Выбрать главу
— Ты знаў яе? — спытаў манах.
5
Гаруда, белы Божы птах Ляцеў — далёка ад Калькуты, I двух аблокаў парашуты Нёс тым, хто страціўся ў гарах.
— Марыя, нам уніз пара, — Прасіў я, змучаны гарамі. "Ты знаў яе?" — пытаўся Свамі.
6
Мандара, Божая гара Вяршыняй падпірала неба.
"Знямогшы без вады і хлеба, Аслепшы без павадыра, Зблукаўшы шлях — з якой пары я I для чаго я тут, Марыя?"
— На тое, каб адолець шлях.
7
"Ты знаў яе!" — сказаў манах, Падаў задымленае шкло, I, як пры сонечным зацьменні, Я ў шкло зірнуў...
Мільгалі цені, Глядзеў я, што са мной было.
8
Увесь у жоўта-залатым Стаяў манах на небасхіле, Упэўнены ў спрадвечнай сіле Таго, што свет заве пустым.
— Тут выйсце ў неба, — мовіў ён. — Пераступаю я закон, Наблізіўшы да зор жанчыну. Ды шлях адолены. Прычыны Для апраўдання мне стае, Каб паказаць дарогу тую, Дзе Веду зведаеш святую, Марыя! Зоры ўсе — твае...
I ён накінуў на яе Апратку жоўта-залатую.
9
— А хто за мной?
— Няма каму. — А спадарожнік мой? — Ён следу Твайго не ўбачыць, бо яму Час не настаў спасцігнуць Веду.
Ён вернецца. А ты — ідзі.
10
— Ты судзіш, Свамі? Не судзі, Я знаў яе, таго даволі.
Глядзі, як шкло іскрыць на сколе, Ды што ў тых іскрах для сляпца?
Зваротны шлях — сляпы. Ніколі Яго не пройдзеш да канца.
Па ім вяртаешся ні з кім.
11
Плыў над зваротным шляхам дым Ад Індыі да Беларусі... — Я не хачу ісці па ім, А незваротнага — баюся.
Шлях там, дзе ўперадзе — сляды.
12
— Той шлях, — сказаў манах, — нікуды, Па тых слядах мільёны люду Сышліся ў гурт, у гарады. У храмы іх, у іх суды Ты б з Індыі вярнуўся, ды Сюды прыходзяць адусюды — Адсюль ісці няма куды.
13
Я ўніз ішоў. Гара з гарою Перагукаліся, сырою Прасцінай поўз па схілах снег... Лавіна! Я дарма пабег Па камянях, па скалах слізкіх...
Дні прабягаючы, гады, Не змог я збегчы гэтак нізка, Каб падаць не было куды.
14
Лавіна падала — на схіле Раз'юшана, у самай сіле Дагнала, душна абняла.
— Марыя! — крыкнуў я. — Марыя!.. — I ўкрылі крык снягі сырыя.
15
Манах сказаў: "Яна дайшла Дарогай Вед амаль да межаў, З якіх звароту ўжо няма, А ты вярнуў яе. Дарма".
16
Я не вяртаў. Лавінай снежнай Яна вярнулася сама Па камянях, па скалах слізкіх.
17
— Ты дзе была, Марыя? — Блізка. — Чаму на могілках англійскіх На камені тваё імя?
— Бо шлях адолела дарма, — Сказаў манах. — Бо не жанчыне Пакінуць свет дарогай Вед, Бо светам стаўся ёй паэт Англійскі ў афіцэрскім чыне.
18
За нораў дзёрзкі і бунтоўны Ён з метраполіі раптоўна Адпраўлены ў Калькуту быў. Тут ён гібеў, страляўся, піў, Блукаў, зваротны шлях згубіў — I ў дом патрапіў малітоўны. Бог ведае, што за хімеры Жылі ў англійскім афіцэры, Ды выдумаў сабе паэт, Што вернецца місіянерам Дамоў, што прагне новай веры Стары ягоны добры свет.
Ён кінуў піць. Пісаў увішна Евангелле ад Рамакрышны, Ствараў хімеру: Веру Вер.
Як сноб, на англіцкі манер Хрыста аспрэчваў афіцэр.