Становішча рабілася небяспечным. Зубрыха магла ў любы момант рынуцца на іх. Рыгор і Ціхан, схапіўшы свае стрэльбы, кайстры і шкуры ваўкоў, пачалі адыходзіць у лес. Рык падаўся следам за гаспадаром.
Ціхан сказаў:
— Рыгорка, давай рухацца ў напрамку статка. Можа, яна так і пайдзе за намі.
Браты накіраваліся да абходу Ціхана. Зубрыха спакойна ішла следам, зубраня бегла побач. Так яны і ішлі. Ціхан, Рыгор і Рык, а на адлегласці крокаў сорак — пяцьдзесят — зубры. Браты абыходзілі ветраломы і занадта густы лес. На сваім абходзе Рыгор выбіраў шлях, а Ціхан паказваў, куды ісці на сваім участку.
Вось ужо наперадзе і паляна, дзе стаялі стагі з сенам. Галоўнае цяпер, каб статак зуброў быў на месцы. Калі выйшлі з лесу на паляну — з палёгкай уздыхнулі; зубры спакойна жавалі сена. Стражнікі адышлі ўбок, вызваляючы дарогу зубрыцы. Яна, з зубранём, выйшла на паляну і спынілася, павярнуўшы галаву да людзей. Некаторы час так і стаялі. Зубраня падбрыкнула і пабегла да Рыка. Яны сустрэліся, выцягнуўшы галовы, — абнюхаліся.
Статак зуброў перастаў жаваць, скіраваўшы барадатыя галовы на нечаканых гасцей. Вялікі бык хутка пайшоў у іх напрамку.
— Рык, да мяне, — ціха вымавіў Рыгор.
У гэты момант Рык лізнуў мыску зубраняці. Самка незадаволена чмыхнула. Зубраня паслухмяна вярнулася да мамы, а Рык да людзей.
— Рыгорка, трэба ўцякаць.
Глыбока ў лесе, ужо далёка ад зуброў, Рыгор сказаў:
— Ціхан, у мяне да цябе ёсць просьба. Нікому не кажы, што здарылася з намі. Абяцай мне.
— Чаму гэта? — здзівіўся Ціхан.
— Разумееш, брат. Людзі, пачуўшы гэтую гісторыю, ад сябе яшчэ нешта дададуць, і атрымаецца такая лухта.
Ціхан хітра ўсміхнуўся:
— Ты, Рыгорка, не хочаш быць знакамітым? Не цяпер, але праз шмат гадоў дзецям і ўнукам абавязкова распавяду. І прыдумляць не буду. Толькі ты мне аддай шкуру ваўчыцы. Каб некалі мне паверылі.
7. Таксацыя пушчы
Прыйшла доўгачаканая, самая цудоўная пара года — вясна.
На палянках дзе-нідзе прабівалася зялёная трава. Пахла хвояй. У лесе стукалі дзятлы, а высока ў небе крычалі дзікія гусі, якія ляцелі з поўдня.
Цяпер зубры ў пошуках свежай зеляніны блукалі па ўсім лесе. Асаблівым ласункам для іх былі лісце і парасткі асіны. Зубр падыходзіў да асіны і, упёршыся магутным ілбом, нахіляў яе, часам ламаў. Некалькі зуброў станавілася вакол і з задавальненнем абрывалі маладыя галінкі. З кожным днём лісця і пашы станавілася ўсё больш і больш. Статак пераходзіў з аднаго месца на іншае. Вартаваць іх сэнсу не было, зубры разбрыдаліся па вялікай тэрыторыі.
Старыя самцы-адзіночкі залазілі ў самую нетру, знаходзілі там вільготныя месцы і з задавальненнем адпачывалі.
Такія качавілы любяць статкі дзікоў. Але, убачыўшы рагатага волата, яны заўсёды саступалі яму месца. Вельмі часта для старых зуброў гэтае месца станавілася апошнім прытулкам.
Потым парэшткі прыцягвалі ваўкоў, мядзведзяў, лісаў, не грэбавалі падлай і дзікі. Адрываючы ад тулава вялікія кавалкі, развалаквалі іх у розныя бакі ў надзеі спакойна наесціся. Паміж жывёламі адбываліся сутычкі і бойкі. Моцныя адбіралі спажыву ў слабых. Праз некаторы час ад зубра заставаліся толькі хрыбетнік і чэрап з рагамі.
Аднойчы стражнік разам са сваім сябрам абыходзіў сваю тэрыторыю і наткнуўся на зуброў. Яны стаялі ў рэдкалессі. Рыгор вырашыў паназіраць за зубрамі. Яго ўвагу прыцягнуў маленькі лабасты цялюк, які круціўся каля маці. Рыгор усміхнуўся, мусіць — хрэснік.
Рык асцярожна пачаў набліжацца да зубраняці. Крыху падрослы маленькі цуд убачыў Рыка і адважна накіраваўся да яго. Наблізіўшыся да Рыка, зубраня спынілася. Выцягнула цікаўную мыску да сабакі, пачало яго абнюхваць. Рык спакойна сеў. Зубрыха, не перастаючы жаваць, назірала за сваім гадаванцам і сабакам.
Стражніка гэта здзівіла. Бо самкі зубра з дзецьмі заўсёды паводзяць сябе вельмі агрэсіўна да чужынцаў, а тут поўная абыякавасць. Хутчэй за ўсё яна запомніла пах, разважаў Рыгор. Бо ад яе малога ў першы дзень пахла Рыкам. Ён тады аблізаў зубраня і цяпер, пачуўшы знаёмы пах, яна засталася спакойнай. Сам Рыгор не асмельваўся падысці бліжэй.
Праз некаторы час зубрыха накіравалася да сабакі. Рык не стаў выпрабоўваць лёс. Ён адышоў да Рыгора, і яны пайшлі прэч. Зубрыха спынілася і глядзела ім у след, побач з ёй скакала рудая малеча.
З добрым настроем стражнік вярнуўся з Рыкам дадому. Там іх чакаў сабакар обер-фарстмайстра Яўстафій. Ён прывёз аж некалькі гончых. Але ўжо рабілася цёмна. Рыгор зачыніў сабак у лазні.
— Яўстафій, хадзем у хату. Павячэраем, пасядзім, пагамонім.