Выбрать главу

— Сёння раніцай прыйшоў да зуброў, гляджу, а гэтыя... тураць статак. Адбілі ад статка самку і пагналі яе ў лес. Я паспеў толькі раз стрэліць, потым пабег следам. Меркаваў, можа самка спыніцца, пачне кружыць, адбівацца, і я паспею. А яна паперлася на твой абход. Так я тут і апынуўся. Колькі ты іх палажыў?

— Мо трох, мо чатырох.

— А дзе ж чацвёрты? — уторпіўся здіўлена Ціхан.

— Там ляжыць, — Рыгор паказаў у напрамку зубрыцы.

Яны падышлі бліжэй. Самка зубра цяжка дыхала, павярнуўшы галаву на людзей. У некалькіх кроках ад яе ляжаў мёртвы воўк. Ціхан узяў ваўка за лапы і пацягнуў да краю лесу. Перацягалі ўсіх, паклаўшы радочкам.

— Эх! Быў бы я мастаком, пасадзіў бы цябе і Рыка побач, і такі выдатны малюнак зрабіў бы для гісторыі, — уздыхнуў Ціхан.

Рык абнюхваў ваўкоў і, зласліва пагыркваючы, бегаў вакол.

— Ціхан, паглядзі. Цяліцца нашай падапечнай заманулася ці што? — Рыгор уважліва глядзеў на зубрыцу.

Цяжка дыхаючы, самка зубра калыхалася з боку ў бок. У яе пачало з’яўляцца мокрае цяля. З апошніх сіл зубрыца імкнулася тужыцца, а якраз гэтых сіл у яе і не было.

Ціхан з Рыгором, укленчыўшы, пачалі цягнуць зубраня як цяля ў звычайнай каровы.

Неўзабаве маленькі руды цялюк ляжаў побач з самкай. Браты былі ў захапленні; яны сябе адчувалі ў гэты момант самымі шчаслівымі людзьмі на зямлі. Яны ўвачавідкі бачылі таемства прыходу на свет зубраняці. Мала таго. Яны не толькі бачылі, яны выратавалі гэты маленькі руды цуд.

Мокрым снегам выцерлі рукі ад крыві.

Ціхан усміхнуўся і сказаў:

— Ну, што, брат! Цяпер у нас есць хрэснік. Рыгорка, а што мы будзем далей рабіць? Яна ачухаецца не хутка. Ваўкі яе змучылі да знямогі. Баюся, каб не здохла. Што тады будзем рабіць?

— Давядзецца мне тут заначаваць, — журботна адказаў Рыгор.

— Разам пачакаем! Рыгорка, паглядзі на дзіва дзіўнае!

Рык вылізваў зубраня. Вылізваў так дбайна, як сучка свайго шчанюка. Самка зубра з асцярогай касіла вокам, але падняцца і адагнаць сабаку яна не магла.

Браты Селіваны, затаіўшы дыханне, глядзелі, што будзе далей.

Зубраня паспрабавала ўстаць. Спачатку паднялося на заднія ногі, затым на пярэднія. Атрымалася гэта ў яго не адразу. Нарэшце яно ўстала. Пастаяла трохі і, хістаючыся, паспрабавала ісці. Спачатку няўпэўнена, але з кожным крокам усё лепш і лепш. Ішло яно да Рыка. Той пачаў адыходзіць да знямелых ад здзіўлення людзей. Зубраня працягвала адважна, злёгку хістаючыся, ісці да Рыка. Браты не варушыліся, глядзелі, што будзе далей. Зубраня падышло і торкнула мыскай сабаку.

Рыгор і Ціхан зарагаталі.

— Ціхан, глядзі, Рык у яго за хроснага бацьку.

— Ды ён усё пераблытаў, лічыць, што Рык і ёсць яго мама, — смеючыся, сказаў Ціхан.

Браты падвялі цялюка да сапраўднай мамы.

Зубраня пачало яе абнюхваць. Матуля з глыбокім стогнам чмыхнула. Браты адышлі, каб не трывожыць самку. Цялюк хутка знайшоў, адкуль зыходзіць пах малака, і пачаў патрабавальна тыцкаць туды мыскай.

Самка спрабавала падняцца, але не змагла. Потым яна павярнулася на правы бок. Зубраня, прыпаўшы на коленцы, пачало смактаць малако. Маленькі бычок рабіў гэта ўвішна, час ад часу торгаючы рудай галавою. Калі ўдосталь насыціўся, адступіў. Самка заняла ранейшае становішча. Цяля падышло да яе пысы, некалькі разоў лізнула маму. Зубраня пастаяла хістаючыся, і легла каля цёплага матчынага боку.

Браты заняліся справай. Ціхан падвешваў на тоўстую галіну хвоі ваўкоў і здымаў шкуры. Рыгор нанасіў дроў, затым насёк нажом яловых лапак. Калі скончылі працу, распалілі вогнішча і селі побач.

Дзень згасаў. На небакраі, у тым месцы, дзе зайшло сонца, неба яшчэ ірдзела, але пушча паволі апускалася ў сон.

Гледзячы на агонь, браты гутарылі. Адрэзалі сала, надзелі на шомпалы і смажылі. Сала затрашчала і капала ў агонь вогненнымі кропелькамі.

Павячэраўшы, браты разлягліся нагамі да агню. Іх шчокі ад жару трохі паружавелі, скуру сцягвала ад гарачыні. Водсветы рабілі іх твары меднымі. Падобна добрым лясным духам, не стуліўшы вока, усю ноч браты дзяжурылі каля зуброў.

Раннім досвіткам зубраня ізноў пачало кружыць вакол сваёй мамы і прасіць малака. Самка з цяжкасцю паднялася і пакарміла стоячы. Браты ўзрадавана глядзелі на кармленне малечы.

— Рыгорка, зубрыха не карова, і ёй вяроўку на рогі не накінеш. Як мы яе адвядзём на мой абход? Што рабіць?

— Не ведаю, — паціснуў плячамі Рыгор.

Браты стаялі, услых разважаючы, што рабіць далей.

Папіўшы ўдосталь малака, зубраня жвава скакала вакол сваёй мамы. Зубрыха стаяла на месцы і глядзела на людзей. Зубраня нечакана пайшло да людзей, і яна таксама паволі рушыла следам.