць. Абыякавасць, якая i раней займала столькi месца ў маёй душы, цяпер не сустракала ўжо нiякага супрацiўлення i ператварылася ў сапраўдны склероз. Пачуццi знiклi! Запанаваў роўны i заўсёды аднолькавы настрой, цi, дакладней кажучы, - настрой таксама знiк. Падобна да таго, як лёгкiя ў сухотнiка, калi ён ачуньвае, ссыхаюцца i пацiху душаць свайго шчаслiвага ўладальнiка, так i я, акрыяўшы, цiхамiрна канаў. Я па-ранейшаму зарабляў на хлеб сваiм рамяством, але рэпутацыя ў мяне была ўжо добра падмочаная маiм словаблудствам, а рэгулярнай практыцы замiнала беспарадкавае жыццё. Цiкава заўважыць, што за начныя прыгоды мяне папракалi намнога менш, чым за моўныя вольнасцi. Чыста рытарычныя заклiкi да Бога, якiя я часам дазваляў сабе ўжываць у прамовах, выклiкалi ў маiх клiентаў нешта накшталт недаверу. Яны, напэўна, баялiся, што неба не здолее абаранiць iх iнтарэсаў гэтак жа добра, як адвакат, якi бездакорна ведае Статут. Адсюль недалёка было прыйсцi да высновы, што мае заклiкi да ўсявышняга тлумачацца звычайным невуцтвам. Менавiта да такой высновы i прыйшла мая клiентура, i колькасць яе адразу паменшылася. Але зрэдку я ўсё яшчэ выступаў у судзе. Часам я нават забываўся, што болей не веру таму, што кажу, i тады прамовы ў мяне выходзiлi вельмi ўдала. Я запаляўся ад гуку свайго ж голасу i ляцеў за iм; праўда, я ўжо не лунаў, як раней, пад скляпеннем, я адно крыху адрываўся ад зямлi - ляцеў на брыючым палёце. Па-за сценамi суда я рэдка з кiм сустракаўся i падтрымлiваў хiба адну-дзве сяброўскiя сувязi, якiя мне даўно ўжо абрыдлi i ледзьве лiпелi. Часам, зрэшты, я цэлы вечар мог правесцi ў сяброўскай кампанii (я маю на ўвазе кампанiю, у якой у мяне не ўзнiкала нiякага пажадлiвага пачуцця), але гэта наганяла на мяне такую нуду, што я нават не слухаў, што мне казалi. Я трошкi памажнеў, i гэта дало мне падставу паверыць, што крызiс нарэшце мiнуў. Цяпер заставалася толькi старэць.
Але здарылася нечаканае. Каб адсвяткаваць сваё адраджэнне, я запрасiў у вандроўку па Атлантыцы адну з сваiх сябровак. Вядома, я не сказаў ёй пра сапраўдную мэту гэтай паездкi. Мы мiла прагульвалiся, натуральна, па верхняй палубе карабля, i раптам я заўважыў удалечынi сярод шэра-сталёвых хваляў чорную кропку. Я адразу адвёў вочы, маё сэрца шалёна затахкала. I я доўга не мог прымусiць сябе паглядзець у той бок, а калi паглядзеў - кропка некуды знiкла. Я хацеў быў ужо закрычаць, як вар'ят, паклiкаць на дапамогу, але ўбачыў яе зноў. Гэта быў звычайны абломак бервяна, якiя часта сустракаюцца ў моры. I ўсё ж я не мог глядзець на яго спакойна, мне здавалася, што гэта тапелец. I тады я ўразумеў, я ўсвядомiў - пакорна, як пакараюцца думцы, у слушнасцi якой даўно ўжо няма сумнення, - што крык, якi некалькi год назад пралунаў над Сенай, нi на мiг не змаўкаў, яго знесла цёмнымi водамi да Ламанша, ён доўга лётаў па свеце, над неабсяжным акiянскiм абшарам, каб нарэшце даждаць таго дня, калi я сустрэнуся з iм. Я зразумеў, што ён цяпер i заўжды будзе чакаць мяне на морах i рэках - паўсюль, дзе ёсць горкая вада майго хрышчэння. А тут, скажыце, мiлы дружа, цi ж мы не на вадзе? На гэтай гладкай, манатоннай i бясконцай вадзе, якая неўпрыкмет ператвараецца ў сушу? Нават цяжка паверыць, што хутка мы будзем зноў у Амстэрдаме! Здаецца, нам нiколi не вырвацца з гэтай гiганцкай купелi. Прыслухайцеся! Вы чуеце, як клiчуць кагаркi? Можа быць, яны клiчуць нас? Да чаго ж яны нас заклiкаюць?
Гэта тыя самыя кагаркi, што крычалi i малiлi над Атлантыкаю ў той дзень, калi я канчаткова ўсвядомiў, што я зусiм не акрыяў, што я па-ранейшаму хворы i з гэтым трэба неяк змiрыцца. Кончылася пышнае жыццё, кончылiся i выбрыкi, i шалёныя намаганнi. Настаў час скарыцца i прызнаць сваю вiну. Пачалося жыццё ў каменным мяху. Але вы, мусiць, не ведаеце, што каменным мехам у сярэднявеччы называлi адмысловую камеру ў падземным вязеннi. Найчасцей чалавека кiдалi туды на ўсё жыццё i забывалi. Такая камера адрознiвалася ад iншых умела падабранымi памерамi. Яна была не такая высокая, каб у ёй можна было стаяць, але i не такая шырокая, каб можна было легчы. Жыць там даводзiлася ў абсалютна ненатуральнай паставе - наўскасяк. Калi чалавек засынаў - ён падаў, калi не спаў - мусiў сядзець на кукiшках. Паверце, нягледзячы на ўсю сваю прастату, гэта было сапраўды генiяльнае вынаходнiцтва. Вязень, якi кожны дзень быў вымушаны сядзець у неверагодна скручанай паставе, ад якой дранцвела ўсё цела, нарэшце сам усведамляў, што ён - вiнаваты, бо бязвiннасць можа, прынамсi, бестурботна выпрастацца на ўвесь рост. Вы можаце сабе ўявiць, каб у такой камеры апынуўся чалавек, прызвычаены да вяршынь i верхнiх паверхаў? Што? У гэтых камерах маглi сядзець i бязвiнныя людзi? Неверагодна, мiлы дружа, абсалютна неверагодна! Iначай гэта знiшчыла б усе мае разважаннi. Каб бязвiннасць прымусiлi жыць гарбатай?! Ды я нават на секунду не хачу дапусцiць такой думкi! Зрэшты, хто можа з упэўненасцю сказаць, што той цi iншы чалавек нi ў чым не вiнаваты? Наадварот - кожны з нас перакананы, што за ўсiмi ёсць нейкая вiна. Кожны сведчыць пра злачынства ўсiх - вось маё крэда i мая надзея.