Маўчаў — ад думак пухла галава:
Быў сінім лес, зялёнаю —трава,
Быў нехта бедны, нехта быў багаты...
Сярод усіх
ён быў адзін
гарбаты.
"За што?" —
не мог ён зразумець ніяк.
Другі раз плакаў без прычыны. Так.
Нібыта хтось падаў з нябёсаў знак:
"Паплач, гарбун". I ён кусаў кулак,
Каб не крычаць, і енчыў, як сабака.
Ён зненавідзеў з той пары сабак
Нянавісцю сляпой.
Пасля ён плакаў
Яшчэ аднойчы. Шмат гадоў пасля...
У роспачы здавалася: Зямля
Не для яго!..
Між золкіх зор Сусвету
У думках стаў шукаць сабе планету,
Дзе ўсе былі б такія ж, як і ён,
Дзе б парушаў звычайнасці закон
Не ён, гарбун,
А чалавек бязгорбы...
Было ад думак моташна; памёр бы,
Каб нехта тыя думкі разгадаў...
I, сцяўшы зубы, горб ён гадаваў,
На спіне калыхаў яго: глядзіце
На вырадка! Ату мяне! Ганіце!
Сабак спускайце!..
Злела ў ім душа.
Быў горб — і ён. Паловы спарыша,
Быў горб — і ён. Сіямскія блізняты,
Быў свет — перад гарбатым вінаваты!.
I сталі гарбуна лічыць вар'ятам.
Ён жыў у невялічкім гарадку;
Не маючы нічога, меў раку,
Сваю раку, дзе млын стаяў; муку
На тым млыне даўно ўжо не малолі.
Млын дагніваў ад гарадка ўбаку—
Гарбун яго заняў. Ніхто ніколі
Зайсці туды асмеліцца не мог,
Адзін ён уладарыў там...
Мой бог,
Якія толькі байкі не блукалі
Па гарадку пра млын і гарбуна!
Там — нехта бачыў — ведзьмы балявалі
I музыка іграла давідна,
Русалкі падымаліся са дна
I чэрці чарапамі грукаталі...
О, прага казак: шэрыя ваўкі,
Асілкі, лесуны, чараўнікі,—
Маленства свет!.. Адзіны, непаўторны.
Гарбун стаў казкай. Гаспадар ракі,
Ён падымаў замшэлыя стаўкі
I запускаў пашчэрбаныя жорны.
Уздрыгваў млын. Рыпеў, хістаўся млын.
Пустыя жорны
роспачы палын,
Тугу і крыўду, стогнучы, малолі...
Калі сціхала ўсё — у наваколлі
Чуваць быў голас, што шукаў спатолі:
Гарбун спяваў, нячыстай сілы сын!
Быў голас нізкі, плыў над лазняком —
I ад яго цягнула скразняком,
Пагрозаю, трывожным прадчуваннем...
I дзіўны слых прайшоў над гарадком:
Гарбун спявае песні пра каханне.
Хтось надвячоркам бачыў: да млына
Дзяўчына прыбягала, і яна
Амаль штоночы ў гарбуна бывае.
Прамыла чутка горла гарадка,
Як, з-пад стаўка рвануўшыся,
Рака
Сухое горла шлюза прамывае:
"Не можа быць!.."
"I ўсё-ткі нешта ёсць..."
Засела чутка, нібы ў горле косць:
"Магчыма ўсё, калі гарбун спявае".
"Якое там каханне! Смех сказаць..."
Стаў гарадок шаптацца, цікаваць,
Зрабілі дзеці за млыном засаду —
I высачылі Гальчукову Ванду...
Што смеху тут было! Ажно да ўпаду,
Да колікаў змаглі парагатаць!
Дзяўчына Гальчуковая была
Прыдуркаватай. Да таго ж — страхоцце.
I ўсё ж яна была з крыві і плоці.
З крыві, што ў гарбуна, як звон, гула.
...На горкі яблык збіў Гальчук дачку.
Яе знайшлі назаўтра ў раўчуку:
Паўзла па ім да гарбуна —
I сілы
Пакінулі...
Гарбун каля магілы
Стаяў наводдаль — нерушны, застылы,
I з-пад ілба ўсміхаўся Гальчуку.
I страх на Гальчука напаў — бяда.
Не начаваў у хаце да суда,
То ў сваяка хаваўся, то ў суседкі.
I гарбуна не бачылі нідзе.
Быў суд.
Гарбун з'явіўся на судзе
I папрасіўся выступіць як сведка.
"Як сведка!.." — так і ахнуў гарадок.
Гарбун устаў, зглытнуў тугі камок,
Сказаў: "Вы ўсе..." — і быццам хто замок
На рот яму накінуў;
Ён узмок
З натугі і пачуў глухі смяшок,
Смяшок — такі знаёмы — за спіною,
I выціснуў: "...гарбатыя віною".
— Вы ўсе адной гарбатыя віной,—
Ён цвёрда паўтарыў.
— Віной якой? —
Спытаў суддзя.
— Ніякай,—
Ён адказаў...
I ледзьве не заплакаў,
Але стрымаўся,
Быццам ведаў:
Час
Не надышоў
заплакаць трэці раз.