Каля сабакарні пачуўся гучны брэх Рыка. Яўстафій пабег наперад адчыняць дзверы. Рыгор падышоў да вальера і адкрыў брамку. Рык лёг і падпоўз да яго, стаў лізаць Рыгору руку і радасна віляць хвастом. Рыгор узяў міску з ежай і працягнуў сабаку. Той з прагнасцю накінуўся на ежу.
Усе трое моўчкі глядзелі на сабаку.
Першым загаварыў обер-фарстмайстар:
— Вучыся, Яўстафій. Так, тут я бачу два выхады. Ты, Рыгор, пераязджаеш з сям’ёй сюды і прымаеш справы ў Яўстафія, або табе, Яўстафій, прыйдзецца вазіць сук да Рыгора. Дарэчы, галубок, ты ўчора казаў, што адна сука загуляла, давай яе сюды.
Сабакар пабег у суседнюю адрыну, вярнуўся, трымаючы на ланцужку гончую. Ростам яна была значна меншай за Рыка.
— Аддай ланцужок Рыгору, — закамандаваў Фёдар Канстанцінавіч.
Калі ўсё скончылася, Яўстафій падхапіў ланцужок і бегам павёў суку ў вальер.
Обер-фарстмайстар наўздагон крыкнуў:
— Глядзі ў мяне, каб іншыя сабакі не дабраліся. Сапсуюць пароду — адкажаш асабіста! — грозна памахаў кулаком услед.
Рыгор дастаў з кішэні скураную папружку і прывязаў Рыку да нашыйніка.
— Ваша высокаблагароддзе, жонка перадае паклон і дзякуе за пачастунак.
Обер-фарстмайстар кіўнуў галавой і сказаў:
— Ты, Рыгор, забіраеш сабаку, Яўстафій будзе прывозіць сябровак да Рыка. Беражы яго. Дасць Бог, што-небудзь у нас і атрымаецца.
Тут падбег старшы вартавы.
— Ваша высокаблагароддзе, скарбнік прасіў зайсці стражніка атрымаць грошы.
— А што, ён сам не мог прынесці? — сказаў праз зубы галоўны распарадчык. — Зусім абленаваліся на казённых харчах. Ну, я ім пакажу службу! Ужо паскачуць яны ў мяне, лымары! — зрабіўшы грозны выгляд, злосна патрос кулаком.
Жыццё ўвайшло ў звычайную каляіну. Калі толькі надвор’е дазваляла, стражнік разам са сваім неразлучным сябрам неслі службу.
Ходзячы па лесе, стражнік адстрэльваў, як бачыў, куніц. У той час футра куніц каштавала дорага, і нарыхтоўка шкурак уваходзіла ў яго абавязкі.
Ён прыстасаваўся страляць іх з пістоля. Гэта была незвычайная зброя. Перайшла яна Рыгору ад бацькі; пістоль вісеў у хаце на сцяне як упрыгажэнне. Калі Рыгор стаў стражнікам, ён апрабаваў яго. Да трыццаці крокаў шрот ляцеў кучна. Гэтага было цалкам дастаткова для стральбы па куніцах. Плюс эканомія зарадаў пораху — порах у той час быў дарагі.
Шкуркі куніц ішлі ў царскую казну. Стражнікам плацілі, але значна танней.
Рык налаўчыўся адшукваць сляды куніцы, учуйваў яе на дрэве, задзіраў галаву ўверх і нягучна скавытаў.
Кожны раз гэта весяліла Рыгора. Ён падыходзіў, гладзіў Рыка, глядзеў уважліва ўверх, даставаў свой пістоль і страляў. Пасля стрэлу куніца звычайна падала на зямлю. Рык заўсёды падбягаў і абнюхваў яе. Але часам пасля стрэлу парахавы дым рассейваўся, а нічога не падала, бо забіты звярок завісаў на густых галінах. Тады Рыгору даводзілася скідаць вопратку і, крэкчучы, лезці на дрэва. Пры гэтым ён заўсёды гаварыў:
— Эх, Рык, калі б ты яшчэ і па дрэвах мог лазіць, быў бы залатым памагатым.
Штодзённа яны выходзілі на паляну, дзе лясныя волаты перачэквалі зімовую сцюжу. Спачатку зубры насцярожана касіліся, але паступова прызвычаіліся і перасталі зважаць на сабаку.
З кожным днём нарыхтаванага сена менела і менела. Гэта трывожыла Рыгора, хоць да канца зімы было не так далёка. Аднойчы, абыходзячы свой участак, ён павярнуў і зайшоў на суседні абход да брата.
Пакуль не было зуброў, там завезлі сена і адрамантавалі паламаную зубрамі загарадзь.
Рыгор з братам абмяняліся навінамі. Чутка пра сабаку разнеслася па ўсёй пушчы і абрасла непраўдападобнымі гісторыямі. Як толькі Рыка не звалі. Некаторыя казалі, што ён напалову воўк, іншыя, што пярэварацень і ўначы ператвараецца ў ваўка. Але ніхто не сумняваўся, што Рык можа задушыць ваўка.
Цяпер кожны стражнік і падлоўчы захацелі мець падобнага сабаку. З’явілася надзея знішчыць пушчанскіх ваўкоў. Але ці можна гэта зрабіць?
Рыгор часта думаў аб гэтым. Развагі яго былі простыя — калі знішчыць усіх ваўкоў, то хто будзе падбіраць падліну.
Ваўкі мярцвячыну чуюць на адлегласці некалькіх вёрст. У гэтым Рыгор неаднойчы пераконваўся. Сустракаў часам загінулую жывёліну, а праз дзень або два труп знікаў. Вакол былі бачныя толькі сляды ваўкоў. Такая ачыстка хіба не карысна для лесу, для іншых звяроў? Але вось бяда. Ваўкі нападалі на цельных зубрыц або на іх цялят, а гэтага дапускаць ніяк нельга. Бо самка зубра целіцца толькі раз у тры гады, і згуба самкі або зубраняці — гэта заўважная страта. Як зрабіць так, каб ваўкі не чапалі зуброў — вось задача!