Выбрать главу

Рукой паклікаў старшага жандара і пачаў яму нешта тлумачыць, той толькі ківаў галавой, згаджаючыся.

Рыгор і Ціхан з’ездзілі па коней і накіраваліся ў маёнтак памешчыка. Калі пад’ехалі, обер-фарстмайстар разам са старшым жандарам накіраваліся ў дом.

Рыпнулі дзверы, дварэцкі з паклонам спытаў:

— Як дакласці?

— Абыдземся без дакладу, — галоўны распарадчык грубавата яго адпіхнуў і, прапусціўшы наперад жандара, рашуча накіраваўся ў дом.

Стары памешчык сядзеў за сталом і снедаў. Убачыўшы обер-фарстмайстра разам з жандарам, зрабіў выгляд, што вельмі здзівіўся.

— Панове, чым абавязаны гэткаму ранняму візіту?

— Ваш унук без дазволу паляваў на зуброў, мы яго затрымалі. У наш абавязак уваходзіць агледзець маёнтак. Ёсць падазрэнне, што гэта не першы выпадак, — сказаў галоўны распарадчык і звярнуўся да жандара. — Вазьміце трох стралкоў — і да справы. А я пакуль пагутару са спадаром Шауравым, — не запытаўшы дазволу, обер-фарстмайстар сеў насупраць старога пана.

Жандар кінуўся выконваць распараджэнні. Клікнуўшы яшчэ аднаго жандара, некалькіх стралкоў, вярнуўся ў хату і пачаў старанна аглядаць пакоі.

Стары пан сядзеў моўчкі, апусціўшы галаву. Яго твар збялеў, а рукі ляжалі на стале і дрыжалі.

Обер-фарстмайстар глядзеў на яго дапытліва і, зрабіўшы невялікую паўзу, першым распачаў гутарку.

— Ну-с, шаноўны пане, распавядайце. Як выхавалі ўнука? Вы што, яму не растлумачылі, што паляваць на зуброў можна толькі з найвысокай ласкі найсвятлейшай асобы васпана імператара? Або, мажліва, вы самі яго прызвычаілі да палявання без дазволу? У такім разе давядзецца прыцягнуць да адказнасці вас. Дазволю сабе заўважыць, я вымушаны ўведаміць аб гэтым дзікім выпадку самога яго імператарскую вялікасць, — для ўзмацнення эфекту падняў уверх правую руку з выцягнутым указальным пальцам.

У гэты час, пакуль обер-фарстмайстар вёў гутарку, а жандары рабілі ператрус, убаку ад астатніх браты Селіваны раіліся, што ім рабіць.

— Ну, Ціхан, спрытна ты збіў пыху панічу. Хай цяпер ведае, як гэта балюча. Але паны ёсць паны.

— Шкадую, што давялося рукі пэцкаць аб такое дзярмо, — скрывіўшы твар, Ціхан плюнуў пад ногі. — Думаю, Рыгорка, усё будзе добра. Наш галоўны распарадчык як ваўкадаў учапіўся ў ахвяру. Іх высокаблагароддзе дакладзе наверх свайму начальству, што гэта ўсё ён сам арганізаваў. Пакажа, што нездарма яго трымаюць на пасадзе. Таму, Рыгорка, не хвалюйся.

У хаце працягваўся ператрус. Неўзабаве рыпнулі дзверы і, валочачы дзве шкуры зуброў, увайшоў старшы жандар.

Обер-фарстмайстар адразу падняўся і падышоў да жандара. Пераканаўшыся, што шкуры зуброў, з грозным выглядам звярнуўся да памешчыка.

— Галубчык! Як гэта растлумачыць?

Памешчык з пазелянелым тварам у адказ толькі махнуў рукою.

Галоўны распарадчык задаволена звярнуўся да жандара:

— Усю наяўную ў хаце агнястрэльную і халодную зброю скласці ў маю брычку. Распарадзіцеся, каб запрэглі панскую брычку. Няхай на ёй спадар Шаураў разам са мной апошні раз пракаціцца да астрога. Бачу, нам ёсць яшчэ пра што з ім гутарыць дарогаю. Так, і яшчэ, няхай падрыхтуюць чатыры фурманкі і з маім стралком едуць і раскрыжуюць тушы застрэленых зуброў, а да мяне ўсю прыслугу па адным на допыт. Будзем складаць пратакол.

Ён выйшаў на ганак. Узмахнуў рукой, каб Ціхан і Рыгор падышлі да яго.

Обер-фарстмайстар усім сваім выглядам проста свіціўся. Задаволеная ўсмешка не сыходзіла з яго твару, хоць ён і спрабаваў яе схаваць у пышныя вусы.

— Значыць так. Вы сваю справу зрабілі, цяпер едзьце дадому. Трэція суткі на нагах. Дзякую за службу.

Паціснуў кожнаму руку, пасля гэтага прыклаў руку да брыля.

— Гонар маю!

Браты дружна адсалютавалі.

Іх высокаблагароддзе накіраваўся ў хату, затрымаўшыся на парозе, сказаў:

— І яшчэ. Цябе, Ціхан, чакаю пазаўтра з рапартам аб нападзе.

— Слухаюся, ваша высокаблагароддзе, — стукнуў абцасамі Ціхан.

Браты селі на коней, развіталіся з усімі, у тым ліку і з арыштаванымі, і накіраваліся дамоў. Ад’ехаўшы з паўвярсты, яны спыніліся і гучна рагаталі да слёз, даючы волю пачуццям.

На сялібе Шаурава працягваўся ператрус. Знайшлі яшчэ адну шкуру зубра. Выявілі мноства паляўнічых стрэльбаў, шаблі, паляўнічыя нажы з хораша ўпрыгожанымі дзяржальнамі з рагоў зубра. У паляўнічай зале старога пана знайшлі калекцыю паляўнічых трафеяў: дзве зубрыныя галавы, шкуры рысі, куніцы. Усё гэта перанеслі і склалі ў брычку.