Выбрать главу

Падчас вячэры сабакар расказаў, што пасля ад’езду Рыгора з Рыкам оберфарстмайстар дні два хадзіў раздражнёным, даваў усім разгон, потым супакоіўся. У іх высокаблагароддзя жонка запешчаная і вельмі капрызная дама. А сваркі там здараюцца часта, нават чуваць на вуліцы.

Яшчэ обер-фарстмайстар чакае з Пецярбурга важных гасцей. Праз два тыдні з Імператарскага рускага геаграфічнага таварыства павінны прыехаць нейкія навукоўцы. У гэтым годзе ў пушчы будзе зроблена таксацыя — Белавежскую пушчу падзеляць на кварталы.

Раніцай Рыгорка асядлаў Каштана і паскакаў у селішча да бацькі. Якраз бацька з маці былі ў хаце.

— Праз два тыдні, пасля Вялікадня, збіраюцца зрабіць таксацыю пуш­чы, — паведаміў Рыгор бацьку.

— А гэта што яшчэ за таксацыя? — здзівіўся бацька.

— Будуць усю пушчу разбіваць прамымі лініямі на квадраты. Мы будзем дапамагаць рабіць шырокія прасекі, валіць лес. На скрыжаваннях квадратаў усталююць паласатыя слупы з нумарамі кварталаў. А павалены лес будзе забіраць Сімунд, — тлумачыў Рыгор.

— Вось гад, гэты Сімунд. Чую, гэта яго ідэя, я табе праўду кажу. Мяркую, гэта ён такую прапанову ўвёў у вушы обер-фарстмайстру, а той з’ездзіў на Каляды ў Пецярбург і там выдаў за сваю. Якой халеры гэтаму Сімунду яшче не хапае. І так, глядзі, які раскошны палац збудаваў, прадаючы нашы дубы і карабельныя хвоі. Калі ўжо ён задушыцца сваім багаццем? Сякуць лясы, здзіраюць скуру з зямлі. Эх, людзі, людзі. — гаварыў як стагнаў адстаўны стражнік. — Ох, і хітры ж гэты Сімунд. Вось глядзі, Рыгорка. Як толькі ў пушчы з’явіцца хтосьці чужы, абавязкова напаскудзіць. Я яшчэ старога Сімунда не любіў, а яго сына і пагатоў! Вочкі хітрыя, прагныя, так і бегаюць. Негацыянт: добрую справу для вас зраблю, вартавыя і паляўнічыя хаты збудую. Ахоўвайце, беражыце пушчу, а сам яе цішкам-нішкам рабуе. Наш обер-фарстмайстар таксама жук яшчэ той. Ад спадніцы сваёй жонкі ні на крок не адыходзіць, ды з Сімундам каньякі п’е. Ён што, сляпы, зусім не бачыць, што той яго дурыць? — аж кіпеў стары.

— А можа, Сімунд з ім дзеліцца прыбыткам? — перабіў бацьку стражнік.

— Хе-хе! Вось тут, сыне, ты маеш рацыю. Праз пяць гадоў ён сыдзе ў адстаўку, напакаваўшы торбу грошай, і выедзе са сваёй сварлівай жонкай у Пецярбург. Што яму гэтая пушча? Надзене свой мундзір і важна як цецярук па таку ходзіць. Царава вока! Царава вока! Зладзюга ён — а не распарадчык. Каб свой! Тады б парадак быў. Свой так красці не будзе.

Рыгор сядзеў моўчкі, нізка нахіліўшы галаву.

Пасля доўгага маўчання стары раптам ажывіўся:

— Можа, нашага галоўнага распарадчыка правучыць, як цыганы свайго караля?

— Як гэта, правучыць? — здзіўлена падняў галаву Рыгор.

— Проста выхвастаць — пугай адсцябаць, — таргануўся бацька.

— Напрамілы бог, тата, ты што вярзеш? Як гэта выхвастаць? — Рыгор збянтэжана лыпаў вачыма.

— Цю-у! А ты што, не чуў гэтую гісторыю пра цыганоў? Ну, дык слухай, — бацька хітравата бліснуў вачыма і пачаў распавядаць.

— Гэта было ой як даўно. Неяк у аднаго лідскага шляхціца цыганы выкралі коней. Якаў Знамяроўскі з двума сваімі знаёмымі цыганамі напаў на табар і адлупцаваў усіх былых у ім цыганоў і вярнуў коней. Цыганы былі настолькі здзіўленыя адвагай і мужнасцю гэтага шляхціца, што абралі яго сваім каралём. Польскі кароль Станіслаў-Аўгуст адпаведным рэскрыптам зацвердзіў гэта. Сталіцаю цыганоў стала мястэчка Эйшышкі ў Лідскім павеце, дзе знаходзіўся родавы маёнтак Знамяроўскага. Праз дзевяць гадоў Знамяроўскага абвінавацілі ў розных злоўжываннях, несправядлівых прысудах і залішніх паборах. Знамяроўскага арыштавалі і аддалі суду цыганскіх старшынаў.

— Ты паглядзі! — здзіўлена прамовіў Рыгор.

— Тыя параіліся і прынялі рашэнне — трэба адлупцаваць. Але старшыны падбалі, каб ад гэтага пакарання годнасць іх уладара не пацярпела. Звязанага па руках і нагах і распранутага Знамяроўскага паклалі ў доўгі мяшок. Мяшок зверху завязалі і прымацавалі да столі, падставіўшы пад ногі зэдаль. Двое выканаўцаў прысуду са сваімі чупнамі (пугамі) сталі ззаду па баках. Трэці выканаўца медным тазам прыкрыў ногі, з засцярогі, каб удар быў зроблены ў вызначанае месца.

— Ну і ну! — усміхнуўся Рыгор. — Шляхцюка адперылі!

— Адлупцавалі, — даказваў бацька, — надавалі падарункаў і праводзілі да месца жыхарства.

— І што, памагло? Знамяроўскі цалкам выправіўся і выдатна кіраваў цыганамі да самай смерці. Вось бы так, па-цыганску, і нашага обер-фарстмайстра правучыць, — рашуча пляснуў рукамі па каленях стары Ян і дапытліва паглядзеў на сына.

— Тата, дзе ты гэтую гісторыю чуў? — усміхнуўся Рыгор.