Вось жандары адчынілі дзверцы і пачалі выводзіць зняволеных. Першым выйшаў стары пан Шаураў, следам за ім яго ўнук, далей іхні госць і двое іхніх служкаў, усяго пяць чалавек са звязанымі рукамі.
Суд праходзіў у вялікай зале. У яе канцы за сталом сядзелі тры чалавекі ў мантыях. Побач з вялікім сталом быў маленькі, за якім сядзелі два чалавекі з пышнымі бакенбардамі. Перад імі ляжалі лісты паперы, стаялі чарніліцы і ляжалі гусіныя пёры. Перад сталом справа была невялічкая трыбуна, побач з ёй знаходзілася шырокая лава, на якой сядзелі затрыманыя асобы. Па баках стаялі два жандары.
Зала паступова напаўнялася. Наперадзе важна сядзеў обер-фарстмайстар, побач з ім яго жонка і лесапрамысловец Сімунд.
Браты Селіваны нерашуча спыніліся, не ведаючы, дзе ім сесці. Тут да іх падышоў старшы каравульны і правёў да галоўнага распарадчыка.
У трох кроках ад іх знаходзіліся арыштаваныя. Браты з цікаўнасцю іх разглядалі. На тварах падсудных не было і следу былой фанабэрыстасці. Выглядалі яны як пабітыя сабакі. Рыгору стала нават шкада паноў, але ўбачыўшы, як спадылба бліснулі ў яго бок вочы Станіслава, падумаў іншае — заслужылі.
Зала гудзела як пчаліны рой. Неўзабаве адзін з трох суддзяў падняўся, патрос званочкам, дачакаўся, пакуль зала ўціхамірыцца і гучна сказаў:
— Усім устаць, пачынаецца суд! Прашу садзіцца! Першым мае слова галоўны распарадчык пушчы спадар Таран Фёдар Канстанцінавіч.
Обер-фарстмайстар падняўся, паправіў мундзір, рашуча накіраваўся да трыбуны. Дастаў складзены аркуш паперы. Абвёўшы вачыма залу, з важным выглядам распачаў сваю прамову.
Спачатку гаварыў аб Расійскай імперыі і імператары, затым аб важнасці сваёй працы, паступова перайшоў да сутнасці:
— І вось месяц таму ў нас адбыўся дзікі выпадак. Без найвысокага на тое дазволу асобамі, якія сядзяць перад вамі, было арганізавана паляванне на зуброў. Гэтымі асобамі былі застрэлены два зубры. Дзякуючы добра пастаўленай працы па ахове гэтых рэдкіх жывёл чатыры чалавекі былі затрыманы на месцы злачынства. Пад маім кіраўніцтвам было прынята рашэнне аб аглядзе жандарамі маёнтка памешчыка Шаурава. Аказалася, выпадкі палявання на зуброў былі неаднаразовымі. Апытаныя сведкі пацвердзілі гэта. Спадар Шаураў Ян Давыдавіч сем разоў арганізоўваў такія паляванні без найвысокага на тое дазволу. Акрамя таго, мною асабіста, дарэчы, з вялікай цяжкасцю, было ўстаноўлена, што ў 1811 годзе вышэйназванай асобай з мэтай завалодання зямлёй быў арганізаваны падпал пушчы. У выніку пажару пушчы была нанесена непапраўная шкода. Хачу звярнуць вашу ўвагу, што на пажары загінулі падданыя Расійскай імперыі, таксама загінула мноства зуброў і іншых рэдкіх звяроў. Спадзяюся на наш справядлівы суд, асобы, датычныя да злачынства, павінны быць пакараныя. У мяне ўсё.
Два пісарчукі старанна запісвалі.
У зале стаяла цішыня. Обер-фарстмайстар сеў на сваё месца. Раптам хтосьці пачаў пляскаць у ладкі, і ўся зала загучала апладысментамі.
Фёдар Канстанцінавіч падняўся і зрабіў невялічкі паклон.
Зноў зазвінеў званочак і пачуўся гучны голас.
— Папрашу цішыні, суд працягваецца. Наступным выклікаецца стражнік Селіван Ціхан Іванавіч.
Ціхан падняўся і падышоў да трыбуны.
Адзін з трох судзяў пачаў задаваць пытанні:
— Скажыце, калі ласка. Як атрымалася падлавіць парушальнікаў на месцы злачынства?
— Мы з братам неслі службу каля зуброў, а тут побач пачуліся стрэлы, ну мы і пабеглі на гук. Убачылі двух застрэленых зуброў і чатырох чалавек са стрэльбамі. Мы з братам іх і затрымалі.
— Вы можаце нам паказаць гэтых людзей? — спытаў памагаты суддзі, які сядзеў з правага боку.
Ціхан паказаў на чатырох чалавек на лаўцы.
— Скажыце, а як гэта вы ўдвух затрымалі чатырох узброеных людзей.
— Ну, пан суддзя, мы бегаем хутка, а яны не ўмеюць перазарадзіць стрэльбы. — адказаў Ціхан.
— І што, яны не аказалі ніякага супраціву? — запытаў галоўны суддзя.
— Аказалі, вось гэты Шаураў Станіслаў свіснуў мяне па твару бізуном. Мне давялося абараняцца. Вось яшчэ шнар, пане суддзя. А тут акурат іх высокаблагароддзе, обер-фарстмайстар з жандарамі падаспелі.
— Неяк дзіўна атрымліваецца. І вы на месцы, і обер-фарстмайстар з жандарамі побач. Вы што, ведалі аб паляванні загадзя? — нахіліў галаву ўбок галоўны суддзя.
— Так, меркавалі, пане суддзя.
— Адкуль вам стала гэта вядома? Хто вас папярэдзіў?
— Не магу сказаць. Гэты чалавек не жадае, каб аб ім ведалі. Ён таемна дапамагае нам ахоўваць пушчу і зуброў.