Ваўкі рашуча кінуліся на дапамогу сабрату.
Стражнік прысеў на калена і стрэліў. Ад яго стрэлу адзін з ваўкоў закруціўся на месцы; пачуўся гучны віск і гырканне раненага звера. Зграя адразу кінулася ўроссып.
Стражнік падбег да сабакі, які моцна трымаў ваўка за горла і прыглушана рычэў. Воўк амаль не супрацівіўся. З разарванай артэрыі звера, афарбоўваючы белы снег, у такт пульсу пырскаў пунсовы струменьчык крыві.
Неўзабаве воўк перастаў тузацца, і сабака адпусціў яго горла. Падняў галаву і паглядзеў у напрамку лесу. Заўважыўшы, другога ваўка, які з усіх сіл спрабаваў паўзці, кінуўся за ім. Падбег да плота і адным махам перамахнуў яго, вялікімі скачкамі дагнаў раненага звера.
Стражнік пабег следам.
Убачыўшы сабаку, звер падняўся і выскаліў пашчу. Сабака, з разбегу скокнуў і ўдарам шырокіх грудзей абваліў ваўка.
Калі стражнік падбег, сабака ўжо спрытна трымаў звера за горла. Зацятая барацьба працягвалася нядоўга, воўк перастаў тузацца. Сабака адпусціў горла шэрага.
Пастаяўшы трохі над целам скрываўленага ваўка, сабака адбег у бок. Морда яго была ў крыві, кароткая поўсць на карку ўздыблена. Ён цяжка дыхаў шырокімі грудзьмі і заваламі бакоў. Трохі пастаяўшы, пачаў качацца па снезе. Рэзка ўскочыў на лапы, задраў галаву ўверх і як воўк завыў: «У-у-у...»
Ад нечаканага выцця спіна стражніка пакрылася потам.
Сабака перастаў выць і перайшоў на адрывісты брэх, некалькі разоў узлавана, з храпам, гаўкнуў у напрамку зніклых ваўкоў.
Тут стражнік ачуўся і з захапленнем сказаў:
— Х-фу-у! Ну! Ты даеш! Так ты ж сапраўдны ваўкадаў! Каму сказаць — не павераць.
Ён хацеў падысці і пагладзіць сабаку, але, паглядзеўшы на яго грозны выгляд — не адважыўся.
У хаце расказаў перапалоханым жанчынам аб нападзе ваўкоў.
— Лазня хутка гатовая, можаце ісці мыцца, а я тым часам паздзіраю шкуры.
Раніцай стражнік узяў сваю кайстру, стрэльбу і паклікаў з сабой сабаку.
Гэта быў першы сумесны выхад ў пушчу. Ішлі звыклымі для стражніка Белавежскай пушчы сцежкамі.
Была пагода; уначы прайшоў невялікі снег, з самай раніцы вецер аціх, і ярка свяціла сонца. Снег асляпляў вочы, пераліваўся, іскрыўся.
Ідучы, стражнік уважліва вывучаў сляды, часта даставаў з кайстры сшытак з алоўкам, нешта запісваў; па слядах на снезе праводзіў улік звяроў на сваім абходзе.
Калі нахіляўся, сабака тут жа падбягаў і нюхаў сляды, пры гэтым не паказваў асаблівай цікавасці да іх. Пасля чарговага абнюхвання слядоў стражнік гаварыў сабаку:
— Гэта сляды зайца. Але не магу зразумець, ты паляўнічы сабака ці не? Калі ты паляўнічы, то павінен адразу кінуцца па свежых слядах з брэхам, а ты спакойны. А вось гэта сляды куніцы, дзесьці на гэтай хвоі яна і павінна быць.
Яны разам падышлі да высокай хвоі, і ён уважліва паглядзеў уверх. Сабака таксама задраў галаву.
— А! Вось ты дзе, прыгажуня!
Стражнік дастаў пістоль з кайстры, прыцэліўся і стрэліў. Гучнае рэха разнеслася па лесе. Стражнік зірнуў на сабаку, а той на стрэл нават вокам не павёў. Куніца, чапляючыся за галлё, звалілася на снег, сабака падбег і абнюхаў яе. Рыгор нахіліўся, узяў куніцу, дастаў папружку і звыклым рухам прывязаў здабычу.
Яны працягвалі свой шлях, глядзелі сляды, часам спыняліся для запісу. Нечакана сабака затрымаўся, павярнуў галаву назад і ціха гыркнуў у напрамку, адкуль толькі што выйшлі. Стражнік таксама спыніўся, зняў стрэльбу і ўважліва агледзеўся.
Праз некаторы час прычуўся рып снегу пад нагамі. З-за дрэў з’явіўся чалавек і гучна крыкнуў:
— Гэй! Рыгорка, гэта ты?
— Цю-у! Ціхан, брат!
Рыгор павесіў стрэльбу на плячо і радасна накіраваўся насустрач. Браты моцна абняліся.
Ціхан паказаў рукой на сабаку.
— А гэта хто?
— Давай, брат, сядзем, гэта доўгая гісторыя. — Першая і самая галоўная навіна — у нас нарадзіўся сын.
Ціхан ускочыў.
— Віншую цябе, Рыгорка, — браты зноў абняліся. — Назваў сына як?
— Глебам.
— Прыгожае імя.
— У памяць аб дзядулі Маланні, які загінуў, ратуючы на пажары зуброў, — запярэдзіў яго пытанне Рыгор.
— Правільна, Рыгорка, ты зрабіў, я чуў пра яго.
Рыгор распачаў свой аповед ад рысі, закончыў учарашнім нападам ваўкоў.
Ціхан уважліва слухаў, з цікаўнасцю зіркаючы на белага ваўкадава.
— Так, брат, ваўкі абвыклі лавіць вясковых сабак. У іх такая тактыка. Адзін увязваецца ў бойку, а астатнія набягаюць і раздзіраюць сабаку на часткі. А тут у іх прамашка выйшла. Я вось на Каляды да цябе ў госці з жонкай збіраўся, але нечакана на мой абход зубры зайшлі. Прыйшлося ўсе святы іх ахоўваць. Стаяць каля стагоў з сенам, вярсты тры адгэтуль.