— Так, трэба ў цеплыню. Але ж і мароз! Я толькі сена каню кіну, — заспяшаўся Леанід Міхайлавіч.
Рыгор дапамог лоўчаму зняць кажух і запрасіў да стала. Дзверы з пакоя Маланні адчыніліся, бабуля, прывітаўшыся з лоўчым, прайшла да пліты. Паставіла патэльню на агонь і распачала пячы яечню.
— Леанід Міхайлавіч, я два дні таму рабіў абход на сваім участку і не знайшоў слядоў зуброў. Можа, вы ведаеце, дзе яны?
— Ведаю, — кіўнуў галавою лоўчы. — Статак з твайго абходу перабраўся на Ціханаў абход. Раздурылі мы іх. Хутка яны зусім самі адвучацца здабываць корм з-пад снегу. Як толькі выпаў снег, адразу перабраліся бліжэй да стагоў з сенам. Ціхан казаў, ужо два стажкі развалілі.
Старая моўчкі накрыла стол: паставіла гарачую патэльню з яечняй, вэнджанае мяса, хлеб.
— Рыгорка, ледзь не забыўся, у цябе ж сын! Прымі найлепшыя віншаванні, — спахапіўся старшы лоўчы. — Як там Малання?
— Дзякуй за віншаванні. Малання яшчэ слабая.
— Рыгор, калі ехаў да цябе, бачыў сляды ваўкоў.
— Дзе? У якім месцы? — стражнік насцярожыўся.
— З вярсту ад тваёй хаты. Зграя вялікая — штук сем налічыў. Прышлыя, мусіць. Ты ж вясною на сваім абходзе знішчыў кодлу ваўчанят, а яны зноў з’явіліся. Вось зараза! Спасу няма ад гэтага паскуддзя. І плацім добра за знішчэнне ваўкоў.
— Так, мне заплацілі за кодла добра, — махнуў рукою стражнік. — Гадавую зарплату асігнацыямі. Усе зацікаўленыя страляць ваўкоў, але вось хітрыя яны, шэльмы. Няпроста іх узяць. Тут трэба разам наваліцца.
— Рыгорка, аблаву ў пушчы рабіць цяжка, лес занадта густы, — лоўчы з сумненнем пахітаў галавою. — Ты як мяркуеш, справіцца гэты сабака з ваўком ці не?
— Аднаго ваўка адужае, а вось зграю — не. З дзесятак такіх сабак любую ваўчыную зграю возьмуць, — услых разважаў стражнік.
— Добрая думка, Рыгор, і над гэтым варта падумаць. Зробім так, — таргануўся лоўчы. — Хай гэты сабака пакуль жыве ў цябе. Обер-фарстмайстар з’ехаў на святы ў Пецярбург. Вернецца праз месяц, тады я з ім і перамоўлюся.
А ты беражы сабаку, — старшы лоўчы падняўся з лаўкі. — Дзякуй за пачастунак.
Мужчыны выйшлі з-за стала і накіраваліся да выхаду. Сабака моўчкі ляжаў на сваім месцы, поглядам выпраўляючы людзей.
Калі Рыгор вярнуўся ў хату, спыніўся ля яго; той паслухмяна падняўся.
— Як цябе, сябрук, абазваць, якую мянушку даць? Пайду, параюся з Маланняй.
Жонка сядзела на ложку і карміла грудзьмі сына, а старая моўчкі сядзела каля акна. Рыгор прысеў побач.
— Як у нас справы?
— Вось, у нас падвячорак, набіраемся сіл, — твар Маланні расплыўся ва ўсмешцы. — Рыгорка, выцяплі нам з бабуляй лазню, можаш і ты памыцца, бо перад Калядамі не паспелі. Я ўжо сябе адчуваю лепш і магу хадзіць.
— Добра, — буркнуў стражнік і дадаў. — Я гэтым займуся. Сабака застанецца ў мяне, пакуль не вернецца обер-фарстмайстар з Пецярбурга. Трэба даць сабаку нейкую мянушку.
Вярнуўшыся на кухню, надзеў кароткую бравэрку і шапку.
— Ідзі, сабачка, гуляць, а я за гэты час прыгатую нашай маладой маме лазню.
Стражнік накідаў у топку лазні дроў і распаліў агонь. Сухія дровы весела патрэсквалі.
Сабака абабег двор і зазірнуў у лазню.
— Заходзь, сябрук, — Рыгор ветліва папляскаў рукой па калене.
Сабака асцярожна пераступіў парог, і, з цікаўнасцю гледзячы на агонь,
спыніўся побач. Так і сядзелі яны разам, слухаючы, як гудзе полымя.
Нечакана сабака павярнуў галаву да дзвярнога праёму і злосна ашчэрыў зубы. На сабачым загрыўку стала дыбарам кароткая поўсць, а па целе прабягалі хвалі гневу. Праз вострыя белыя зубы прарывалася рыклівае клекатанне і хрып.
— Ты гэта чаго? — здзіўлена спытаў стражнік і падняўся з зэдліка.
Сабака шмыгануў каля ног гаспадара на вуліцу і пачаў гучна і злосна брахаць на лес.
Хто гэта можа быць? Тут ён успомніў гутарку са старшым лоўчым аб ваўчыных слядах. Мусіць, ваўкі?
Хутка пабег у хату, схапіў стрэльбу, кайстру з двума пістолямі і зарадамі. Кулём пераскочыў парог і імкліва пабег за лазню. Выскачыў з-за вугла і ў нерашучасці спыніўся.
На ўскрайку лесу паўколам стаялі шэсць шэрых драпежнікаў і ўважліва глядзелі на яго. Пад ашэсткам плота жвава вынырнуў сёмы воўк і рашуча накіраваўся да сабакі.
Стражнік ускінуў стрэльбу, але стрэліць яму перашкаджаў сабака, які знаходзіўся паміж ім і ваўком. Ён стаяў на месцы і зласліва, з хрыпатой, брахаў на ваўка.
Воўк, прыціскаючыся да зямлі, адважна бег лёгкім трушком. Не дабегшы крокаў пяць, спыніўся. Выцягнуўшы пысу, уцягваў ноздрамі пах сабакі. Агледзеўшыся, звер асцярожна зрабіў крок наперад. Сабака працягваў люта яхкаць. Нечакана адначасова воўк і сабака скокнулі адзін на аднаго. Сабака спрытна схапіў шэрага за горла. Завязалася бязлітасная валтузня з гучным гырканнем.