...Не, не, ён не прасіў яе рукі,
На гэта проста смеласці б не стала.
I ўсё-ткі нешта над сталом вітала
Такое, што сумеліся бацькі
I Таня палахліва паглядала.
Ён зразумеў: пакуль што не пара...
I гэтая пара наўрад ці прыйдзе...
Дапіў каньяк, настоены на крыўдзе,
Сказаў сабе: "Як выйдзе — так і выйдзе",—
А ім сказаў:
— Мяне на млынара
Перавялі... Дык я хацеў адзначыць...
I раптам Таня ўголас як заплача,
Як стане ў грудзі кулачкамі біць!
А бацька ўзяў кілішак:
— Што ж, за ўдачу.
Не плач, Таццяна... Нам і так баліць.
...Ён першы раз спіртное піў, таму
Ніяк не засыналася яму,
Сушыла... Ён на кухню ўстаў папіць,
I толькі ўзяўся дзверы адчыніць —
Застыў, напрогся:
змейкай з-пад дзвярэй
Канец размовы выпаўз:
— Не дурэй.
Харошы хлопец гэты твой Андрэй.
— Харошы, мама... Каб не быў гарбаты,
Каб горб ягоны ўзяць ды спілаваць...
Ён нават барахло не стаў збіраць.
У чым стаяў — у тым і рушыў з хаты.
Куды ісці — не ведаў. Па начных
Блукаў завулках, у дварах пустых
Напружваў слых, як звер, што ўсіх баіцца..
Нічога не хацеў — адно: напіцца
Вады...
Ілбом
Упёрся ў белы дом,
Дзе тлелі вокны нежывым святлом,
I прачытаў на шыльдачцы:
Бальніца.
Пастукаў... Аніхто яго не ўчуў.
Ён сеў тады на ганак — і заснуў.
Прысніўся млын, Прыснілася рака.
Млынар-асілак у апратцы чорнай
З рукой жалезнай...
Сыпала рука
З мяхоў ке зерне, а людзей у жорны.
Ва ўсіх людзей
Гарбы былі...
Клубы
Агню і дыму з жорнаў выбухалі,
А з латака
каціліся
гарбы
I злоснымі сабакамі брахалі.
Пазбыўшыся іх, людзі напралом —
Праз лазнякі — кідаліся наўцёкі,
А брэх сабачы даганяў іх, цёкаў,
Каб зноў на плечы ўскочыць, стаць гарбом.
З усімі разам і Андрэй пабег.
Але дагнаў яго сабачы брэх,
На спіну ўскочыў...
— Чуеш ты ці не?
Чаго ты тут?.. —
Андрэй расплюшчыў вочы.
— Галіна Львоўна, ён сядзіць тут з ночы.
— Я ведаю. Таварыш да мяне.
На ганку тупацеў руды мужык,
А з ім — нібы знаёмая? — жанчына.
— Вы да мяне? Вас зваць Андрэй Крушына?
Андрэй кіўнуў. Ён да ўсяго прывык.
— Хадзем...—
I ён падняўся і пайшоў.
...Пасля, калі з яго здымалі шво,
I валасамі — мяккімі, як воўна —
Кранулася яго Галіна Львоўна,
Па дотыку прыпомніў ён: вагон!
Там — несвядома — спавядаўся ён
Жанчыне нейкай... Ёй!.. Перахапіла
На міг дыханне... Вунь як закруціла
Ягоны лёс!.. I ён праз слёзы, праз
Разломны боль сказаў:
— Я ўспомніў вас.
— Каго? — перапытаўся санітар.
— Мяне,— Галіна Львоўна адказала
І нахіліла над Андрэем твар:
— Ты вынес невыноснае, млынар.
Ты малайчына...
— Дык пашкадавала
Мяне Таццяна? — ціха ён спытаў.
— Яна ўсё чула?
— Правадніца?.. Пэўна.
Прыкметная дзяўчына. Каралеўна.
Але цяпер і ты не горшы стаў.
Адпачывай. Праз суткі — трэба ўстаць.
I суткі ўспамінаў ён тыя суткі,
Дарожныя, і ўспомніў да мінуткі,
Да драбязы ўсё,
хоць прыпамінаць
Было няёмка, сорамна...
"Размяк!
Даў слабіну такую, чорт гарбаты!
Які там бог! Які таемны знак!
Таццяна павяла яго дахаты
З блазноты, з жалю..."
Ён кусаў кулак,
Як у дзяцінстве, толькі вінаваты
Цяпер не свет быў,
Вінаваты — сам...
"Ну што ж... Не галавой аб сцены біцца.
Гарба няма! Ці ён яшчэ ўсё там?
I мне дасюль той сон на ганку сніцца?"
...У дзень, калі зайшлі яны ў бальніцу,
Галіна Львоўна паказала: "Тут
Артапедычны корпус. Інстытут
Распрацаваў практычную методу
Рэзекцыі... Хоць што табе з метод.
Усё, што ад цябе патрэбна,— згода.
— Я згодны.
— Што ж кідацца, як на дрот?
Ты можаш жыць і так...
— Так жыць не буду.
— Табе балюча будзе. Страшны боль.
— Стрываю. Мо ранейшы боль забуду.