Маёнтак памешчыка Шаурава з зямлёй і шасцюстамі душ прыгонных адыходзіў у казну Расійскай імперыі. Часова, да распараджэння, маёнтак будзе знаходзіцца пад юрысдыкцыяй адміністрацыі пушчы.
Галоўнаму распарадчыку пушчы Тарану Фёдару Канстанцінавічу, стражніку Селівану Ціхану, стражніку Селівану Рыгору, а таксама неўстаноўленай асобе, якая аказала садзейнічанне ў затрыманні злачынцаў, належала выплаціць узнагароду з казначэйства ў памеры дзвесце рублёў кожнаму.
Пасля вынясення прысуду пакараным на вачах у залы жандары надзелі на ногі і рукі жалезныя кайданы. У гэты момант на падсудных было страшна глядзець. Жандары вывелі асуджаных з залы ў арыштанцкую карэту. Суд закончыўся.
Обер-фарстмайстар правёў суддзяў да брычкі, якая адразу ж пакаціла ў Г ародню. Іх высокаблагароддзе развітаўся з запрошанай на суд тутэйшай шляхтай. Яны рассаджваліся па брычках і адпраўляліся ў розныя бакі.
Ціхан і Рыгор стаялі наводдаль і абмяркоўвалі рашэнне суда. Іх гутарку перапыніў обер-фарстмайстар. Ён запрасіў зайсці да скарбніка і атрымаць належныя ўзнагароды. Але як аддаць грошы «неўстаноўленай» асобе? Г алоўны распарадчык рашуча напісаў у ведамасці сваё прозвішча і распісаўся, а грошы працягнуў Рыгору.
— Лічу, ты ведаеш, каму належаць гэтыя грошы... Ад мяне асабіста перадай падзяку...
— Не турбуйцеся, ваша высокаблагароддзе, перадам усё да капейкі, — сказаў Рыгор.
— А цяпер пойдзем на сабакарню, — загадкава ўсміхнуўся галоўны распарадчык.
Насустрач ім выйшаў Яўстафій. У вялікім лазовым кошыку вынес белых з шэрымі плямкамі семярых шчанюкоў.
Іх высокаблагароддзе з усмешкай прапанаваў:
— Ёсць такі звычай. Уладальніку сабакі належыць адзін шчанюк на выбар.
Рыгор нахіліўся і без вагання дастаў з кошыка ўпадабанага шчанюка, асцярожна засунуў за пазуху. Там адразу ж стала мокра, але Рыгор не падаў выгляду.
Іх высокаблагароддзе нахіліўся, узяў яшчэ аднаго шчанюка і працягнуў Ціхану. Ціхан з захапленнем у вачах прыняў падарунак.
— Усё, цяпер вяртайцеся дадому, але на днях вас чакаю ў сябе.
Браты, прыклаўшы да фуражак рукі, адрапартавалі.
Дадому вярталіся ў прыўзнятым настроі. Рыгор распавёў Ціхану, як загінуў на пажары муж бабулі Марфы — Глеб.
— Ну вось, мы з табой, Рыгорка, і адпомсцілі за Глеба і іншых стражнікаў. Што ты думаеш з нагоды прапановы галоўнага рапарадчыка?
— Не ведаю. Мне не хацелася б пакідаць свой абход. Хтосьці чужы знойдзе і дуб, і святы камень, — з непакоем у вачах сказаў Рыгор.
— Тваім абходам займуся я. За гэта ты не хвалюйся. Сімунду не патрапіць ніводнага лішняга дрэва. Ледзь што, адразу паведамляй мне, а я знайду спосаб процістаяць лесазаводчыку, — усміхнуўся Ціхан і працягваў далей. — Галоўнаму спадабалася ідэя з таемнымі ахоўнікамі пушчы. Нябось, цяпер сядзіць і штабнуе ў Пецярбург пасланне — выкладае сваю новую думку. Больш нічога яму ўводзіць у вушы не трэба — досыць з яго. Трэба толькі прасачыць, каб ён не абабраў пушчу перад канцом сваёй службы. Хутка прыйдзе новы обер-фарстмайстар. Неабходна падрыхтавацца да яго прыходу, усюды паставіць сваіх надзейных людзей. Трэба параіцца з бацькам, ён падкажа, як зрабіць лепш для пушчы, — сур’ёзным голасам разважаў Ціхан.
— Разумны ты ў мяне брат, толькі не заганарыся на новай пасадзе. А то яшчэ перастанеш вітацца, і жонка твая каб не задрала нос, — адначасова здзекліва і жартаўліва сказаў Рыгор.
Браты зарагаталі, абняліся, і кожны накіраваўся ў свой бок.
Раніцай наступнага дня Рыгор прачнуўся крыху раней, паведаміў жонцы, што яму тэрмінова трэба ехаць да бацькі ў селішча. Малання прыгатавала сняданак, і ён разам з Рыкам адправіўся ў дарогу.
Спачатку пад’ехаў да карчмы Арона. Арон узрадавана выскачыў насустрач.
— Заходзь, Рыгорка, даўно цябе не было. Давай, садзіся, распавядзі якія навіны?
Стражнік папрасіў зачыніць дзверы. Арон зачыніў дзверы і прысеў насупраць стражніка. Той моўчкі дастаў з-за пазухі грошы. Пералічыўшы, паклаў на стол перад яўрэем.
Арон, не зводзячы з грошай вачэй, сказаў:
— Не крыўдзі мяне. Я табе ўжо казаў, грошай не вазьму.
— Дзядзька Арон, а гэта не мае грошы, а вашы. 1х вам перадало казначэйства...
Рыгор падрабязна распавёў карчмару пра суд. Арон жвава ўскочыў, падбег да сцяны і, хістаючыся, пачаў нешта манатонна гаварыць на незразумелай мове. Працягвалася гэта некалькі хвілін. Потым вярнуўся да стала, узяў грошы і схаваў іх за пазуху. Падбег да стражніка, схапіў яго рукі і пачаў іх цалаваць.
Рыгору стала няёмка, ён выхапіў рукі і абняў яўрэя, той ціха заплакаў.