Выбрать главу

— Пайшла прэч! Дурніца! — груба адпіхнуўшы жонку, накіраваўся ў кабінет, за сабой гучна ляснуў дзвярыма.

Жонка ад такіх паводзін мужа проста аслупянела. Гэта было першы раз за ўсе гады сумеснага жыцця. Гэта яна кожны дзень магла закатваць істэрыкі мужу. Такім яна яго яшчэ не бачыла. Пастаяўшы хвіліну ў разгубленасці, ціха пайшла да сабе, асцярожна, каб не ляснуць, прычыніла дзверы.

Крыўда перапаўняла яе сэрца. Яна прысвяціла сваё жыццё гэтаму нахабніку. Яна, якая сваёй стройнай постаццю і загадкавай усмешкай турбавала сэрцы знакамітых франтаў Пецярбурга. Яе нястрымная фантазія малявала карціны помсты мужу.

І навошта я толькі выйшла замуж за гэтага нячулага чалавека? Як толькі ён перад шлюбам паведаміў аб новым прызначэнні ў Белавежскую пушчу, трэба было збегчы з царквы. Выходзячы замуж, спадзявалася застацца жыць у Пецярбургу. Зусім не збіралася жыць сярод пнёў. Спыняла толькі адсутнасць сродкаў. Грошай, якія прыносіў бацька са службы, катастрафічна бракавала — усё ішло на ўборы. Яна хацела наведваць тэатры, балі, а даводзіцца нявылазна сядзець у гэтых карчах. Не, так не пойдзе, далей сядзець тут пад замком немагчыма. Хуткім часам з’еду ў сталіцу, знайду багатага прыхільніка і акунуся з галавой у сапраўднае жыццё. А гэты нахабнік яшчэ на каленях прыпаўзе і будзе маліць вярнуцца.

У парыве гневу яна страціла дзве самыя лепшыя якасці жанчыны: сарамлівасць і пачуццё ўласнай годнасці. Розумавыя довады знішчаліся палётам фантазій і стварэннем ілюзій. Да самай раніцы яна малявала карціны помсты мужу, шчыра абураючыся і захлёбваючыся ад крыўды.

Галоўны распарадчык адкаркаваў бутэльку каньяку. Проста з яе пачаў піць. Моцны напой абпальваў глотку. Мозг ліхаманкава працаваў. Што рабіць?.. Што рабіць?.. Толькі заўчора адправіў фельд’егерам справаздачу ў Пецярбург. Падрабязную справаздача аб бліскуча праведзенай, як яму здава­лася, працы, а тут усё бурыцца. Гэты спрытняк Сімунд са сваёй прагнасцю можа зблытаць яго планы. А яшчэ ўчора здаваўся лепшым сябрам. Якія ж бываюць людзі!..

А гэтыя з Пецярбурга таксама могуць быць дасланыя прасачыць за парадкам. Данясуць, абавязкова данясуць! Малайчына Ціхан, своечасова падказаў. Трэба брацца за працу, трэба наводзіць належны парадак. Вакол адны злодзеі і даносчыкі.

Гэх. І навошта паслухаўся гэтага прайдзісвета Сімунда. Вось балван, толькі пяць гадоў засталося, і сышоў бы ціха ў адстаўку. Дык не ж, ляснуў з вялікага розуму ў Пецярбургу, што нядрэнна было б правесці таксацыю пушчы, а тыя і пагадзіліся. Даслалі людзей з Пецярбурга. Дзеля чаго я паслухаўся гэтага замежніка?

Няма чаго Бога гнявіць, грошай трохі назапасіў. Калі не мантачыць, хапіла б на астатнія гады, яшчэ б і дзецям засталося. А не — мала. Вось нячысцік паблытаў. А зараз, калі данясуць, можна і на катаргу загрымець.

Обер-фарстмайстар яшчэ адсярбнуў з бутэлькі.

Нуда і страх не праходзілі, а яшчэ толькі больш узмацніліся.

Абхапіўшы аберуч галаву, галоўны распарадчык сядзеў за сталом.

Як выйсці з гэтага становішча? Выказаць усё на паперы і адправіць у Пецярбург? Могуць сказаць, чаму не прымаў ніякіх мер? Забараніць Сімунду вывозіць драўніну, — таксама дрэнна, можа не аддаць грошы. Навошта я, дурань, частку грошай пакінуў у яго на захоўванне. Думаў, што ён прыстойны чалавек. Цяпер яны сапраўды беззваротна знікнуць.

Цяпер робіцца ясна, для чаго яму патрэбныя прасекі. Яму прасекі патрэбныя, каб дабрацца да ўсёй пушчы. Увесь лес бясплатна аддай, гатовыя бярвёны, — усё роўна будзе мала. Вось шэльма, а не чалавек.

Фёдар Канстанцінавіч збянтэжана шныраў вачыма ў цемры.

Стары Сімунд сабе такога не дазваляў, хоць трохі сумленне меў. А яго сын, гэты малады нахабнік, і на грош яго не мае. Цяпер хоць і позна, але ўсё з ім высветлілася.

Трохі супакоіўшыся, галоўны распарадчык стаў думаць пра людзей з Пецярбурга. Данясуць, ці не данясуць на яго свайму вышэйстаячаму начальству. Аб мясцовых, сваіх падпарадкаваных ён і думкі такой не дапускаў. Ад свайго папярэдніка чуў — гэтыя беларусы сваіх не прадаюць і не выдаюць.

Чамусьці ўзгадаўся выпадак з канакрадам. Сяляне злавілі яго і павесілі.

Пачалося следства. Пад дрэвам, па слядах, відаць, што вешалі канакрада натоўпам. Другі год шукаюць жандары, хто гэта зрабіў. Усё насельніцтва выклікалася на допыт — дарэмна. Усе адказваюць аднолькава. Павешанага канакрада бачыў, як вешалі — бачыў, а хто павесіў.

Жывуць гэтыя беларусы, як каралі. Нават дзвярных замкоў няма. Сыходзяць з хаты, звычайны вярбовы дубчык засунуць за клямку дзвярэй — і ўсё, увесь замок. Ніхто чужы ў хату ніколі не зойдзе. Цудоўныя, прыстойныя людзі, праблем з імі ніякіх. Толькі дровы нарыхтоўваюць без запытання, але бяруць высмаглыя, паваленыя ветрам дрэвы. Гэта ў іх не лічыцца крадзяжом. Нават лаяцца язык не паварочваецца. Шкоды лесу ад узятага старога, засохлага дрэва няма. А калі трэба спілаваць добры лес на будову жылля, то заўсёды прыходзяць і пытаюць дазволу. Пакажыце, якія дрэвы можна спілаваць? Не тое, што гэты прайдзісвет Сімунд.