Нібы чытаючы думкі Сімунда, іх высокаблагароддзе працягваў:
— Гаспадзін Сімунд, і крый Божа вас зрэзаць хоць адно дрэва акрамя прасекі. Я з вамі не жартую. Дзе вашы людзі? Чаму яны толькі вывозяць гатовы лес, а не дапамагаюць пілаваць і валіць? Будзьце ласкавы, гаспадзін Сімунд, дайце такое распараджэнне сваім людзям.
Ад такой нечаканкі ў Сімунда пашарэў твар. Сабраў сілы, каб не адказаць грубасцю. Але зноў успомніў аб тэрмінах і кантрактах. Паглядзеў на стромкія хвоі і толькі заскрыпеў зубамі: цяпер ужо сапраўды не атрымае ён у мяне ні капейкі. Так, няўдалы момант выбраў для паездкі. Не атрымаецца гэтага рускага мядзведзя зрабіць ручным, прэ напралом.
— Нам пара. Спадары, маю гонар, — галоўны распарадчык прыклаў руку да брыля. — Ціхан, едзем у цэнтральную сядзібу.
Сімунд стаяў на ранейшым месцы, журботна апусціўшы галаву. Яго твар пунсавеў ад злосці.
Цяпер ясна, што сяброўству між лесапрамыслоўцам і галоўным распарадчыкам пушчы канец. Пушча ад гэтага толькі выйграе. А прасекі нічога, пройдуць гады, і зажывуць раны на целе пушчы. Унукі і месца не знойдуць, дзе яны праходзілі прамымі як страла лініямі.
Настрой у Ціхана палепшыўся. Ён з усмешкай глядзеў на обер-фарстмайстра; іх высокаблагароддзе сядзеў у брычцы, апусціўшы галаву.
Ён думаў, што пасля гэтай гутаркі яму не відаць сваіх грошай. Але трэба чымсьці ахвяраваць дзеля выратавання ўласнай скуры. Катарга — гэта не жарт. Добра, што гутарку з Сімундам чулі тыя, з Пецярбурга. На душы стала лягчэй, нібы зваліўся камень. Павесялеўшы, обер-фарстмайстар услых прабасіў:
— Ціхан, я правільна зрабіў, што гэтага паўліна паставіў на месца? А за яго грошы мы наймём прыгонных спадара Шаурава. З кожнага двара возьмем па адным чалавеку на высечку, ты як думаеш?
— Цалкам згодны, ваша высокаблагароддзе, гэта будзе па-гаспадарску. А з Сімундам вы паступілі правільна.
— Дзякую табе за службу, Ціхан, ты своечасова мяне папярэдзіў. Я і не ведаў, што ў мяне пад бокам такое дзеецца. Давай заедзем да мяне, трэба зняць напругу. Ніякіх нерваў не хапае на гэтую працу.
Брычка пад’ехала да галоўнай сядзібы. Гаспадар распарадзіўся накрыць стол на дзве персоны. За вячэрай абмяркоўвалі бягучыя справы.
Ціхан адчуваў сябе няўтульна, не абвык ён вячэраць са спадарамі. Багацце посуду, відэльцаў, нажоў збянтэжылі яго. Спрытна карыстацца нажом з відэльцам, як обер-фарстмайстар, ён не ўмеў.
Але іх высокаблагароддзе быў літасцівы:
— Ціхан, будзь прасцей — прыборамі карыстайся як умееш. Навучышся. Так сказаць, твая новая пасада абавязвае. Нам трэба нанесці яшчэ некалькі візітаў. Пакуль толькі аб’ехалі паўднёвы бок пушчы. Калі пачнуць рабіць прасекі бліжэй да цэнтра, візіты адновім. Мяне ў дадзены момант хвалюе наша адставанне ў таксацыі, хачу пачуць тваё меркаванне, — галоўны распарадчык глядзеў на яго дапытліва.
— Так, гэта бяда, — уздыхнуў Ціхан. — Можа, ёсць сэнс унесці змены ў таксацыю?
— Гэта як? — галоўны распарадчык перастаў жаваць, здзіўлена падняў бровы.
Ціхан апусціў галаву і раптам цвёрда, хоць і спадылба, глянуў на Фёдара Канстанцінавіча.
— Ну, павялічыць адлегласць між прасекамі ўдвая. А цэнтр пушчы наогул пакінуць некранутым. Можа, у будучым нашу пушчу наведае цар. Што мы яму пакажам — прасекі?
— Т-так, — шнырыў вачыма па стале галоўны распарадчык. — Ход тваіх думак мне падабаецца. Ёсць над чым задумацца. Давай, не адкладаючы, хадзем да мяне ў кабінет, там каля карты ўсё падрабязней абгаворым.
Ціхан прайшоў за іх высокаблагароддзем у кабінет. Ён усведамляў важнасць моманту. Ад сённяшняй гутаркі залежыць многае, калі не ўсё. Трэба ратаваць тысячагадовага бацьку-дуба, святы камень ды і ўсю пушчу.
Ціхан уважліва агледзеў карту. Іх высокаблагароддзе паказаў яму, дзе ў дадзены момант робяць высечку.
Лёгкае хваляванне падступіла да Ціхана.
— Ваша высокаблагароддзе, — сказаў ён. — Вось калі б у мяне была такая карта, праз тыдзень я змог бы далажыць, што да чаго. Мы павінны параіцца з адмыслоўцамі з Пецярбурга. Яны таксама абавязаныя прыняць удзел. Вы, ваша высокаблагароддзе, павінны ўсё ўлічыць.
— Ціхан, ты малайчына, — усхвалявана сказаў галоўны распарадчык. — Бачу, нездарма я табе гэтую пасаду даверыў. Заўтра пецярбуржцы будуць на галоўнай сядзібе, вось я з імі і перамоўлюся.
— Ваша высокаблагароддзе, яны мне жаліліся, што не чакалі такой шчыльнасці дрэў, — ужо больш упэўнена патлумачыў Ціхан. — А што будзе, калі яны дабяруцца да цэнтральнай часткі пушчы? Тамака лес стаіць сцяной.
— Карту пушчы табе дам іншую, меншую, — перабіў яго Фёдар Канстанцінавіч. — Ты памазгуй, як лепш зрабіць. Праз тыдзень чакаю цябе з гатовай прапановай.