I ўсё праз адно. I парада адна:
Мы ўлада. Мы суддзі.
Не стане нявесты — не прыйдзе вайна
I бунту не будзе.
Нявеста твая заняможа ўначы.
Ёсць зёлкі ў Матруны".
I, гледзячы ўбок, князь прамовіў:
— Лячы.
Мне сёння прыснілася кроў на мячы.
Рабі, што прыдумаў.
3
Ён жыў на званіцы. Цар-рыба плыла,
Мінаючы сеці.
Адна ў званара Мілавіца была,
Адна ў цэлым свеце.
Начамі ён бачыў: два цені здаля
Ішлі, каб спаткацца,
Адзін — ад хаціны старой каваля,
Другі — ад палаца.
Як бралі адзін аднаго за руку,
Спаткаўшыся, цені,
У звоне матляўся ён на языку
I біўся аб сцены!
Яму нават ногі, якіх не было,
Нясцерпна смылелі,
Як рыбамі цені плылі на святло,
Збіралі лілеі.
Прыкуты да звону, да лёсу свайго,
Маліўся ён, плакаў,
Каб выраслі кіпці і крылы ў яго
Драпежнага птаха.
Ён сэрца б князёва штодня вырываў
З крывёй, каб напіцца!..
О, як ён кахаў яе, як раўнаваў
Красу-Мілавіцу!
Цар-рыбу, што ў Прошчы спрадвеку жыла,
Прасіў, каб ніколі
Красу-Мілавіцу бяда не знайшла
Ні ў лесе, ні ў полі.
Цар-птушку, якая вяршыла палёт
Над Прошчай спрадвеку,
Схаваць Мілавіцу прасіў ад нягод,
Ад крыўды і здзеку.
Цар-рыбу прасіў і Цар-птушку прасіў,
Што зналі ўсё самі,
А сам ён праспаў Мілавіцу, прасніў
Вяшчуннымі снамі.
У снах тых пісаў з Мілавіцы абраз
Князёвы дарадца.
Князь мовіў: "Старайся", дарадца ў адказ:
"Я рады старацца".
I жах у тых снах працінаў кожны раз,
Як сталь нажавая,
Калі любаваўся народ на абраз:
"Дальбог, як жывая!"
4
Стагналі званы, галасілі званы
На белай званіцы,
Як неслі ў князёвы скляпы-курганы
Красу-Мілавіцу.
Гудзелі званы, знемагалі яны,
I чулася ў гудзе:
"Не будзе нявесты — не будзе вайны
I бунту не будзе".
Нібы звар'яцеў на званіцы званар,
Вяшчаючы люду,
Што скрозь і паўсюды патоп і пажар
I ворагі ўсюды.
Цар-птушка ляцела, Цар-рыба плыла,
Мінаючы сеці.
Адна ў званара Мілавіца была,
Адна ў цэлым свеце.
У белых лілеях ляжала яна,
Нібыта жывая,—
Ды ўжо муравалася ў склепе сцяна,
Сцяна межавая.
Магільшчык зрабіў сваю справу, і поп
Зрабіў сваю справу.
А з плошчы ніяк не сыходзіў натоўп
I прагнуў расправы.
Глядзелі дарадца і князь, як сычы.
Расправа блукала:
"З чаго яна раптам заснула ўначы,
А ранкам не ўстала?"
"Вяшчунна мне снілася кроў на мячы",—
Князь думаў у спудзе.
Дарадца на вуха: "Не бойся. Маўчы.
Нічога не будзе".
А слова крывёй набракала, як клоп:
"Атрута... Атрута..."
"Матруна",— дарадца шапнуў, і натоўп
Ускрыкнуў: "Матруна!"
5
На межах князёвых стаяла вайна.
Расправа блукала.
Пра гэта не знала Матруна — яна
Нічога не знала.
Але за пагібель нявесты-красы,
На радасць народу,
Яе за сівыя цяглі валасы
Пад меч, на калоду.
Цар-птушка ляцела. Цар-рыба плыла.
"Я не вінавата,
Я зелле зварыла, я зёлкі дала",—
Крычала вар'ятка.
Дарадца на плошчу прывёў каваля:
"Вось меч табе катаў.
Ты б княжыча няньчыў, садзіў на каня.
Суцешся адплатай".
Пазногцем спрабуючы вострую сталь,
Гаротны, суровы,
Каваль адказаў: "Не на тое каваль,
Каб секчы галовы.
Бог даў Мілавіцу і ўзяў яе Бог,
Куды — не дазнацца..."
"Як скончыцца ўсё, дык адразу ў астрог", —
Падумаў дарадца.
I крыкнуў: "Даказана ведзьмы віна!
Гэй, варта! Гэй, каты!"
I ўпаў з неба голас: "Мана! Не яна,
А князь вінаваты!
Не ўзяў Мілавіцу, каб Бог яе ўзяў,
Каб плакаў убогі!.."
Каваль перад князем і шапку не зняў,
I плюнуў пад ногі.
"Бунт? " — крыкнуў дарадца, і выбухнуў бунт!
З вачамі сляпымі,
Як смерч, ён круціўся, вяршыў самасуд
Усіх над усімі.