Вар'ятка Матруна, сівая сава,
Крычала: "Свабода!.."
Кацілася за галавой галава
З крывавай калоды.
Ад бунту сп'янелыя, як ад віна,
Гулялі халопы,—
I рушыла ў межы князёвы вайна
Пажарам, патопам.
Спяшаліся князя
князі ратаваць,
Палілі, тапілі,
На бунт насылалі за рацямі раць,
Мячы ўсе
ступілі.
6
Званар галадаў. Яго смага гняла.
I ў сне ці ў прыпадку,
З крывёй на званіцу збаны падала
Матруна, вар'ятка.
"Ты што гэта, — сцяўся званар, — ты чаго?"
"За мой паратунак
Ты голас падаў — гэта рэха яго", —
Сказала Матруна.
На белай званіцы сядзелі яны
Над чорнай зямлёю,
I зняў ён званы, і падвесіў збаны
З людскою крывёю.
Унізе люцела, свістала, гула
Нячыстая сіла,
I кроў закіпела, бы ў пекле смала,
I ўсё затапіла.
Яна разлілася ў лясы і палі
Праз межы, граніцы,
I, як да каўчэга, ляцелі, плылі
Звяры да званіцы.
А стуль, дзе нячыстая сіла жыла,
Люцела ў народзе,
З крывавым усхліпам калода ўсплыла —
I меч
на калодзе.
7
Раіліся зоры, як іскры ў кастры,
I храм засыпалі.
Званар і вар'ятка, як брат пры сястры,
Абняўшыся, спалі.
Хай спяць,
забываюць, хто свой, хто чужы
Быў некалі з імі,
I ластаўка ім, і каршун на крыжы
Хай стануць сваімі.
Хай сняцца ім спевы знямелых званоў
I ластаўка сніцца,
Што ў спевах званоў абярнулася зноў
Красой-Мілавіцай.
Каршун, страпянуўшыся неба абняць,
Пазнаў яе раптам...
Ім гэтак не спаць, як, абняўшыся, спяць
Званар і вар'ятка.
Краса ім лілеямі пальцы спляла
I побач заснула,
I белай лілеяй званіца плыла,
I ў Прошчы танула.
Князёва душа, што жыла ў каршуне,
Над Прошчай кружыла,
Крычала, нібыта згубіла на дне
Усё, што любіла.
8
Пазбыўшы нябыт, ты з'явіўся на свет,
Каб свету здзівіцца.
Калі ты званар ці калі ты паэт,
Жыві на званіцы.
Няхай на зямлі хоць патоп, хоць пажар,
Хоць ліха ды войны,
Калі ты паэт ці калі ты званар,
Ты лішні, ты вольны.
Няма ў цябе тут ні сяброў, ні радні,
Няма і не трэба.
Усё тваё там, дзе сляпыя агні
Халоднага неба.
Усё тваё там, тут нічога твайго,
Ты сведкаю толькі
Нябытнасці свету, вар'яцтвам яго
Ад бойкі да бойкі.
Хай сыдуцца ў сечы з братамі браты,
Не кайся, не енчы,
Пакінь ім мячы і занятак пусты,
Як цацкі малечы.
Хай паляць сялібы і гвалцяць сясцёр,
Не енчы, не кайся,
Трымайся за іскры, за дым, за касцёр,
З нябёс не спускайся.
Сынам не бацькі і бацькам не сыны,
Да Боскае кары
Няхай у нянавісці любяць яны
Таго, хто ўладарыць.
Няхай выбіраюць
сабе ўладароў,
I птушкам, і рыбам.
Калі ты з паэтаў ці са званароў,
То зроблены выбар.
Пакінь, як кратоў, невідушчых братоў
У норах іх цесных.
Званіца твая — карабель без бартоў
На хвалях нябесных.
Хай рынецца свет на цябе аднаго —
Не бойся расправы.
Усё тваё там, тут нічога твайго,
Ні ганьбы, ні славы.
Не дайся падману,
як раб або цар,
Жывыя зямлёю,
У зоры ўзіраюцца, вымыўшы твар
Слязьмі і крывёю.
I кроў іх, і слёзы — раса на траве.
Няславяць ці хваляць —
У хвалі нябеснай Цар-рыба плыве,
Цар-птушка
над хваляй.
9
Мітынговыя вуліцы, поўныя ярасцю плошчы
Я пакіну аднойчы і рушу да возера Прошчы,
Што сінее на роднай зямлі васільком на радне
I царкву са званіцай ашчадна хавае на дне.
Па збалелай дарозе
з камянём непазбыўнай віны
Я ўвайду ў тое возера і разгайдаю званы,
I, аблашчаны Прошчай, за ўсіх,
каго проста люблю,
Памалюся, паплачу і свечку ў царкве запалю.