— Не палохайся, я цябе не пакрыўджу, бо ты мяне ўратаваў, — ціха сказаў стражнік і прысеў на бліжэйшы выварацень. Зняў з пляча скураны ягдташ, разгарнуў ільняную анучу і падкінуў на снег лусту хлеба.
— Ты, пэўна, галодны? Ідзі, паеш.
Сабака не варушыўся, стаяў на месцы, шырока расставіўшы пярэднія лапы.
— Ты мяне баішся? Ну, падыдзі, не бойся, — рукой паказаў на хлеб.
Памарудзіўшы хвіліну, сабака падышоў, панюхаў і з прагнасцю праглынуў скібку.
Стражнік разглядаў свайго выратавальніка. Сабака быў белы з невялікімі шэрымі круглымі плямкамі. На правым баку, бліжэй да пярэдняй лапы, былі дзве рудыя плямы, галава руда-шэрая, хвост таксама белы ўперамежку з рудымі і шэрымі крапінамі. На моцнай шыі прыгожы скураны нашыйнік з металічным колцам.
— Цудоўны ты. Такіх сабак я ніколі не бачыў. Хто твой гаспадар?
Уважліва агледзеў адбіткі лап на снезе — гэта былі тыя самыя сляды, якія сустрэў ля гасцінца.
— Можа, хто ехаў дарогай, і ты адстаў? — услых разважаў стражнік.
Сабака аблізваўся і насцярожана глядзеў раскосымі вачамі на чалавека.
— Гэ! Дык ты, мусіць, добра згаладаў? — зноў палез у торбу, дастаў яшчэ лусту хлеба, але кідаць не стаў, а працягнуў у руцэ.
— Ну, падыдзі, вазьмі. Ты вельмі галодны, я бачу. На, бяры!
Сабака падышоў да чалавека, асцярожна ўзяў хлеб зубамі і адышоў. Паклаўшы яго на снег, пачаў есці, нахіляючы галаву і зіркаючы на чалавека.
Сабака па выглядзе малады, можа, нават да года, падумаў стражнік. Падняўся і нахіліўся па стрэльбу. Агледзеўшы, ачысціў яе ад наліплага снегу і падышоў да дрэва, на якое скокнула рысь. Паглядзеў уважліва ўверх, нібыта рысь магла там сядзець.
— Нічога, я цябе злаўлю, я табе кінуся на чалавека. Табе што, ежы не хапае ў лесе? — пагрозліва сказаў стражнік.
Нават калі ўбачу рысь, стрэльба можа не стрэліць, крэмень адмакрэў, падумаў ён і паглядзеў на сабаку. Той з цікаўнасцю назіраў за чалавекам.
— Ну што, сабачка, калі ўжо на тое пайшло, хадзем разам, а то ты, братка, адзін у лесе згінеш. Пажывеш у мяне некаторы час, можа, твой гаспадар знойдзецца і адгодзіць. Нудзішся, нябось, па гаспадару? Клічуць цябе як?
Тут ён злавіў сябе на думцы, што размаўляе з сабакам, як з чалавекам. Усміхнуўся, ускінуў стрэльбу на плячо і, прайшоўшы некалькі крокаў, азірнуўся. Сабака стаяў на ранейшым месцы і глядзеў на яго.
— На, цю на! — папляскаў рукой па назе.
Сабака падышоў да яго.
— Ай, малайчына!
Стражнік крочыў, азіраючыся. Сабака пакорліва ішоў следам. Прайшоўшы з вярсту, стражнік спыніўся, спыніўся і сабака. Асцярожна падышоў і пагладзіў па карку — той не ўцякаў.
— Патрывай трохі, засталося ісці з вярсту, і мы дома, — як мага ласкавей сказаў.
Пад ботамі прыемна рыпеў снег. Сунуў руку за каўнер, асцярожна дакрануўся да раны; кроў запяклася і не цякла. Ну, дзякуй Богу, абышлося, а магло быць і горш, разважаў стражнік.
Чамусьці ўспомнілася жонка. Год мінуў, як яны пабраліся. Цяпер яна цяжарная — чакае першынца. Добра, каб Малання нарадзіла сына. Калі падрасце, быў бы памагаты ў ахове лесу, але і дзяўчынка таксама нядрэнна — будзе памагатай жонцы. Ногі самі неслі дадому.
У прасвеце паміж верхавінамі дрэў віднелася сцямнелае неба. Нездарма каркаў крумкач — хутка пойдзе снег. А, можа, той крумкач хацеў папярэдзіць мяне перад нападам рысі? Бог яго ведае, чаго ён хацеў?
З дзяцінства жывучы ў лесе, стражнік абвык усё аналізаваць. Каб выжыць у пушчы, трэба вельмі шмат чаго ведаць, а галоўнае — заўсёды быць напагатове.
Вось і сёння. Як зваліўся тварам уніз, доўга не мог выцягнуць нож, які вісеў узбоч. А чаму? Перашкаджаў рэмень стрэльбы. Саслізгнуў з пляча і замінаў выпрастаць руку, каб дастаць нож. Трэба насіць стрэльбу на левым плячы, тады правая рука заўсёды будзе вольнай. Але стрэльба вельмі цяжкая, і цэлы дзень на адным плячы не наносіш, даводзіцца часта яго змяняць. Можа, у тым месцы, дзе рэмень цісне на плячо, зрабіць яго шырэйшым — не будзе так муляць.
Пайшоў снег. Вялікія сняжынкі, кружачыся, паволі клаліся на зямлю і галінкі. Дрэвы стаялі нерухома. У лесе — казачная цішыня. А вось і віднеецца саламяны дах роднай хаты.
Стражнік азірнуўся, сабака сунуўся следам. Стала радасна на душы, хутка ўбачыць каханую. Ля паркана самотнай хаты гучна сказаў:
— Вось тут я і жыву, давай, заходзь, будзеш госцем.
Чытачу цікава будзе ўведаць, як выглядала жыллё стражніка Белавежскай пушчы ў першай палове ХІХ стагоддзя. Паспрабую спыніцца на гэтым больш падрабязна.
Уся ахоўная тэрыторыя Белавежскай пушчы была падзеленая на пяць леснікоўстваў. Кожнае мела два аб’езды, а ў кожным аб’ездзе — сем абходаў. І ўся гэтая тэрыторыя ахоўваецца падлоўчымі, ляснічымі, стражнікамі...