— У вас ёсць такія людзі, прозвішча якіх нават суд не можа ведаць? — здзіўлена падняў бровы галоўны суддзя.
— Так, ёсць, але гэта дзяржаўная таямніца. Прозвішчаў гэтых людзей мы назваць не можам. Гэта ўсё дзякуючы обер-фарстмайстру. Фёдар Канстанцінавіч арганізаваў ахову пушчы так, што мы можам затрымаць любога нягодніка на месцы злачынства, — упэўненым голасам сказаў Ціхан.
Пры гэтых словах у обер-фарстмайстра ад здзіўлення падняліся бровы, потым ён зрабіў выгляд, што так і ёсць на самай справе. Калі галоўны суддзя пасля такога адказу Ціхана з запытаннем паглядзеў у яго бок, іх высокаблагароддзе паважна кіўнуў галавою.
У зале адразу зрабілася шумна ад перашэптвання. Рыгор таксама здзіўленна ўтаропіўся на брата.
Суддзя ізноў патрос званочкам. Калі зала аціхла, ён сказаў:
— Тады ўсё зразумела. У суда да вас няма больш пытанняў. Прашу заняць сваё месца.
Суддзя нахіліўся і нешта перамовіўся з памагатымі. Тыя яму сцвярджальна ківалі галавамі. Галоўны суддзя падняўся і абвясціў:
— Суд выходзіць дзеля прыняцця рашэння, перапынак адна гадзіна.
Усе пачалі выходзіць на свежае паветра. Браты таксама выйшлі на вуліцу, аддаліліся ад астатніх.
— Ціхан, ты што там за трыбунай намалоў? Аб якіх таемных людзях ты казаў? Што, Арон наш таемны чалавек? — узрушана шаптаў Рыгор.
Ціхан усміхнуўся.
— Рыгорка, як мне было растлумачыць, што мы так хутка апынуліся на месцы злачынства?
Размаўляючы, браты ўбачылі, што да іх накіроўваецца галоўны распарадчык з жонкай.
Обер-фарстмайстар з задаволенай усмешкай на твары сказаў:
— Ціхан, ты малайчына! Талкова адказваў на пытанні суддзяў. Ім што? Ім толькі дай заблытаць нашага брата. Спрытна ты ім адказваў, няхай ведаюць, што і мы не лыкам шытыя.
У гэты час да іх падбег старшы вартавы і спыніўся поруч.
— Г алубчык, ты прасачы, каб у спадароў суддзяў усяго хапала: і закусіць, і выпіць.
— Слухаюся, ваша высокаблагароддзе, — старшы вартавы пабег назад у памяшканне.
Обер-фарстмайстар звярнуўся да жонкі з паклонам:
— Выбачай, дарагая, у нас служба. Схадзі, пагутары з гасцямі, а мы зоймемся важнымі дзяржаўнымі справамі.
Жонка іх высокаблагароддзя з незадаволеным выглядам накіравалася да мясцовай шляхты.
Обер-фарстмайстар пацёр рукі:
— Ну-с, маладыя людзі, пакуль перапынак, пойдзем да мяне ў кабінет.
У кабінеце галоўны распарадчык напоўніў тры чаркі.
— Спрытна ты прыдумаў. Таемна, значыць інкогніта! Яны лічаць, што мы тут сякерай голімся, — усміхаючыся, задаволена разважаў галоўны распарадчык. — Мяркую, цяпер, пасля гэтых слоў надоўга адаб’ём жаданне страляць зуброў. Ціхан, ты колькі гадоў працуеш стражнікам?
— Ваша высокаблагароддзе, два гады стралком і сем гадоў стражнікам.
— Праз месяц старшы стражнік сыходзіць у адстаўку, так што за гэты месяц ты павінен прыняць у яго справы. Мне патрэбны энергічныя людзі, а то гэтыя разгультаіліся. Гарэлку навучыліся піць. Лымары, адным словам.
Паселішся з сям’ёй, а я на цябе падрыхтую неабходныя паперы, — сказаў оберфарстмайстар і звярнуўся да Рыгора. — Ты, Рыгор, пакуль свой абход пакінь, паступіш у распараджэнне адмыслоўцаў з Пецярбурга. Яны ўжо прыступілі да працы, і ты прасочыш, каб не зрабілі вялікай шкоды лесу. Я адзін не магу за ўсім усачыць.
Напрыканцы суда адзін з трох суддзяў зачытаў прынятае рашэнне.
— Падсудныя, вы прызнаяце сябе вінаватымі ў пералічаных злачынствах? — спытаў галоўны суддзя.
Злачынцы ўслых прызналі сваю віну.
— На падставе судовага кодэкса Расійскай імперыі, дбайным правядзенні следства і ўсебаковага вывучэння справы, суд пастанаўляе прызнаць усіх вінаватымі і прызначыць пакаранне.
Далей пералічвалася, якое пакаранне панясе кожны. З прамовы суддзі вынікала, што ў сувязі з тым, што абодва прыганятыя былі людзьмі прымусовымі і самі не стралялі, а толькі аказвалі садзейнічанне злачынству, ім прызначалася толькі выплата штрафу пяцьсот рублёў кожнаму. Госцю маладога паніча за забойства зубра прызначылі штраф у памеры дзве тысячы рублёў. Пасля выплаты гэтых трох належала вызваліць з-пад варты.
Шаураў Станіслаў за арганізацыю палявання, учыненне смерці зубру, аказанне супраціву пры затрыманні прысуджаўся да выплаты штрафу ў памеры дзвюх тысяч рублёў і да пяці гадоў катаргі.
Стары памешчык Шаураў Ян Давыдавіч за неаднаразовае паляванне на зуброў і арганізацыю падпальвання пушчы, што стала прычынай смерці людзей і рэдкіх звяроў, пазбаўляўся дваранскага саслоўя і прысуджаўся да пажыццёвай катаргі.