У яўрэя ўскінуліся бровы, ён зіркнуў па баках.
— Значыць так. Учора вечарам тут гулялі. Аднаго я ведаю, гэта новы аканом памешчыка Шаурава. Другога бачу ўпершыню. Дык вось, яны моцна выпілі і шапталіся. Але я. словам, я падслухаў гутарку. Я адразу ўцяміў, пра што ідзе гаворка — пра паляванне на зубра. Казалі, што ўсе будуць святкаваць трэці дзень Вялікадня, і нікога ў лесе не будзе. Нібы абяцаў Станіслаў вялікае задавальненне. Станіслаў, гэта ўнук Шаурава... Табе, Рыгорка, рашаць, што рабіць, але пра мяне нікому ні слова, — яўрэй насцярожана глядзеў на стражніка.
Стражнік адшпіліў ад паса скураны кашалёк, пакорпаўся, працягнуў паперку яўрэю.
— Дзякуй, дзядзька Арон, за дапамогу.
— Рыгор, ты зноў мяне крыўдзіш. Я не буду браць грошы. Не будзе зуброў, не будзе аховы. Не будзе аховы, не будзе пушчы. Людзі сыдуць, Арон будзе бедным, — круціў галавою Гарфінкель.
Рыгор накіраваўся да выхаду, Арон торгнуў за рукаў стражніка.
— І яшчэ. Перад смерцю бацька гаварыў, што ў 1811 годзе пушчу падпаліў стары памешчык Шаураў. Ён хацеў купіць зямлю пасля пажару, але пажар атрымаўся занадта вялікі, і ён спалохаўся. Праз год напісаў такое прашэнне, але яму адмовілі ў куплі зямлі.
Рыгор яшчэ раз падзякаваў Арону і, падганяючы каня, хутка паехаў да брата.
Калі зайшоў у хату, Ціхан з сям’ёй сядзелі за святочным стал ом. Браты абняліся. Рыгор запрасіў гаспадара выйсці на вуліцу.
— Ціхан, дзе цяпер статак? — цяжка дыхаючы ад верхавой язды, спытаў Рыгор.
— Учора я іх бачыў у маладым лесе на пажарышчы, — здзіўлены пытаннем адказаў Ціхан.
— Гэта побач з маёнткам Шаурава? — удакладніў Рыгор.
— Так. Дзесьці вярсты дзве будзе ад іх маёнтка. А што зрабілася?
Рыгор расказаў тое, што пачуў ад Арона.
— Эге! Аказваецца, вось у чым справа! — насцярожыўся Ціхан. — Я так разважаю, каб ніхто не ведаў, паляваць будуць адныя, без загоншчыкаў. Трэба зрабіць засаду.
— Таксама так мяркую. Але вось бяда, як даказаць, што яны палявалі на зуброў? Добра, каб з намі былі стралкі і жандары, тады не адкупяцца, — разважаў Рыгор.
— Падобна, гэта ў іх не першае паляванне, — скрушна хістаў галавою Ціхан. — Памятаеш, тады прападалі зубры.
— Трэба обер-фарстмайстру казаць, няхай ён прымае рашэнне. Давай, Ціхан, разам і з’ездзім, — гарачыўся Рыгор.
— Э, не! Рыгорка, у галоўную сядзібу едзь сам, а я паеду да зуброў. Давай дамовімся так: заўтра апоўдні сустрэнемся там, дзе растуць тры дубы, якія ацалелі пасля пажару, ведаеш? — Рыгор кіўнуў. — А стралкі з жандарамі павінны добра схавацца і чакаць нашага сігналу, — тлумачыў Ціхан.
Рыгор ускочыў на жарабца і паскакаў у Белавеж. Пад’ехаў да варот сядзібы, калі ўжо зусім прыцямнела.
З’явіўся старшы каравульны. Рыгор папрасіў яго дакласці галоўнаму распарадчыку, каб прыняў па неадкладнай справе.
У кабінеце галоўны распарадчык паказаў на крэсла.
— Ну, слухаю! — галоўны распарадчык Белавежскай пушчы дапытліва глядзеў на падначаленага.
Стражнік расказаў усё, толькі не назваў імя Арона.
Обер-фарстмайстар падняўся і нервова захадзіў па пакоі. Пасля нядоўгага маўчання спытаў:
— А адкуль табе гэта вядома?
— Не магу сказаць, ваша высокаблагароддзе, слова даў. Той чалавек прыстойны і надзейны.
— Т-так! Якія будуць твае прапановы? — вочы Фёдара Канстанцінавіча глядзелі на яго пільна.
— Ціхан каля зуброў, заўтра ён чакае мяне.
І Рыгор распавёў усё, пра што дамаўляўся з братам.
— Гэта пахвальна, што нават уначы, у першы дзень Вялікадня, вы з братам знаходзіцеся на службе, — прабасіў обер-фарстмайстар. — Добра, я выклічу жандараў.
Ён узяў званочак і зазваніў. Дзверы адчыніліся, увайшоў знаёмы камердынер.
— Г алубчык, прынясі чалавеку закусіць з дарогі.
Досвіткам Рыгор знайшоў тры старыя дубы, там жа ўбачыў прывязанага каня Ціхана. Неўзабаве з’явіўся і брат.
— Толькі што конна пад’язджалі два чалавекі. Адзін з іх новы аканом памешчыка Шаурава, другога я бачу ўпершыню. Паглядзелі, дзе пасуцца зубры. Я нават сёе-тое падслухаў. Яны заўтра досвіткам будуць тут, — спяшаўся падзяліцца навінамі Ціхан.
— Гэх-х. Значыць, сапраўды намерваюцца паляваць на зуброў, — кіўнуўшы галавой, сумна сказаў Рыгор.
— Я прыдумаў, як зрабіць засаду, — перабіў яго Ціхан. — У нашым статку ёсць два старыя зубры. Адзін з іх моцна кульгае. Ходзяць яны ўслед за статкам. Хутчэй за ўсё сёлета іх з’ядуць ваўкі, або самі спруцянеюць. Заўтра на досвітку гэтых зуброў трэба як мага бліжэй падагнаць да дарогі. Галоўнае, каб обер-фарстмайстар з жандарамі не спазніліся.