Выбрать главу
6
Ноччу бралі Кабянка Ігната, Першага бандыта на раён. Узялі. Вяскоўцам паказалі. — Ён? — спыталі. — Гэты,— адказалі. А сівы Стапуль сказаў: — Не ён.
7
Трох красунь-нявестак Стапулёвых На суках таполевых, вясновых Весела Ігнат павесіў быў: Першую — бо мела кроў чужую, Бо хавала першую —                                 другую, Трэцюю...— Бо троіцу любіў.
З імі побач, на суках кляновых Трох сыноў-асілкаў Стапулёвых Кабянкова банда падняла: Першага — бо выкраў вартавога, Бо не выдаў першага —                                 другога, Трэцяга...— Каб троіца была.
Тры начы і дні гайдаў іх вецер...
8
Ці на вецці ружавее квецень, Ці лісты асеннія ляцяць,— Гэтыя тры клёны, Тры таполі Дзень і ноч на Стапулёвым полі Шэпчуцца, Калышуцца, Шумяць.
9
А Стапуль сваё: — Не ён. Не гэты.
10
Сорак шосты. На зыходзе лета. Сад. Калыска. Вечар. Ля вулля Падаюць самлелыя ранеты.
Роіцца натоўп ля сельсавета. Суд сягоння. Судзяць Стапуля.
Суд у фрэнчах. Хросны мой за сведку. Ён суду паказвае даведку З дзірачкай ад кулі на ражку. Холадна ў прасцяг глядзіць ахова. Кожнае тут сказанае слова З хаты ў хату йдзе па ланцужку.
11 СУД
Прагакольны запіс Хросны (то запнецца, то саб'ецца):[3] — Па законах новых, па савецкіх Я панёс малога ў сельсавет.
Г о л а с Мог і без малога.
X р о с н ы Дык не ведаў. Думаў, як хрысціць...
С у д Адзін?
X р о с н ы З суседам.
С у д Стась Стапуль сваяк вам?
X р о с н ы Так, сусед.
С у д Дык сусед або сваяк?
Г о л а с Суседзі.
Х р о с н ы Старшыні няма. «Чакайце, едзе...» А ў мяне і час быў, як знарок. Ну, сядзім. Чакаем. Словы доім...
С у д Што?
X р о с н ы Гамонім. Уваходзяць двое: Старшыня і гэны... Кабянок.
С у д Без канвою?
X р о с н ы Той пасля заскочыў. Старшыня счарнелы —                           нават вочы Быццам з галавешкамі на дне. Кажа: «Факт. Пазналі гада дома». Я кажу: «Дык чалавек вядомы». А Стапуль як ёсць упёрся: «Не». Старшыня ўдыбкі — і на старога: «Пакажы мне Кабянка другога! Ворага шкадуеш, маць тваю!..»
С у д Далікатней... Тут жанчыны, дзеці.
С т а п у л ь Прызнаю ўсё існае на свеце. У звярах людзей не прызнаю.
X р о с н ы От, сказаў ён так — і я паверыў.
С у д Дзе Стапуль сякеру ўзяў?
X р о с н ы Сякеру?.. Каля печы, мусіць... Каля дроў.
Г о л а с Сам прынёс! Якія летам дровы!
X р о с н ы Кабянок жа гэны — звер здаровы.
С т а п у л ь Без сякеры нельга ля звяроў.
С у д Так. Далей?
X р о с н ы Ён кінуўся на Гната.
С у д Хто?
X р о с н ы Стапуль.
С у д А вы?
X р о с н ы Я вінаваты. За руку схапіў: «Чакай, сусед!» Старшыня адразу з пісталетам; Кабянок — убок,                          і скок... і гэта: Выбіў старшынёвы пісталет. З крыку і дзіця загаласіла. Кабянок, нячыстая ён сіла, Цэліцца ў яго: «Хто зробіць крок...» Я яму: «Ігнат, пабойся бога...» Старшыня загарадзіў малога. Кабянок націснуў на курок. I тады Стапуль яго                         сякерай... Тут ужо набеглі... Насцеж дзверы... Выскачыў з малым я —                        ледзь стаю...
вернуться

3

Заўвага судовага сакратара