Выбрать главу

Змрочныя, маркотныя думкі апаноўвалі яго.

Жонка яму, вядома, трапілася ого-го! Калі сватаўся да яе, ягнём прыкінулася — такая ласкавая, далікатная. А як ажаніўся — усё ёй не так, усё дрэнна. Раней хоць іншых саромелася, а цяпер. Цэлымі днямі нічога не робіць, толькі чытае французскія раманы. Уявіла сябе чорт ведае кім.

Яе бацька простым, дробным службоўцам у судзе быў. Пасаг за дачкой даў які? Смешна сказаць, капейкі. Толькі і ўмеў з важным выглядам сказаць: — «Устаць! Суд ідзе!»

Обер-фарстмайстар праседзеў у цемры ўсю ноч. На многае яму адкрыліся вочы, і цяпер на ўсё глядзеў інакш. Выхаду са становішча, якое стварылася, ён не бачыў, але ўсвядоміў, што трэба шмат у сваім жыцці змяніць, так працягвацца не можа.

Толькі пад раніцу яго змарыў сон; заснуў седзячы за сталом.

Пасля сыходу обер-фарстмайстара Сімунд быў таксама моцна раз’юшаны.

Што за дзікія людзі, гэтыя славяне? Як яго бацька гэтулькі гадоў мог пражыць сярод іх? І завошта ён іх любіў? Усё казаў мне ў дзяцінстве: глядзі сын, такога лесу і такіх дзіўных людзей ты ў нас не сустрэнеш.

Што добрага ён знайшоў у гэтым дрымучым лесе? Высекчы яго цалкам трэба, хоць нейкая карысць будзе. У Еўропе можна ўзяць за дубы і карабельныя хвоі вялікія грошы.

А гэты нахабнік нічога не робіць, а грошы атрымліваць хоча. Яму што, лесу шкада, гэта ж не яго ўласны, а казённы.

Рускія ходзяць па золаце, а лянуюцца нагнуцца і падабраць. Берагуць нічыйны лес, як свой. Зуброў, бачыш, ім трэба захаваць. Каму патрэбныя гэтыя бескарысныя жывёлы?

Ён, гэты надзьмуты фазан обер-фарстмайстар, няўжо не разумее, што яго грошы ў мяне, вось за іх я і магу наняць дадаткова людзей. Больш ён у мяне меднай манеты не атрымае. Дзікун! Нагрубіяніў, дзверы ў сталовай зламаў. Усё гэта трэба ўлічыць і адлічыць з яго сумы. Добра, што гэтыя дзікуны не ведаюць сапраўдны кошт, за які іх лес прадаю. Да пятага калена дзецям і ўнукам хопіць сродкаў жыць у раскошы.

11. Выратаванне пушчанскай таямніцы

Наступнага дня раніцай, прывёўшы сябе ў парадак, обер-фарстмайстар распарадзіўся тэрмінова паклікаць старшага стражніка.

За абедам яны абмеркавалі справы ў іх гаспадарцы. Фёдар Канстанцінавіч прапанаваў аб’ехаць бліжэйшыя маёнткі. Падгаварыць іх уласнікаў на ўзаемавыгадных умовах удзельнічаць у таксацыі пушчы. Пачаць трэба з маёнткаў, размешчаных там, дзе прасекі ўжо зробленыя.

— Адкладваць нельга — заўтра і распачнём аб’езд, — з вялікай заклапочанасцю падагульніў размову галоўны распарадчык.

Раніцай яны рушылі ў дарогу. Фёдар Канстанцінавіч пасадзіў Ціхана ў сваю прыгожую рысорную брычку. Іх суправаджаў эскорт з чатырох стралкоў.

Дарогай спыняліся агледзець гатовыя прасекі. Ды і што там было спыняцца?! Фёдар Канстанцінавіч застаўся незадаволены. Вакол валялася галлё, пакінутае пасля ачысткі дзелавой драўніны, а галоўнае, — процьма паваленых тоўстых асін, бяроз, вольхі.

Ціхан паказаў пянькі карабельных хвой побач з прасекамі.

— Так, бачу, — скрушна ківаў галавою обер-фарстмайстар. — Сімунд не спіць. Цяпер я ў гэтым пераканаўся асабіста, — цяжка ўздыхнуў ён. — Выбірае лепшае, астатняе кідае...

Ціхан пры гэтых словах усміхнуўся. Успомніў, як з братам перадражнівалі іх высокаблагароддзе.

Далей іх шлях ляжаў на сядзібы памешчыкаў.

Прымалі ветліва, як дарагіх госцей. Запрашалі перакусіць. Усе без выключэння былі рады магчымасці набраць дроў. За кожным разам пры такіх гутарках галоўны распарадчык прасіў забіраць і галлё, парадчыць прасекі. Памешчыкі абяцалі асабіста сачыць за гэтым. Заехалі ў Камянец-Літоўск. Упершыню Ціхан бачыў старажытную вежу. Пра яе чуў з дзяцінства, а вось бачыў першы раз.

На начлег спыніліся ў знаёмага шляхціца. Асабняк акружаў маляўнічы старадаўні парк. Вельмі прыгожай была стайня з бруса пад гонтай. Г аспадар асабняка Рычард Паплаўскі быў польскага паходжання і па-руску гаварыў слаба. Падчас доўгай вячэры ўспаміналі дні, праведзеныя на сумесных паляваннях, розныя прыгоды. Паплаўскі расказаў, як мінулай восенню сын застрэліў мядзведзя.

— Запрасілі мяне на паляванне, на дзікоў. Мы з сынам сталі на нумары недалёка адзін ад аднаго. Загоншчыкі спусцілі сабак. Чую побач стрэл і бачу, як бяжыць да мяне сын, белы як смерць. Пытаю яго, што здарылася. А ён мне перапуджаным голасам кажа: «Дзік падняўся на заднія лапы і ідзе. Я стрэльнуў, а ён усё ідзе. Я кінуў стрэльбу і бягом да цябе, тата». Тлумачу сыну, што такога не можа быць, бо дзікі не ходзяць на задніх лапах. Пайшлі глядзець, каб забраць стрэльбу. А там, побач са стрэльбай, ляжыць мядзведзь. Мы віншуем сына з дарагім трафеем, а ён кажа: тата, я быў на паляванні першы і апошні раз.