Выбрать главу

— Ціхан, я хацеў цябе прасіць — будзь хросным бацькам. — Рыгор глядзеў на брата.

— З вялікай радасцю! Дзякуй, брат, за давер, — радасна ўскочыў Ціхан.

Сабака сядзеў побач з людзьмі і слухаў гутарку, быццам разумеючы, пра што гавораць.

Браты развіталіся, кожны з іх пайшоў сваёй сцежкай. Хоць яна ў іх агульная. Займаюцца яны тым, чым займаліся іх бацькі, дзяды і прадзеды: ахоўваюць спакой зуброў і пушчы.

У суботу Рыгор, бацька, цесць і старшы лоўчы сядзелі за сталом у бацькавай хаце і чакалі вяртанне немаўляці з хроснымі з царквы. Гутарка сама сабой зайшла пра знойдзенага сабаку.

Рыгор распавёў аб нападзе ваўкоў

Пачутае аб сутычцы сабакі з ваўкамі зрабіла вялікае ўражанне на слухачоў. Старшы лоўчы першым пачаў выказваць свае меркаванні.

—Трэба нейкім чынам развесці гэтую пароду сабак. Калі я ад цябе ехаў, усю дарогу аб гэтым разважаў.

Прысутныя гэтую прапанову падтрымалі.

Хата паступова напаўнялася гасцямі, яны падыходзілі да Рыгора і віншавалі. Неўзабаве з царквы вярнуліся хросныя з Глебам на руках. Урачыста перадалі сына маладой маме. Госці пачалі рассаджвацца за сталы. На вялікіх гарачых патэльнях унеслі яечню —галоўную страву на хрэсьбінах. Неўзабаве весела і дружна спявалі песні, танчылі пад гармонік і скрыпку.

Гулянне працягвалася і ў нядзелю. Пасля поўдня, забраўшы падарункі, маладыя бацькі пачалі збірацца да ад’езду.

—Бабуля, раскажыце пра свайго мужа, —папрасіў Рыгор у дарозе, — мы назвалі сына ў яго гонар, і нам хацелася б больш ведаць пра яго. Я толькі ведаю, як ён загінуў

— Доўгая гісторыя, — журботна сказала старая. — Але спяшацца няма куды.

Старая крыху памаўчала і распачала свой аповед.

— Раней я была прыгоннай. Жылі мы бедна: дзве пары лапцей ды сёе-тое з адзежы. Няхай Бог крые ад такой нястачы. Нават хата, у якой жыла мая сям’я, належала памешчыку. Было гэта восенню, у 1800 годзе. Мне тады споўнілася семнаццаць год. Спраўлялі свята дажынак. Гэта ці не адзіны дзень, калі прыгонным хоць неяк спагадалі. Існуе такі звычай, на дажынкі выбіраюць самую прыгожую дзяўчыну, і той восенню абралі мяне. Мы з песнямі адправіліся ў панскую сялібу. Дарогаю я і спаткала Глеба. Ён сядзеў конна і глядзеў на людзей. Убачыўшы такога статнага малайца ў форме, я пакланілася яму. Ён у адказ мне ўсміхнуўся.

Я ўручыла пану вянок з жыта, якое апошнім было зжата. Ён мне зрабіў падарунак і запрасіў весяліцца. Пасля пачастунку іграла музыка, запалілі вогнішчы. Спявалі і танцавалі да глыбокай ночы. Затым мяне завялі ў пакой, дзе чакаў пан. Ён пачаў да мяне заляцацца. Я стала супрацівіцца. Мяне лупцавалі розгамі датуль, пакуль я знепрытомнела. Тады і зганьбілі, — саромячыся таго, пра што гаварыла, старая апусціла вочы. — Што я магла зрабіць?

Бабуля памаўчала, ужо больш лагодным голасам працягвала:

— Праз некалькі дзён каля маёй хаты з’явіўся стражнік Глеб. Пакланіўся і запытаў мяне, ці жадаю стаць яго жонкай. Я моўчкі кіўнула. Ён сеў на каня і накіраваўся да памешчыцкай сядзібы. Але наш уладар не даў згоды на маё замужжа, тады Глеб прапанаваў яму выкупіць мяне. Колькі ён заплаціў, не ведаю, але вечарам прывёз паперу і сказаў, што я вольная.

Ні запоінаў, ні вяселля, ні каравая ў нас не было.

Жылі мы з Глебам добра і нажылі дваіх дзяцей. Ён мяне ніколі не папракнуў, што беспасажніца, або грэшная. Я ўсё сваё жыццё буду за яго і свае грахі маліцца.

Старая перахрысцілася і замоўкла. Вочы яе зрабіліся маркотнымі. Да хаты засталося недалёка — даехалі моўчкі.

Перад тым, як зайсці ў хату, паводле мясцовага звычаю, стражнік паклаў хрышчонага Глеба на парог.

4. Візіт да обер-фарстмайстра

Незаўважна мінуў месяц. Стражнік разам са знойдзеным сябрам кожны дзёнь неслі сваю службу. Аднойчы за вярсты дзве ад хаты Рыгор заўважыў свежыя сляды зуброў. Яго сэрца радасна загрукала, ён гучна загаварыў:

— Нарэшце, вярнуліся! Рык, ідзі сюды, — так стражнік стаў называць сабаку.

Той паслухмяна падбег.

— Глядзі, гэта сляды зуброў. Яны досвіткам вярнуліся на наш абход. Вось, братка ты мой, праца ў нас толькі распачынаецца. Слухай: зубры не ваўкі, іх нельга трывожыць.

Рык не разумеў, што здарылася. Усё як заўсёды: хадзілі спакойна, а тут чамусьці такое хваляванне. І пах ад слядоў моцны і незнаёмы. Раптам гэтак патыхнула з ветрам, Рык незадаволена гыркнуў. Рыгор спыніўся, пагладзіў сабаку, з кайстры дастаў скураную папружку і прывязаў канец да колца. Раней ніколі гаспадар так не рабіў.