Для стражнікаў Белавежскай пушчы хаты будаваліся ў тых месцах, дзе былі абходы. Зваліся яны вартавымі хатамі. Звычайна ставіліся яны ў глухіх мясцінах, на адлегласці ад селішчаў. Хаты былі казённыя: пасля 25 гадоў службы стражнік абавязаны быў пакінуць хату і пераехаць жыць у любое ўпадабанае ім селішча на ўскраінах пушчы. За кошт казны адмерваўся ці купляўся значны надзел зямлі, будавалася хата, якая пераходзіла ў пажыццёвае валоданне. Праца стражніка была небяспечнай, але прэстыжнай і ў тыя часы высокааплатнай.
Нашаму герою хата дасталася пасля пераезду бацькі ў селішча. Гэта была вялікая і прасторная хата з тоўстых і смалістых сасновых бярвенняў. Хаты стражнікаў былі збудаваныя замежным гандляром, лесапрамыслоўцам Сімундам, па распараджэнні обер-фарстмайстра, галоўнага распарадчыка Белавежскай пушчы. Кожная такая хата дзялілася на дзве палавіны: адна прызначалася для сям’і стражніка, другая для гасцей. Пасярэдзіне размяшчалася вялікая печ з ляжанкай. Пячныя сцены былі ва ўсіх чатырох пакоях. Акрамя хаты меліся дзве адрыны: адна для скаціны, другая для сена. На падвор’і стаяла невялічкая лазня, сярод двара — студня: драўляны зруб і журавель з вядром на ланцугу. Увесь двор абнесены загараддзю з тоўстых бярвенняў. Земляробствам не займаліся, бо агароды спусташаліся дзікамі...
Стражнік адчыніў цяжкія варотцы і жэстам паказаў сабаку зайсці. На драўляным ганку бярозавым дзеркачом стаў чысціць боты ад снегу. Сабака адразу насцярожыўся. Заўважыўшы напругу сабакі, паставіў венік у кут і, расхінуўшы дзверы, ласкава запрасіў:
— Ну, дарагі госць, запрашаю ў хату!
Сабака асцярожна ўзышоў на ганак і спыніўся. Бачачы нерашучасць сабакі, стражнік яго злёгку падштурхнуў.
— Уваходзь, не бойся!
Сабака зрабіў некалькі крокаў і зноў спыніўся. Перад ім стаяла жанчына з вялікім жыватом, ад якой зыходзіў смачны пах.
— Рыгорка, ты каго гэта прывёў?
Яна асцярожна абышла сабаку. Рыгор абняў жонку. Сабака, павярнуўшы галаву, уважліва глядзеў на гаспадыню. Стражнік зняў стрэльбу і павесіў на ўбіты каля ўвахода гак. Затым падышоў да печкі, нахіліўся і, папляскаўшы далонню па каляровым дыванку на падлозе, сказаў:
— Тваё месца будзе тут! Хадзі сюды.
Сабака паслухмяна сеў на вызначанае яму месца.
— Рыгорка, чаму гэта ў цябе на спіне кажух падраны?
— Ой, Малання, дай нам што-небудзь з’есці, і я табе ўсё раскажу, што з намі сёння было.
Гаспадыня выцягнула чыгунок з печы і апалонікам наліла гарачую страву ў дзве гліняныя міскі. Стражнік зняў кажух, павесіў яго побач са стрэльбай і прысеў да стала. Малання ўзяла адну міску і падсунула бліжэй да мужа. Побач з міскай паклала драўляную лыжку і паставіла накрытую льняной сурвэткай плеценую з лазы кашолачку з духмяным хлебам.
— Моцна не наядайся. Заўтра Каляды, а сёння яшчэ пост.
Над гарачай міскай віўся смачны пар.
— Калі астыне, налі сабаку. Няхай з’есць, бо ён моцна галодны, — сказаў гаспадар і дадаў: — Яму можна не пасціць.
Стражнік нахіліўся над міскай. Малання ўскочыла з лаўкі і падышла да мужа ззаду.
— Пачакай, у цябе разадраны каўнер кашулі і ўся спіна ў крыві. Што здарылася?
Рыгор паказаў рукой, каб прысела на лаўку, і пачаў павольна есці, распавядаючы пра выпадак у лесе.
— І вось атрымліваецца, што гэты сабака ўратаваў мяне, — паказаў вачыма на госця.
Разамлелы ад цеплыні, сабака лёг, паклаў галаву на пярэднія лапы і глядзеў на людзей.
Малання дастала мяса, паклала ў міску і паставіла на падлогу перад сабакам. Ён прыўзняўся і пачаў есці. Яна хацела яго пагладзіць, але муж папярэдзіў:
— Калі сабака есць, яго гладзіць нельга. Не ўкусіць, дык напалохае.
Малання дбайна вымыла рукі і сказала мужу:
— Здымай кашулю.
Рыгор паслухмяна зняў кашулю, споднюю сарочку і павярнуўся спінай да акенца. Яна ўважліва агледзела рану.
— Рана неглыбокая — дзве вялікія драпіны, — разважліва сказала гаспадыня. — Але трэба на ўсялякі выпадак змыць засмяглую кроў і драпіны чым памазаць, каб не гнаіліся.
З палічкі ў куце, дзе вісеў абраз, дастала бутэльку першака, настоенага на лекавай траве. У лекавых травах Малання разбіралася з маленства, гэтая навука перайшла ёй ад бабулі. Намачыўшы чыстую льняную анучку першаком, асцярожна працерла раны. Ад дакранання жончыных рук па целе пайшла цеплыня. Стражнік ад задавальнення нават зажмурыўся.
— Што ты там, дарагая, шэпчаш?
— Малітву, замову, мяне бабуля навучыла.
— Яна ў цябе што, шаптуха? — іранічна спытаў Рыгор.