— Супакойцеся, дзядзька Арон.
— Гэта нічога, гэта слёзы шчасця. Гэтых грошай хопіць, каб даць адукацыю Мошцы, — задумаўшыся, пачаў калыхаць галавой з боку ў бок.
— Трэба яшчэ адведаць бацьку, паеду да яго. Дзякуй за пачастунак, — Рыгор пачаў уставаць з-за стала.
Яўрэй замітусіўся.
— Дзякуй табе. Ты мяне выратаваў. Хадзем, пазнаёмлю цябе з Мошкай.
— Іншым разам, дзядзька Арон...
— Так, я разумею, я ўсё разумею. Заходзь да мяне як мага часцей, нават сярод ночы заходзь, добры чалавек, слухай Рыгор, а я пазнаў ваш сакрэт!
— Які сакрэт? — спалохана спытаў стражнік.
— Сакрэт вашай цудоўнай гарэлкі, — сказаў яўрэй
— Ну, і што гэта за сакрэт? — з палёгкай усміхнуўся стражнік.
— Мясцовыя ўмельцы гарэлку настойваюць на зуброўцы, — таямніча, з захапленнем гаварыў Арон. — Дык вось, калі правільна падабраць градус і правільна настаяць, то і адна чарачка развязвае язык падарожнаму люду любога саслоўя.
— Дзядзька Арон, мы даўно гэтыя напоі падсоўваем заезджым на паляванні. Гэта сапраўды языкі развязваюцца адразу ж, — пацвердзіў здагадку яўрэя Рыгор.
Праз некаторы час стражнік пад’ехаў да бацькавай хаты. Убачыў прывязанага каня Ціхана, зайшоў у хату. За сталом сядзелі бацька і Ціхан. На бацькавых губах блукала ўсмешка.
— Рыгор, я ўжо ўсё ведаю. Вы з Ціханам малайцы. Нават не магу паверыць, што так добра ў вас атрымалася.
Было выразна бачна, што Ян ганарыцца сынамі. А яшчэ больш за ўсё яго радавала, што яны ездзяць да яго раіцца. Добра, што яны хвалююцца за справу так, як калісьці ён. Бацькавы вочы свіціліся ад радасці. У сваіх сынах ён бачыў сябе маладога. Справа пушчы і зуброў у надзейных руках. Значыць, здолеў пасеяць у іх душах разумнае, выканаў галоўны бацькоўскі абавязак, выгадаваў сапраўдных мужчын.
10. Сварка
Праз тыдзень да Рыгора прыехаў брат. Мундзір старшага стражніка зіхацеў срэбнымі гузікамі.
Браты зайшлі ў хату. Ціхан распавёў, як пасяліўся ў хаце, дзе раней пражываў начальнік варты, як цэлы тыдзень аб’язджаў пушчу. На таксацыі пушчы задзейнічаныя сотні людзей. Як і меркаваў бацька, у гэтай справе замешаны лесапрамысловец Сімунд. Яго людзі ўжо вывозілі шмат драўніны на тартак.
— Так што, Рыгор, заўтра правяраем прасекі. Выязджаем на тыдзень, заадно і праверым обер-фарстмайстра. Справа вось у чым. Прасекі павінны быць пэўнай шырыні. Атрымліваецца, Сімунду трэба толькі вывозіць гатовую драўніну. Але гэтага яму мала. Як толькі ён бачыць добрае дрэва побач з прасекай, яго людзі тут жа спілоўваюць яго. Мы і падлічым, колькі лесу ён вывез незаконна. Складзем паперу і падамо галоўнаму распарадчыку, — дзелавіта тлумачыў Ціхан. — Што ён скажа?!
Раніцай браты накіраваліся да месца высечкі. Ехалі праз усю пушчу. Дабраліся толькі адвячоркам.
Пракладка прасек ішла поўным ходам. Насустрач, адзін за адным цягнуліся вазы лесу. Было заўважна, што Сімунд набраў процьму людзей з фурманкамі.
Браты начавалі разам з рабочымі і навукоўцамі з Пецярбурга. Апошнія былі здзіўленыя прыгажосцю лесу. Яны бывалі ў розных месцах на прасторах Расійскай імперыі, але такога векавога і дрымучага лесу не сустракалі нават у Сібіры.
— Рука не паднімаецца валіць трохсот-, двухсотгадовых прыгажуноў, — выказаўся адзін з іх. — Трэба захаваць пушчу для нашчадкаў.
Прыезджыя паскардзіліся, што не чакалі такой шчыльнасці векавых дрэў і турбаваліся за тэрміны выканання загаду міністра дзяржаўнай маёмасці, бо на ўсю таксацыю пушчы быў адведзены толькі адзін год.
Раніцай браты сталі лічыць уздоўж прасек пянькі. Ціхан ўсё запісваў.
Калі вярталіся на абед, пачулі шум і гам. На дарозе назбіралася вялікая колькасць пустых фурманак. Коні храплі, станавіліся на дыбкі, кідаліся ўбакі. Вазніцы лаяліся, не ведаючы, што рабіць.
Браты пад’ехалі бліжэй. Аказалася, што на прасеку выйшаў статак зуброў. Лесарубы пакідалі сякеры, разбегліся ў розныя бакі. Кожны з іх гатоў быў залезці ад страху на дрэва.
Браты спешыліся.
— Хто з вас старэйшы, падыдзіце да мяне? — гучна, каб чулі, сказаў Ціхан.
Да яго падышлі некалькі чалавек.
— Слухайце мяне ўважліва. Разварочвайце фурманкі і едзьце дадому. Прыедзеце сюды праз тры, чатыры дні. Бо цяпер сячэм прасеку праз лісцвяны лес, дзе шмат асін, і зубры адсюль не сыдуць. Калі мінуем гэты ўчастак, вы спакойна забярэце дзелавую драўніну. Цяпер зубры могуць раззлавацца і пачаць вас і коней атакаваць. Усім ясна?
— Ясна, — бліснуў вачыма адзін з прысутных. — Толькі як на гэта паглядзіць пан Сімунд. Вернемся парожнімі — будзе нас моцна лаяць.
— Скажыце, што гэта распараджэнне старшага стражніка, — патлумачыў Ціхан.