Выбрать главу

Ухватаў. Ды ты хоць разбіраеш, што больш — чатыры ці пяць?

Сілан. Разбіраюся. Дзве — больш, як адна.

Ухватаў. Ды ты што, галава два вухі?

Сілан. Не бачу выгады.

Ухватаў (як малому). Слухай… Напрыклад, такі размен: я даю табе пяць рублёў, а ты мне чатыры. Ёсць табе выгада?

Сілан. Не. Няма. Скажуць, што хабар бяру. А калі дойдзе да народнага кантролю, дык (адмахваецца)… ого-го…

Ухватаў. Дык я ж табе не даю хабар.

Сілан. А калі не даеш, то якая мне выгада?

Ухватаў. Я пра пяць пакояў.

Сілан. А я пра дзве кватэры.

Ухватаў. Сілан! Што ты выломваешся? Я быў у Бусько, у Кудасава. Яны згодны. I паслалі да цябе.

Сілан. I я цябе пашлю.

Ухватаў. Куды?

Сілан. Да іх.

Ухватаў (раздзельна). Яны… сказалі… што ты…

Сілан (перапыняе). Сказалі? А не напісалі? Слова не падшыеш. Слова не мае юрыдычнай сілы. Толькі подпіс…

Ухватаў. Значыць, не прадугледжана?

Сілан (разводзіць рукамі). Не прадугледжана.

Ухватаў. Дык вось ты як… (З горкім папрокам.) Аддзячыў! Ты хоць падумаў бы, хоць бы ўспомніў… Цябе хацелі зрабіць бельгійскім каралём, а я, дурань, цябе зрабіў чалавекам. А ты!.. Так аддзячыў? Ах ты, папяровы ты тыгр!

Сілан. Ты, Хведар… Ты кінь гэтыя штучкі!

Ухватаў (са злосцю). Ды вас усіх тут разагнаць траба! Усіх вас… трэба… (Вельмі раззлаваны, пакідае кабінет.)

* * *

Зноў кабінет Кудасава. Урываецца Хведар Паўлавіч.

Ухватаў. Вы што? Здзекуецеся з мяне? Хлопчыка знайшлі? Клоун я для вас?

Кудасаў. Хто? Я?

Ухватаў. Гэты дуб, гэты пень, бачыце, не знайшоў юрыдычнага (перадражнівае) «основанія»…

Кудасаў. Не знайшоў? Сілан Данілавіч не знайшоў?

Ухватаў. Ах ты, ахламон! (Іранізуе.) Юрыст! Юрыста знайшлі, выкапалі.

Кудасаў. Не мы знайшлі. Вы знайшлі. Вы, Хведар Паўлавіч, выкапалі.

Ухватаў. I ты туды ж? А? I ты?

Кудасаў (збаяўся). Хведар Паўлавіч, я не… я нічога… Я, Хведар Паўлавіч… Гэта Бусько, гэта Антон Сцяпанавіч. А я… (Прыбядняецца.) Я што?.. Вы яму… Ён у нас…

Ухватаў. Ах, ён? Ё-ён у вас? Хунзузы! Башы-бузукі!!! Я ж яму!

Кудасаў. Правільна, Хведар Паўлавіч! Правільна! Вот яму вы…

Хведар Паўлавіч выходзіць з кабінета. Кудасаў напявае: «Торреадор, смелее в бой! Торреадор, торреадор!»

* * *

Кабінет Бусько. Урываецца раз'юшаны Хведар Паўлавіч.

Ухватаў. Ах ты нягоднік! Дык ты так са мной? Ты? Мне? За ўсё маё добрае?

Бусько. Не махай, не махай рукамі. У мяне ў кабінеце мух няма.

Ухватаў. Ды як ты смееш? Як ты смееш?

Бусько. I не тупаці. Тут не стайня.

Ухватаў. Падумаць толькі! Па-ду-маць!.. Як ён са мною гаворыць! Ты забыўся, забыўся?.. Я ж цябе, чорта кудлатага, выцягнуў з балота…

Бусько. А цяпер я лысы. Я цяпер — лысы. Што було, тое прайшло. I мемуары твае нікому непатрэбны.

Ухватаў. Прыгрэў. Прыстроіў. Ты ж кляўся мне… Ты ж колькі гадоў быў як у бога за пазухай…

Бусько. Вываліўся з-за пазухі.

Ухватаў. Колькі гадоў ты лізаў мне…

Бусько (нібы яго шылам нырнулі). Надаела! Не ўспамінай мемуараў! Ты думаў — мне гэта было прыемна? О-о! Табе было прыемна! Хопіць! Мінулася! (Прыгадаў.) Муха! Беспакоіць мяне муха! (Загадвае, паказвае на муху.) Я табе лавіў? Лаві мне маю!

Ухватаў. О-о! О-го-го! Ён зубкі паказаў! (Смяецца.) Ты ж не ад злосці? А? Бывае, што і сабака кусаецца не ад злосці, а ад заліхвацкасці.

Бусько. Што? Не падабаецца? А ты як рабіў? Не так? Та-ак! А людзі цярпелі. Колькі ты патаптаўся па мне. I я ўсё сцярпеў. (Скрозь слёзы.) Муху лавіў!.. Эх, Хведзька, Хведзька…

Ухватаў. Хведар Паўлавіч!!!

Бусько. Та ні! Хведзька! Апамятайся! Не Хведар Паўлавіч ужо. Хвядот, ды не тот! Пара зразумець ужо. Ну, шо ты крычыш? Шо крычыш? Перад кім ты крычыш? Перад імі? (Паказаў на залу.) Быццам ты — цаца, а я — бяка. Ты думаеш, яны цябе не ведаюць? Ведаюць як аблупленага. Спытай у іх, які ты харошы. Ну, спытай, спытай! Баішся? Яны, брат, даўно цябе раскусілі. Як і я. А прыйшлі яны сюды не для таго, каб на цябе падзівіцца. Чорта лысага! Ты ім і так надакучыў. Яны, бач, і цяпер моршчацца, быццам аскоміна ў іх на зубах. Я ўпэўнены, што яны радуюцца, калі бачаць, як я цябе тут проці шэрсці, проці шэрсці… О-о, я іх ведаю! Яны так любяць пазубаскаліць з такіх, як ты, «былых». Анекдоты выдумляюць. Змікіціў?? Народ — такі! Можаш зарплату не падвышаць, але дай яму на зуб «былога». Дык вось — раю табе: ціхенька сядзі! Не шумі! Ці-іхе-енька! Атрымаў пенсію і скажы дзякуй. I я ціхенька буду сядзець да пенсіі. Мы з табой асколкі адной пасудзіны. Разбітай. Зразумеў? Так што, не трэба шуму і гвалту ўзнімаць. Немэтазгодна! Нават — наадварот!