Обер-фарстмайстар разам з жандарам пісалі пратакол допыту прыслугі старога пана. Перад допытам абвясцілі, што за ўкрывальніцтва і ўтойванне фактаў кожнага могуць прыцягнуць да адказнасці.
Напалоханая прыслуга адказвала на пытанні жандара без ваганняў. Стары кухар расказаў, колькі разоў ён гатаваў стравы з мяса зуброў.
Дапытаныя ставілі подпісы, а хто быў непісьменны — крыжыкі.
Пасля ператрусу і допыту ўсіх склікалі ў адно памяшканне.
Обер-фарстмайстар абвясціў, што ў хаце да адпаведнага распараджэння застануцца два стралкі і адзін жандар. Неабходна захоўваць спакой. Аб іх наступным лёсе ён будзе дбаць асабіста. Неабходна працягваць жыць па-старому, выконваць свае абавязкі. І крый божа дапусціць якое-небудзь парушэнне або крадзеж.
Старога пана пад рукі ўсадзілі ў яго ж брычку. Побач селі галоўны распарадчык і старшы жандар. Працэсія кранулася ў шлях да галоўнай сядзібы.
Обер-фарстмайстар адчуваў сябе на сёмым небе — такую важную справу раскруціў. Хмылячыся, абдумваў, як ён дакладзе наверх. Магчыма, і самога цара патурбуюць, тады ўжо сапраўды ўзнагародзяць. Можа нават стацца, выклічуць для ўзнагароджання ў Пецярбург. Яму мроілася, як усе будуць зайздросціць яго поспеху. А ён у парадным мундзіры з узнагародай на шыі будзе размаўляць з самім манархам. Усе будуць ім кланяцца, пытаць адзін у аднаго: а з кім гэта іх імператарская вялікасць так доўга размаўляе? Хто гэта такі важны побач з ім стаіць?
А потым па выпадку яго ўзнагароджання будзе баль. Шляхетныя дамы Пецярбурга пажадаюць танчыць мазурку толькі з ім. А як гэта будзе бачыць яго жонцы? Пасля гэтага яна перастане яго папракаць, што ён яе маладосць загубіў у глушэчы. Дома настане поўны парадак і спыняцца гэтыя істэрыкі і скандалы.
9. Суд
Неўпрыкметку мінуў месяц і надышло сапраўднае лета. Векавы лес поўніўся птушыным спевам. Усе дрэвы сталі ярка-зялёнымі.
Статак разбрыўся па лесе. Свежага корму хапала паўсюль. Разам трымаліся толькі самкі з зубранятамі.
Рыгор са сваім сябрам Рыкам працягвалі несці службу па ахове лесу і зуброў. Штодня паціху абыходзілі ўчастак.
Аднойчы, вярнуўшыся пасля службы дадому, дачакаліся весткі. Малання паведаміла, што прыязджалі два стралкі з галоўнай сядзібы. Прасілі перадаць, што пазаўтра адбудзецца суд па справе аб забойстве зуброў.
На другі ж дзень Рыгор быў у Ціхана. Брат таксама рыхтаваўся да суда і прыезду Рыгора вельмі ўзрадаваўся.
— Малайчына, Рыгорка, што прыехаў. Хадзем у хату.
Ціханава жонка сабрала на стол.
Ціхан пачаў гутарку першым.
— Ты, Рыгор, уважліва слухай, што я буду казаць. Нельга гаварыць, што мы сядзелі ў засадзе. Ты мяне зразумеў?
— Брат, не хвалюйся, усё будзе ў парадку, — усміхаючыся, сказаў Рыгор.
Несумненна, суд, які меў адбыцца, быў вельмі важнай падзеяй для людзей, што самотна жывуць у лесе. Пасля абеду Ціхан выцяпліў лазню, яны памыліся і прывялі сябе ў парадак. Раніцай, перахрысціўшыся, браты крануліся ў дарогу.
Пад’ехалі да галоўнай сядзібы, дзе іх сустрэў новы старшы каравульны. Ад яго яны даведаліся, што былы старшы каравульны сышоў у адстаўку і часова жыве з сям’ёй на сядзібе Шаурава. Забяспечвае парадак па захаванні маёнтка. Бо там адразу ж пасля арышту старога памешчыка адбыўся невялікі бунт. Прыгонныя хацелі падпаліць абшарніцкую сядзібу. Давялося нават страляць. Дзякуй богу, абышлося без ахвяр.
— Жыве наш старшы каравульны, як пан, — з зайздрасцю адзначыў новы начальнік варты.
Неўзабаве на прыступках ганка з’явіўся галоўны распарадчык. Выглядаў ён проста бліскуча. Летні парадны мундзір з аксельбантамі зіхацеў, а яго твар свіціўся. Браты падбеглі да яго і гучна адрапартавалі:
— Ваша высокаблагароддзе гаспадзін обер-фарстмайстар, па вашым распараджэнні прыбылі.
Той, выслухаўшы іх, прыклаў правую руку да брыля, аддаючы чэсць.
— Бачу, малайцы! — і жэстам запрасіў у дом.
Адразу ж накіраваліся ў службовы кабінет. Там на століку стаяла бутэлька каньяку. Обер-фарстмайстар наліў у тры чарачкі. Падняўшы ўверх руку, гучна сказаў:
— Вып’ем за поспех! — адным махам, крэкнуўшы перакуліў чарку ў рот.
Запрошаныя на суд высаджваліся з брычак і разам з галоўным распарадчыкам накіроўваліся ў будынак, дзе навучаліся службе стралкі. Старшы каравульны мітусіўся, на хаду аддаваў распараджэнні стралкам. Да варот пад’язджалі ўсё новыя людзі, іх сустракалі і напраўлялі куды трэба.
Неўзабаве з’явілася карэта з кратамі на вокнах. Коньмі кіраваў жандар. Ззаду, на падножках, трымаючыся рукамі за ручкі, стаялі двое жандараў з шаблямі. За арыштанцкай фурманкай конна пад’ехалі яшчэ чатыры жандары.