Выбрать главу

— Ды сядзі ты спакойна! — обер-фарстмайстар весела засмяяўся, узяў званочак і зноў зазваніў.

У дзвярах з’явіўся служка.

— Г алубчык, прынясі тое, што рыхтавалі, — павярнуўся да Рыгора. — Чуў, што ў цябе нарадзіўся сын, прымі мае найлепшыя віншаванні. Назваў як?

— Глебам, ваша высокаблагароддзе.

— Дзіўнае імя! Дазволь пацікавіцца, у чый гонар?

— У гонар жончынага дзядулі, загінуў на пажары, ратуючы зуброў, — адказаў стражнік.

— Пахвальна, вельмі пахвальна.

Бразнулі дзверы, на парозе стаяў служка і трымаў папяровы скрутак.

— Гэта перадай жонцы, — хітнуў галавою Фёдар Канстанцінавіч, паказваючы на скрутак.

— Дзякую, ваша высокаблагароддзе.

На вуліцы іх чакаў сабакар. Прывітаўшыся, ён адразу пачаў пільна глядзець на сабаку.

Іх высокаблагароддзе загадаў:

— Яўстафій! Прымай новага пастаяльца, пакуль у каранцінную.

Сабакар падышоў да Рыгора і хацеў узяць папружку. Рык гыркнуў, Яўстафій спыніўся.

Обер-фарстмайстар усміхнуўся.

— Нешта ты яму не спадабаўся? Рыгор, завядзі сабаку сам.

Стражнік паслухмяна павёў сабаку. Запусціў яго ў сабакарню, адвязаў папружку і вярнуўся да хаты кіраўніка. Той стаяў і даваў распараджэнні старшаму каравульнаму.

— Вяртайся дадому, дзякую за службу.

— Слухаюся, ваша высокаблагароддзе, — казырнуў Рыгор.

Стражнік выйшаў за вароты, сеў у сані. Калі выехаў за межы селішча, пачуў выццё Рыка. Спыніўшы жарабца, прыслухаўся. Яму стала вельмі журботна, але ён тузануў лейцы, і Каштан паслухмяна пацягнуў сані.

Дома разгарнулі панскі падарунак. Тут была і прыгожая бутэлька, і розныя цукеркі ў каляровых абгортках, і нейкі дзіўны жоўты фрукт.

— Ой, а гэта што такое? Першы раз такі цуд бачу, — усклікнула Малання.

— Гэта цытрына, фрукт такі, расце ў цёплых краінах за морам. Яго паны рэжуць лустачкамі. Ім закусваюць, калі п’юць, — сказаў стражнік.

— Рыгорка, а давай зараз яго і паспрабуем з гэтай бутэлькай. Бабуля, хадзіце сюды!

Рыгор наліў у тры келіхі. Узяў цытрыну і парэзаў на лусткі. Праўда, атрымалася не так тонка, як у обер-фарстмайстара. Малання дастала зярняткі з цытрыны і загарнула ў паперу. Напой усім спадабаўся, а вось цытрына была вельмі кіслай. Старая сказала, што памрэ ад такой кіслі, калі ёй яшчэ не нальюць. За сталом раптам стала весела. Рыгор пачаў, перадражніваючы сябе, паказваць, як ён піў кофій з малюсенькага кубачка. Усе весела рагаталі, і настрой у стражніка прыкметна палепшыўся. Але, калі ён лёг спаць, усё думаў, як там Рык?

5. Зубры і ваўкі

Раніцай, як заўсёды, стражнік скіраваў да зуброў. Надвор’е сапсавалася, пачалася моцная завея. Нават у густым лесе, па верхавінах дрэў, адчуваўся моцны подзьмух ветру. Да месца, дзе стаялі зубры, было вярсты дзве. Па ледзь прыкметных сцежках ён прабіраўся праз гушчар наўпрост. Выслізгваў з-пад галля, а за ім на галаву, на плечы з шоргатам асыпаўся іскрысты снежны пыл. На паляне адчуў моцны вецер, снег залепліваў вочы. Агледзеўшы ўважліва стагі з сенам, убачыў сваіх гадаванцаў.

У шчыльнай кучы, падставіўшы бакі ветру, тыя панура стаялі, толькі зрэдку трэслі галовамі. З-за таго, што снег наліп на іх поўсць, выглядалі яны, як снежныя гурбы. Можна было нават падумаць, што зубры спяць.

Стражнік асцярожна накіраваўся ў іх напрамку.

Ад статка павольна аддзяліўся зубр і пайшоў насустрач. Крокаў за сто ён спыніўся. Рыгор добра ведаў звычкі магутных волатаў, стаў асцярожна абыходзіць барадатага быка, увесь час аддаляючыся. Велізарны самец стаяў нерухома, як камлыга. Калі б ён пайшоў насустрач яму, або зрабіў рэзкі рух, зубр імгненна, апусціўшы галаву, кінуўся б у атаку.

Паказаўшы сваю перавагу, барадаты бык пастаяў, павярнуўся і пайшоў да статка. Стражнік наблізіўся да стагоў — двух бракавала. Па прыкідах, сена яшчэ павінна хапіць на месяц. Таму яшчэ месяц кожны дзень ён павінен сюды прыходзіць.

Рыгор вярнуўся да лесу, знайшоў камлюкаватую хвою і залез на жэрдкі, прымацаваныя да тоўстага галля. Адгэтуль статак зуброў быў як на далоні. Можна спакойна назіраць. Ён дастаў перакус: мяса з хлебам.

Мінуў некаторы час, зубры спакойна стаялі, схаваўшыся ад ветру. Рыгор пачаў нават драмаць. Раптам пасярод статка адбылося хваляванне; лясныя волаты ўзрушана заварушыліся і скіравалі галовы ў адным напрамку. Ад статка аддзяліўся самец і пабег да стагоў.

Стражнік уважліва паглядзеў направа.

З другога краю лесу насустрач зубру, не спяшаючыся, трусіў воўк. Паабапал стаялі яшчэ чатыры шэрыя драпежнікі. Рыгор прыкінуў адлегласць: далёка, стрэл мог толькі напалохаць. Але воўк, які бег насустрач зубру, быў бліжэй.