Выбрать главу
...Наша змаганне з духам Няўжо ўсур'ёз?
Шчыльней рады, атэісты! Рады святых парадзелі.
На небе стэрыльна-чыста, Аніякай надзеі.
Галактыка — як астрог. Які там да д'ябла бог! Пісанняў гартай тамы: Бог будучых нашых дарог — Атамны.
5
Я з ім пад Брагінам снедаю. На ўсю акругу нас Трое.
Ён бог, бо ніхто не ведае, Што ён такое; Бо да нашага з ім стала Па бязлюдным гасцінцы Паляшучка старая прыйшла I прынесла гасцінцы; Бо не стала ў яе ні хаціны, Ні вады сваёй, ні зямлі; Бо прыйшла яна з вёскі былой Сабалі, А гасцінцы яе — пухліны: Два пепіны, Што яблыкамі былі.
Генетыкі не падманулі. Пепін пухлінамі Дулю Нам на сняданак склаў. — Частуйцеся, — кажа бабуля, — Чым бог паслаў.
На ёй сівізна, як завея. А вочы яе збранзавелі: Пагляд — з пустаты. "Хто гэты пагляд зразумее?!" Адказвае бог: "Не ты".
Ён думкі мае чытае, Ён знае, што мне прысніцца. Ды нечага ён чакае I некага ён баіцца, Хоць голас яго — жалезны, Пагляд ягоны — сталёвы, Касцюмчык — замежны, Гадзіннік — фірмовы... ...Хоць ён прада мной — непазбежны,
А я перад ім — выпадковы.
— Пра што мы з табой талкуем? — Надкусвае бог пепін. — Пра якую такую Зорку Палын?
6
А ў бабулі кіёк жабрачы... Дзе захоча, там заначуе... Глядзіць яна — як не бачыць, Вяшчуе — ніхто не чуе:
"Яна ўзыдзе аднойчы, Промні ў небе раскіне, Спапяляючы вочы Чалавечай гардыні. Сярод дня, сярод ночы, Сярод енку людскога Яна ўспыхне аднойчы — Пылам стане дарога. Стане каменю горка, Мёртвы ўсцешыць жывога, Калі выспее зорка Палыновага бога".
Бабуля кажа: — Пайду Па свеце шукаць сям'ю. Тут браць не даюць ваду. Хаваюць зямлю ў Зямлю. У вёсках здзічэлі куры, Спусцелі ўсе чыста хаты...
Я бога пытаю: "Пакурым?.." Ён кажа: "Не я вінаваты".
"А хто?" — запыталі Вада і Зямля. "Не я!.." — адгукнулася рэха здаля. I вартай ля бога, бы ў зале суда, Усталі Зямля і Вада. Яны прад небам валошкавым Перад адным — адны...
...Зорным агнём валодаем. Намі валодаюць сны.
Што высніў ты, род чалавечы? Агонь распаліў у печы — Жар выграбаеш з прыпечка У высненай гэтай пустэчы Пры беразе Прыпяці, Дзе стала ніва зялёная Палыноваю зонаю — Спіць...
...Далёка ад зоны галодных мільёны Просяць есці і піць.
7
Я снедаю з богам зон. Ён кажа: "Не я вінаваты. Вялікіх лічбаў закон Не ўлічвае дробныя страты".
Ён высніў сябе ўладаром I думае за мяне...
...А ў зоне пасеены гром, Што будучыню скалане.
Будучыні пара! Нібы ў канцы свету клічнік, Твая залатая гара З кратэрам вулканічным.
Гукай у гары дабра — Чакай пад гарой расплаты!..
Гасподзь, ты з чыйго рабра Вырабіў тэхнакрата, На лобе якога таблічка прыбіта: Э л і т а?
Калі галасы — жалезныя, Калі пагляды — сталёвыя, Тады непазбежным Становіцца выпадковае:
У акне да галінкі сухога вазона Паштоўка прышпілена: З д н ё м н а р а д ж э н н я ! 26.04.86 г.
…Нарадзілася Зона Адчужэння.
8
"Мы такой і не чулі бяды... Як адчужаюць?.. Чаму?.. Куды?.. Каб чума, ці патоп, ці голад..."
На ўсе кіламетры зямлі і вады Толькі бабулін голас.
— Як сказалі ўжо, што радыяцыя, Як вывозілі — плакалі многія, Што не справілі радуніцу, Не развіталіся з могілкамі. З тым і пайшлі, што ўзялі пад паху. Нашто чалавеку болей?..