Выбрать главу

Аднойчы на паляне Рыгор не ўбачыў зуброў, стагі з сенам таксама зніклі. Ён абышоў паляну, разам з Рыкам адправіўся па слядах. Мінулі вярсты тры, выйшлі на мяжу свайго абходу.

— Ну ўсё, Рык, цяпер можна трохі адпачыць. Сышлі нашы гадаванцы да брата, там у яго сена многа, да вясны дацягнуць.

6. Зубраня

Час ішоў на вясну, дні рабіліся даўжэйшымі. Цяпер стражнік пакідаў Рыка дома. Бо днём снег паволі раставаў, а ўначы падмярзаў, ператвараўся ў востры лёд і раніў лапы. Калі сабака бег, на снезе заставаліся кропелькі крыві.

Абыходзячы свой участак адзін, стражнік заўсёды нудзіўся і спяшаўся дадому, а Рык таксама ў хаце нудзіўся па сваім гаспадары.

Вось і сёння раніцай, як заўсёды, выйшаў на вуліцу агледзецца. Уначы быў невялічкі мароз. Снег ляжаў толькі пад дрэвамі, а паўсюль чарнела зямля.

Рык некалькі дзён сядзеў у хаце, і яму хацелася ісці разам з гаспадаром. Стражнік паклікаў сабаку і праверыў яму лапы. Раны на падушках лап зажылі, крыві не было відаць.

— Добра, пойдзеш са мной, — разумеючы жаданне сабакі, весела сказаў стражнік.

Рыгор узяў стрэльбу, кайстру з пістолямі і выйшаў на вуліцу. Сабака радасна скакаў вакол.

— Што, здоўжыўся час у хаце?

Сёння ён рашыў прайсці мяжою свайго абхода. Падумалася, што можа сустрэць брата і даведацца, як там гадаванцы.

Паглыбіўшыся ў лес, стражнік спыніўся. Яму здалося, што ён чуў недзе стрэл. Прыслухаўся. Пастаяўшы трохі, рушылі далей.

Праз вярсты дзве Рык зласліва загыркаў. Стражнік падышоў бліжэй. На снезе былі выразна бачныя свежыя сляды ваўкоў і след зубра. Па памеры капыта гэта быў малады зубр або самка. У стражніка загрукала сэрца. Ён ведаў звычкі зуброў. Яны ў густым лесе не адбіваюцца, а ўцякаюць на адкрытае месца. Там лацвей уцякаць. Рыгор успомніў, што наперадзе ёсць невялікая паляна.

— Рык, наперад!

Прадзірацца скрозь лясны гушчар да паляны было нялёгка, даводзілася часта нагінацца. Рыка не было відаць, пэўна, пайшоў следам ваўкоў. Вось ужо і прасветліна. Рыгор спыніўся, угледзеўся на паляну. У яго на вачах чатыры ці пяць ваўкоў атакавалі самку зубра. Адзін з шэрых круціўся на месцы, відаць, пакалечаны. Самка, цяжка матляючы галавою, з апошніх сіл адбівалася. Ад яе валіў пар, яе раздзьмутыя бакі хадзілі ходырам. Нібы сп’янелая ад знямогі, яна, здавалася, вось-вось зваліцца. Прадчуваючы хуткую перамогу, ваўкі кружылі вакол, то падскоквалі, то адскоквалі.

Яна ж цельная, пранеслася ў галаве. Стражнік імкліва ўскінуў стрэль­бу і стрэліў. Адзін з драпежнікаў завішчаў і перакуліўся, астатнія ваўкі на імгненне замерлі. Не, яны зусім не збіраліся так проста аддаць сваю здабычу чалавеку.

Нібы па камандзе, усёй зграяй, кінуліся на яго. Адлегласць паміж трыма мацёрымі ваўкамі і чалавекам хутка скарачалася.

Рыгор правай рукой дастаў пістоль з кайстры, левай, выставіў рулю стрэльбы наперад.

— Рык, на дапамогу! — раўнуў на ўсю моц сваіх лёгкіх.

Стражнік стрэліў у найбліжэйшага ваўка, адкінуўшы пістоль, аберуч схапіў рулю стрэльбы і прыгатаваўся да нападу. З разгону воўк скокнуў на стражніка. Перад сабой ён бачыў зласлівы ашчэр ваўчынай пашчы. У гэты момант убачыў цень Рыка. Воўк разам з сабакам пакаціліся па зямлі.

Другога ваўка Рыгор стукнуў прыкладам, той таксама кулём адляцеў убок. Трэці спыніўся перад ім, мабыць, ацэньваючы сітуацыю. Рыгор выхапіў з кайстры пістоль і ва ўпор стрэліў прама ў пашчу. Воўк закруціўся на месцы і, выючы ад болю, адскочыў назад. Стражнік адкінуў пістоль і выхапіў нож. У гэты момант на яго скокнуў воўк ззаду. Падаючы, Рыгор паспеў павярнуцца і ўсадзіць нож па дзяржальна ў драпежніка. Кроў пырснула проста ў твар. Воўк адразу абвяў. Рыгор ускочыў на ногі. Рык працягваў валтузіцца з ваўком у трох кроках ад яго. Стражнік, не вагаючыся, падбег і ўсадзіў нож у шэры бок. Падняўся і ўбачыў таго ваўка, якога пакалечыла зубрыца.

— Не ўцячэш, гад!

З нажом у руцэ пабег за ваўком.

Калі да яго заставалася крокаў дзесяць, прагучаў стрэл. Шэры драпежнік замарудзіў бег і тыцнуўся мордай у снег.

Рыгор, не звяртаючы ўвагі на гэта, наваліўся на ваўка зверху і ўсадзіў між лапаткамі нож. Аж хруснула! Стражнік выцягнуў нож і зноў увагнаў яго па дзяржальна. Воўк даўно не рухаўся, але стражнік працягваў усаджваць нож у цела шэрага драпежніка.

— Рыгорка, годзе, ён ужо мёртвы, — пачуўся выразны голас брата Ціхана.

— Ціхан, а як ты тут апынуўся? — здзіўлена спытаў Рыгор.