Выбрать главу

Ціхан маўчаў, больш слухаў і з цікавасцю разглядаў гістарычныя карціны на сценах паляўнічай залы.

Раніцай выправіліся далей. Дарогай часам заварочвалі ў спадарожныя фальваркі. Часта сустракаліся сялібы аднадворцаў, якія не пацвердзілі свае правы на дваранскае паходжанне. Адны з іх жылі на ўласных малюсенькіх участках зямлі, другія — на казённых. Дрэнныя хаткі, як у сялян на нагах лапці, ці поршы. Толькі адзежа, з такога ж сукна хатняга вырабу, пашытая інакш — з высокім стаячым каўняром. Цікава было з імі гаварыць. Былыя шляхціцы не радніліся з сялянамі. Часта яны былі напаўпісьменнымі, але памяталі свой радавод, ганарыліся продкамі. Некаторыя з іх мелі цэлыя куфэркі, набітыя старадаўнімі граматамі, рознымі дакументамі на прывілеі, якія даказвалі іх дваранскае паходжанне. Пасля рэформы 1843 года яны зваліся грамадзянамі-аднадворцамі. Такім обер-фарстмайстар дазваляў нарыхтоўваць дровы без адпрацоўкі.

Кожны багаты памешчык меў сваіх так званых рэзідэнтаў з бедных дваран, часцей за ўсё адстаўных афіцэраў. Як звярнуў увагу Ціхан, між імі былі шляхетныя і сумленныя людзі, але сустракаліся і розныя круцялі і дармаеды, якія нават гатовыя дровы адмаўляліся браць. Яны хваліліся паляўнічымі сабакамі, калекцыямі стрэльбаў. Любілі распавядаць пра свае паляўнічыя подзвігі, часам хлусілі так, што было сорамна слухаць.

Паездка па наваколлях пушчы Ціхану спадабалася. Асабліва сустрэчы з людзьмі.

Здзівіла стараннасць Фёдара Канстанцінавіча, нібы хтосьці яго падмяніў.

Раніцай наступнага дня, як і дамаўляліся, разам накіраваліся да высечак. Дарогай сустрэлі вялікую колькасць фурманак, гружаных даверху. Прыгонныя чысцілі прасекі, забіралі ўсё на дровы. На адной, раней зробленай, затрымаліся і прайшліся. Прасека выглядала зусім па-іншаму. Ствалы дрэў вывезеныя, а дробнае галлё і верхавіны прыбраныя.

Іх высокаблагароддзе з вялікім задавальненнем прамовіў:

— Ціхан, глядзі, выглядаюць прасекі зусім інакш, толькі пянёчкі бялеюць. Усё можна рабіць разумна. Прыемна зірнуць, так і павінна быць.

— Цалкам з вамі пагаджаюся, ваша высокаблагароддзе. Цяпер выглядае па-гаспадарску, — сказаў Ціхан, а сам падумаў, дарма ўсё гэта. Праз дзесяць гадоў ад гэтай прасекі не застанецца і следу — зарасце.

Паехалі далей. Насустрач коні цягнулі на вяроўках доўгія ствалы карабельных хвой. Бярвёны ўпіраліся ў пні, вазніцы падважвалі і адкочвалі бярвёны ўбок, пры гэтым моцна лаяліся.

Обер-фарстмайстар прывітаўся з адмыслоўцамі з Пецярбурга і ляснічымі, якія тут распараджаліся.

Карабельныя хвоі стаялі суцэльнай сцяной, як салдаты на пляцы. Галлё расло толькі на самой верхавіне, а ўнізе ствалы былі цалкам голыя. Кара дрэва па вышыні пераходзіла ад чорна-шэрага да светла-мядзянага колеру. Калі іх валілі, усе разбягаліся ўпрочкі. Хвоя падала гучна; спачатку быў трэск, потым рыпенне і ў канцы грукат ад удару аб зямлю.

Нечакана на прасецы з’явіўся Сімунд. Убачыўшы яго, галоўны распарадчык нечакага пабарвовеў.

— Гаспадзін Сімунд, — сказаў ён заміж прывітання, — неабходна аплаціць за дрэвы, спілаваныя па-за лініяй прасекі. Грошы трэба ўнесці ў казначэйства ў суме дзесяць тысяч рублёў.

Ад пачутых слоў Сімунд нават не міргнуў вокам, як не чуў.

— Грошы трэба ўнесці на працягу двух тыдняў, — паўтарыў Фёдар Канстанцінавіч. — Калі вышэйназванай сумы не будзе, мушу паведаміць у Пецярбург. Вы будзеце пазбаўлены канцэсіі на нарыхтоўку дзелавой драўніны. Знойдзем іншага лесапрамыслоўца.

Ён разумеў, што цяпер кожнае вымаўленае ім слова на вагу золата і, супрацівячыся аплаце, можна сабе моцна зашкодзіць. Кантракты з нямецкімі пакупнікамі падпісаныя. Іх нашы калатнечы не цікавяць, ім патрэбна якасная драўніна. Дзявацца няма куды.

Сімунд добразычліва пасміхнуўся. Добра, што гэты надзьмуты рускі балван не ведае сапраўднага кошту гэтым хвоям. Тым больш, што аплата будзе яго грашыма. Так, не своечасова сюды прыехаў, не чакаў сустрэць тут оберфарстмайстра. Але ўжо вельмі карцела агледзець хвоі, якія пачалі прывозіць на пільню, ды якую прыгажуню збоку прасекі спусціць.