— Я ўчора ўсё абгаварыў, — сказаў Рыгор. — Дамовіліся, што досвіткам яны будуць чакаць нашага сігналу. Схаваюцца тут, на выпалянцы каля трох дубоў. — Брат, яшчэ адно. Ты, чуў аб пажары ў 1811 годзе?
— А то не...
— Дык вось, ёсць сведчанні, што гэта справа рук старога Шаурава...
— Трыццаць пяць гадоў мінула... Давесці гэта будзе вельмі цяжка. Адкуль гэты чалавек ведае, хто падпаліў пушчу? — наморшчыў лоб Ціхан.
— Гаварыў, што бацька перад смерцю сказаў яму пра гэта. А чалавек перад тварам смерці вымудроўваць не будзе...
— Так, Рыгорка, навіну ты распавёў, далей няма куды. Гары яно гарам, чорт з ёй, з працай, трэба неяк правучыць паганцаў. Гэта адзіны шанец паквітацца за згубу людзей і зуброў, — Ціхан крэкнуў і рашуча махнуў рукою. — Нам, Рыгорка, прыйдзецца начаваць у лесе. Я тут з сабой узяў харчоў.
Ціхан падышоў да дуба і з дупла дастаў скураную кайстру. У ёй былі фарбаваныя яйкі, цёрты хрэн, каўбаса, запечанае мяса, вэнджанае сала, ласіны язык, салёныя грузды.
— Давай, брат, перакусім, усё-ткі сёння вялікае свята... Людзі сядзяць у хатах з сям’ёй, а мы з табой як валацужнікі якія...
Браты зручна селі пад старымі дубамі. Вакол буяла зялёнымі фарбамі вясна. Між аблокаў звінелі песні жаўрукоў. Коні з задавальненнем скублі маладую сакавітую траву. Рык сядзеў побач.
Атрасаючы з ежы мурашак, не спяшаючыся, абедалі. Час ад часу сёе-тое перападала і Рыку. На свежым паветры ціха цякла гамана.
— Ціхан, глядзі, а лес расце. Відаць, зямля тут урадлівая. Гэта ж якім чалавекам трэба быць, каб падпаліць такое хараство.
— Цю-у! — махнуў рукою Ціхан. — Стары Шаураў, пэўна, спаў, як сумленне раздавалі, — глухім голасам сказаў Ціхан, пры гэтым яго шчокі злосна дрыжалі.
За гутаркай не заўважылі, як звечарэла.
На досвітку браты абняліся і разышліся.
Ад зямлі курыла пара, на шэрым фоне вымалёўваліся блізкія маладыя хвоі. У іх нерухомасці, сярод гэтай глыбокай цішыні, сярод гэтай халоднай смугі, адчувалася нешта суровае. Прадчуванне трывогі агарнула Рыгора. Яго твар быў напружаны, толькі хадзіў пад скурай адамаў яблык. Па ўсім целе пачала біць дробная дрыготка; дрыжалі ногі, і ў грудзях моцна грукала сэрца. У галаве ліхаманкава мільгала адна і тая ж думка. А раптам размысляцца і не паедуць на паляванне? А я дарма патурбаваў гэтулькі людзей. Сціскаючы цёплы ад рук прыклад дубальтоўкі, Рыгор пакусваў губы. Спачатку верхнюю — ніжнімі зубамі, потым ніжнюю — верхнімі.
Ціхан жа сышоў з дарогі і ў цемры адшукаў старых зуброў. З гучным сапеннем два лясныя волаты ціхамірна адпачывалі на лясным падсціле. Ціхан асцярожна абышоў і пачаў іх турыць. Незадаволена рохкаючы, яны цяжка падняліся са сваіх зручных лежняў. Лазінай накіраваў іх да дарогі. Зубры пакорліва папляліся.
Ціхану стала журботна, бо яшчэ тры-пяць гадоў таму гэтыя лясныя волаты маглі каго заўгодна падняць на рогі, а зараз безуважна цягнуліся, як якія старыя валы.
Крокаў дзесяць ад лясной дарогі Ціхан спыніўся, сталі і зубры. Яны пачалі аб’ядаць маладое лісце асіны. Разумеючы, што ён турыць старых волатаў на згубу, зняў шапку. Яго апанавала роспач, і ён пачаў ціха размаўляць з зубрамі.
— Родныя вы мае, напрамілы бог прабачце мяне. Саслужыце апошнюю службу. Я вас асцерагаў як мог. Дажылі вы да глыбокай старасці, сваёй жа смерцю ўратуеце дзесяткі сабе падобных...
Гэта быў першы ў яго жыцці выпадак, калі ён станавіўся памагатым у забойстве тых, каго абавязаны быў ахоўваць.
Зубры, нічога не падазраючы, працягвалі абгрызаць маладую асіну. У гэтую вясновую пару яны мелі непрывабную знешнасць. Якраз пасля зімы была лінька, і на іх баках звісала скалмачаная поўсць.
Рыгор адчуў, як Рык схамянуўся, натапырыў вушы і выцягнуў шыю. Падаўся наперад усім тулавам і так замёр у напружанай паставе.
Здалёк прычуўся тупат конскіх капытоў. Мімаволі здрыгануўшыся ад нечаканасці і хвалявання, Рыгор пачаў гладзіць рукою Рыка. Скрозь хмызняк было відаць чатыры вершнікі, нават даносілася іх ціхая гутарка.
— Хутка ўжо... Учора мы тут, недалёка, бачылі гэтых пушчанскіх кароў...
Вершнікі няспешна праехалі міма кустоў’я.
Стражнік склаў рукі поруч рота і, пераймаючы крык лясной птушкі, падаў сігнал брату.
Ціхан пачуў знаёмы сігнал, перахрысціўся і сцебануў аднаго зубра лазінай. Той неахвотна паплёўся на дарогу. Следам за ім чыкільгаў другі зубр.
Вершнікі ўбачылі зуброў і рэзка асадзілі коней.
— Глядзі, вось тое, што трэба! — шалёныя вочы аднаго з паляўнічых глядзелі на зубра. — Ну, права першага стрэлу належыць госцю. Давай, пакажы, на што ты здольны.
— Там толькі адзін зубр, Станіслаў, а ты абяцаў цэлы статак, — пачулася ў адказ.