Саміх сябе засмажыць не дадзім.
Шчэ пахрумсцім, як качаны з марозу.
Таварыш, ці не надта мы цвяроза
Каля цяпельца нашага сядзім?
Жыццё ідзе. I справіцца яно
З атрутным жахам, што з прадоння выплыў.
Мы пройдзем шлях, які на долю выпаў.
Глядзі, як ясна свеціцца віно...
Агонь гарыць... Давай за гэта вып'ем.
ЗОНА
Я не парушыў, хоць знаўся з віной,
Ні чалавечых, ні Боскіх законаў.
...з о н а...
Чарнобыль дыхнуў за спіной
Вогненнай пашчай дракона.
Знаю: дракона чапляю дарма.
Тут параўнанняў ніякіх няма,
Нават міфічных.
У шапіто
Месца дракону, каб ён не лайдачыў.
Чулі,
казалі вы слова
н і ш т о?
Я гэта слова бачыў.
Гэта — як Бога няма.
За яго
Цэзій.
Плутоній.
Стронцый.
I ні для чаго,
I ні для каго
Сонца.
Зона —
як страта цяжарная Стратай.
Просяцца хаты: хоць клямку пакратай!
Самі — пад ногі — сцежкі — як змеі!..
Той, хто праз гэта стане вар'ятам, —
Паразумнее.
Чыстая смерць.
Без ніякіх прыкмет.
Пуста.
Чарнобылем пахне Сусвет.
2
Голым адчаем карэнне набракла.
Путамі спрута,
клюшнямі рака
Бераг падмыты — за горла
раку!..
Воблака выплыла з-за лазняку,
Залапатала, закаркала.
Тегга inkognita. Сноў мацярык?..
Страх мой паводзіў сябе, як прывык:
Гнаў мурашоў па скуры!..
Збіліся ў воблака, збегліся ў крык
Гусі, вароны, куры.
Воблака пырхала берага ўздоўж —
Прыпяцкай хвалі
пылам і пенай...
А на яго нацэльваўся дождж
З хмары, падобнай на пеўня.
Нават не помніцца сон мне, які
Гэтакай яве — вартая пара:
Апаражніўшы семяннікі,
Закукарэкала хмара!
Неба
крыж-накрыж
той крык перакрэсліў
I паляцела, пабегла Палессе
За небасхіл...
Птушкі намоклымі крыламі трэслі.
Семя атрутнае прагнула крыл.
3
Спела атрута. Бралася ў рост.
Бог прымяраў рэспіратар і робу.
Чорнай вясёлкай вісеў тэлемост
ХІРАСІМА — ЧАРНОБЫЛЬ.
Месяц гуляў, як індык па двары.
Ён прымяраўся ў новую квадру.
Дыктары
Папраўлялі гальштукі ў кадры.
Кожны хацеў выглядаць. Твар у твар
Тайнае з яўным сышліся. Ахвяр
Як не было. Баранілі навуку.
"Чор... Чыр... Чар..." —
Гук прымяраўся да гуку.
На паляшуцкі кульгала акцэнт
Слова, што ў сімвал перарастала.
Шмат гаварылася. Чулася мала.
Для прэзідэнта вяшчаў прэзідэнт,
I генерал — для генерала.
Шчыльна зачынены, як пенал,
Марай дзяржаўнай пра прэмію Нобеля,
Сніў акадэмік
футбольны фінал,
Дзе не заяўлена Зборнай Чарнобыля.
I думаў Гасподзь:
"Зразумець не магу,
Разумеючы іншае,
Чаму
адны паэты ў даўгу
Перад японскімі вішнямі?"
Лёгшы на воблаку, як лацвей,
Блытаў ён,
рваў чалавечыя сцежкі...
...эвакуацыя.
...паніка.
...спешка.
На адзінаццаць вагонаў дзяцей —
хоць бы адна ўсмешка.
Торгнуўся час.
Паплылі за вагонамі
Зоннага шляху слупы верставыя...
Вочы дарослыя —
поўныя зонаю.
Вочы дзіцячыя —
зонай пустыя.
4
Нават не мроіцца рай.
Дзеля ўсяго святога,
Божа, не дай нічога,—
Толькі зратуй мой край.
Мухаю назалю
Вуху твайму, Усявышні!
... Костачкай вішні
Выплюне космас Зямлю.
Кіне расстрыга строга
вокам
на ход падзей:
"Што гзта ты
да Бога?.."
— А да каго
з людзей:
"Жабрацкую торбу дай —
Душою не дай ажабіцца..."
Бадай бы ён быў, бадай
Было б каму жаліцца.
Зрэзалі Боскае вуха —
Жах да нябёс прырос.