— Знойдзем і цэлы статак, страляй у гэтага! — нецярпліва адгукнуўся той, каго назвалі Станіславам.
Ціхану на вочы набеглі слёзы. Ён нагнуўся, падняў ламачыну і кінуў яе ў кульгавага зубра з шэптам:
— Літасцівы Божа, прабач мяне, калі зможаш.
Зубр незадаволена крануўся з месца і стаў праломвацца скрозь гушчар на дарогу.
— Страляй! Там іх некалькі штук. Ты што, аслеп, бачыш, другі ідзе! — ужо нястрымана хрыпеў Станіслаў.
Досвіткавую цішыню лесу раскалоў стрэл. Гучнае рэха пракацілася верхавінамі пушчанскіх дрэў. За ім другі стрэл звонка разрэзаў халоднае паветра. Гучнае рэха зноў пабегла па лесе.
Скрозь слёзы на вачах Ціхан глядзеў, як лясны волат тузануўся, падаўся наперад, рыкнуў і паваліўся долу.
Ад гуку стрэлаў другі зубр шугануўся і, накульгваючы, пабег па лясной дарозе. Прагучалі яшчэ два стрэлы. Стары барадаты бык спыніўся, ногі ягоныя задрыжэлі. Ён гучна захроп і гэхнуўся набок, задзіраючы капыты.
Захопленыя паляўнічым шалам вершнікі гучна перагаворваліся:
— Станіслаў, ты бачыў, як ён ламануўся пасля майго стрэлу? Так, ты праўду гаварыў, паляванне на зубра ўражвае. Твой зубр, глядзі, яшчэ тузаецца, а мой, мусіць, готаў, я яго адразу абклаў.
Ціхан сціснуў зубы, перахрысціўся, зняў з пляча стрэльбу і рашуча выйшаў на дарогу, на якой зубры ў курчах боўталі капытамі ў паветры.
З’яўленне з лесу, з ранішняй смугі, стражніка выклікала ў вершнікаў здранцвенне. Ад нечаканасці падалося, што гэта не чалавек, а здань. Потым, спахапіўшыся, пачалі разварочваць коней.
Але на дарозе, шырока расставіўшы ногі, стаяў другі стражнік. У адной руцэ трымаў скіраваную на іх стрэльбу, у другой была незвычайна доўгая пістоль. Побач з ім вышчарыў зубы вялікі белы сабака.
— Ч-чорт! — прахрыпеў Станіслаў. — Стражнікі!
Коні круціліся на месцы, дарога з двух бакоў была закрыта.
Як гром сярод яснага неба прагучаў голас Ціхана.
— Ну што, шаноўныя спадары, ваша паляванне скончылася? Злазьце з коней!
— Сыдзі з дарогі, хамуйла! — крыкнуў Станіслаў.
— Пане Станіслаў, не дуркуй, ты ж добра ведаеш, страляем мы трапна. Кідайце стрэльбы, злазьце з коней. Больш паўтараць не буду, пачнём страляць.
Вершнікі з белымі, як адмытае палатно, тварамі кінулі стрэльбы.
Першым адумаўся Станіслаў.
— Гаспадзін стражнік, мы гэта, мы незнарок.
Ад хвалявання ў яго заплятаўся язык. Фанабэрыстасць знікла, вочы палахліва бегалі, як у загнанага звера.
Ціхан цвёрдым голасам працягваў:
— Пане Станіслаў, падыдзіце сюды і пакажыце ваш дазвол на адстрэл зуброў. Вы парадак ведаеце...
— Гаспадзін стражнік, няма ў нас дозволу... Мы думалі... гэта ласі. Цёмна было, пераблыталі... Мы добра заплацім. Я толькі з’езджу ў маёнтак... Дам па сто рублёў кожнаму!
Трохі асмялеўшы, накіраваўся да Ціхана. Калі між імі заставалася некалькі крокаў, Ціхан падняў рулю стрэльбы.
— Стой і не рухайся!
— А ты, — паказаў стрэльбай на другога, — звяжы бізуном свайму гаспадару рукі...
Аканом нерашуча мяў бізун.
Пачуўшы гэтыя словы, малады Шаураў пабарвавеў, вочы імгненна наліліся крывёю. Яго ноздры трапяталі, а вочы кідалі бліскавіцы. З ім ніхто яшчэ так не размаўляў.
— Ну! — пагрозліва гукнуў Ціхан.
Малады паніч не вытрываў...
— Як ты смееш, халоп, так са мной гаварыць?!
Рэзкім рухам выхапіў бізун і размашыста сцебануў стражніка па твары.
Ціхан левай рукой перахапіў і вырваў бізун з рукі Шаурава, але самым канцом усё-такі атрымаў хвосткі ўдар па шчацэ.
— Э-э! Значыць т-так? Бачу, з вамі, гаспадзін Шаураў, па добраму ніяк нельга.
Адкінуўшы бізун, рэзкім рухам стукнуў прыкладам пану па сківіцы. Было чуваць, як гучна ляснулі зубы і, задраўшы галаву, малады пан заваліўся на спіну. Ускочыў на ногі і пачаў выціраць рукой твар. З куткоў рота цякла кроў. Нахіліўшы галаву ўніз, ён сплюнуў — разам з крывёй вылецела некалькі зубоў.
— Ты гэта што? Ты мне зубы выбіў?! — часта залыпаў вачыма паніч.
— Вядома, не ўставіў! — нахабна адказаў Ціхан. — Чуў, вы вельмі вялікі аматар выбіваць зубы сваім прыгонным. Цяпер будзеце добра ведаць, што гэта.
— Ды я цябе ў Сібіры згнаю! У мяне такія сувязі! Табе так не сыдзе. Хам, быдла!
— Годзе, пане Станіслаў! Кінь свае замашкі, пара Богу маліцца, каб самому на катарзе не згніць, — іранічна ўсміхнуўся Ціхан.
Праз хвілін дзесяць каля злоўленых браканьераў з’явіліся галоўны распарадчык пушчы, жандары і цэлы тузін стралкоў.
Обер-фарстмайстар задраў падбароддзе і пачаў аддаваць гучныя распараджэнні:
— Два стралкі застаюцца каля зуброў, пакуль прыгонім вазы. Два стралкі адвязуць стражнікаў да коней. Сабраць стрэльбы як рэчавыя доказы, злавіць коней. Астатнія адправяцца ў маёнтак памешчыка Шаурава. Паглядзім, што там робіцца.