33
Ступалі след у след яны
На свой зваротны шлях.
Манах
Мне ў прыгаршчы насыпаў прах,
Сказаў: "Ідзі, нясі дадому,
Развей на родных берагах.
Не суддзі мы адзін адному".
— Марыя!.. —
голас у гарах
Прапаў, не чутны мне самому.
Гаруда, белы Божы птах,
Сарваў з Мандары
кветку сому
I кінуў на зваротны шлях.
ПРОШЧА
1
Зноў вецер на ўзлеску агнём залатым
Асіну палошча.
За ветрам за тым і за ўзлескам за тым
Ёсць возера Прошча.
На возеры тым, на блакітнай вадзе
Бялеюць лілеі.
Душа мая там, як на Боскім судзе,
Баліць і святлее.
Яе тое возера ў воды свае
Празрыста ўлюбіла.
Да дна таго возера не дастае
Нячыстая сіла.
Святлее ў тым возеры храм на гары
Званіцай высокай,
I спіць на званіцы званар да пары
Глыбока,
Глыбока.
У белых лілеях яму так даўно,
Так соладка спіцца,
Што снамі ягонымі ўсыпана дно
Да самай званіцы.
Усмешка блукае ў яго на губах,
Як ветрык на ўзлеску...
Стаіць нерухома вада ў берагах —
Ні хвалі, ні ўсплёску.
Дрымотна сваім і чужым берагам —
Ні ўсплёску, ні хвалі,
Нібы не схавалі ў тым возеры храм,
Нібы пахавалі.
Вякамі сплываюць над возерам тым
Лілеі аблокаў —
Над храмам, над крыжам яго залатым,
Званіцай высокай.
2
Ен жыў на званіцы, бязногі званар
На храмавай вежы.
Сачыў з-пад нябес, дзе патоп, дзе пажар,
Дзе вораг на межах.
Прыкуты да звону, да лёсу свайго,
Глядзеў на абшары,
I цёмныя хмары плылі да яго,
I светлыя хмары.
Пад храмам люстэркам ляжала вада,
Лілеі люляла,
I ў тое люстэрка цягнула нуда —
Аж вочы смактала.
На раме люстэрка шумелі лясы,
Палі красавалі,
I рыкі звяроў, і людзей галасы
На вежу ўзляталі.
Адтуль, дзе спрадвек майстравалі яны
Калыскі і труны,
З ядой і вадой падымала збаны
Вар'ятка Матруна.
Яна на калені ставала ў куце
На звон памаліцца —
I ўсё мармытала: "На згубу расце
Краса-Мілавіца".
Кавалак у горла не лез званару,
Як, слінячы губы,
Шаптала вар'ятка: "Атруты збяру
На згубу, на згубу..."
Так дні праміналі, вятрамі гады
Хісталі званіцу...
Нявестаю князь, уладар малады,
Абраў Мілавіцу.
"Красу-Мілавіцу, дачку каваля?!
Ой, княжа! Ой, смелы!.."
I ўздрыгнула пад капытамі зямля
Суседніх удзелаў.
За новым ганцом скача новы ганец
З пагрозай адною:
"Як пойдзеш з дачкой каваля пад вянец —
Мы пойдзем вайною.
Твой шлюб — гэта ганьба для нашых дачок,
Абраза цяжкая..."
I князь закруціўся між іх, як ваўчок,
Як воўк за сцяжкамі.
На плошчы шторання натоўп віраваў,
Народ, князю любы,
I голас Матруны яго свідраваў:
"На згубу! На згубу!"
Прамоўцамі, быццам балотная гразь,
Мясіліся словы.
— На згубу яе!
— I яго!
— Ён не князь!
— Ён зяць кавалёвы!
Разгублена варта стаяла наўзбоч,
Гатова прадацца.
I з тварам чарнейшым за чорную ноч
Князь клікнуў дарадцу.
"Скажы, што рабіць?" — ён дарадцу спытаў.
Быў рады старацца
Заўсёды дарадца. З паклонам устаў
I мовіў дарадца.
"Казырная карта
адна на стале,
На ўсё твая воля.
Як хочаш жаніцца — жаніся, але
Не князь ты ім болей.
З натоўпу сабраць пераможную раць —
Пустая спадзеўка,
Не стане ніхто ваяваць, паміраць
За простую дзеўку.
Калі ж адрачэшся цяпер ад яе —
Набычацца шыі,
Успомняць: каваль з Мілавіцай — свае,
А тыя — чужыя.
Як толькі адчуюць тваю слабіну —
Пра сілу забудуць.
Ты ў пастцы:
суседзі рыхтуюць вайну,
Народ прагне бунту.