Обер-фарстмайстар, абдумваючы размову са старшым стражнікам, выйшаў з кабінета і нечакана сустрэў жонку. Некалькі дзён яны між сабой не размаўлялі.
— Ты ўжо зусім розум страціў, — заявіла жанчына. — Дакаціўся. Абедаеш і вячэраеш разам з работнікамі, ніякай субардынацыі. Чаму да нас не прыязджае Сімунд?
— Дарагая Нінэль, гэты чалавек уратаваў мяне ад катаргі, а твой любімы Сімунд хацеў мяне туды запраторыць. І мне рашаць, з кім мне лепш вячэраць.
А каб ты не сумавала, то хуткім часам мы з’ездзім у Пецярбург і забяром сюды дзяцей.
— Не жадаю, каб мае дзеці раслі тут! — адказала жонка. — Ім патрэбна таварыства сабе падобных, а не ласёў і дзікоў.
— І перастань рабіць з сябе асобу блакітных крывей. Калі цябе нешта не задавальняе — ты свабодная. Дзяцей забяру сюды. Але ўтрыманне атрымаеш невялікае, бо твой любімы Сімунд выкраў нашы грошы і не збіраецца іх вяртаць.
— Фёдар, ты мяне палохаеш. Як гэта не збіраецца вяртаць? — яе вочы загарэліся ледзь не жудасцю.
— Вельмі проста, родная. Ён хацеў мяне адправіць на катаргу, а з нашымі грашыма ўцячы да сябе на радзіму. Так што нага гэтага прайдзісвета парог больш не пераступіць. Яшчэ невядома, чым усё скончыцца. Грошы прапалі адназначна, а вось катарга.
— Фёдар, ты гаворыш страшныя рэчы. Скажы хутчэй, што гэта ўсё няпраўда, — умольна, з дрыготкай у голасе сказала яна. Жончына фанабэрыя знікла, як і не было.
— Я б рады, Нінэль, гэтак табе сказаць. Але рэальнае становішча нашых спраў такое. А што, у тваіх французскіх раманах падобнае не апісваецца? — цяжка ўсміхнуўся галоўны распарадчык і, не чакаючы адказу, працягваў. — Мая табе сяброўская рада. Неадкладна спалі іх усе. Гэта цалкам бескарысныя кнігі. Распачынай чытаць уважліва Біблію. Там абавязкова знойдзеш карысныя для жыцця сюжэты. Усё! Трэба ісці адпачываць, шанаваць кожнае імгненне на волі.
— Фёдар! Дарагі! Калі ласка, я баюся застацца адна. Я цябе ўмольваю, не пакідай мяне адну, — усхліпвала яна. Яе прыгожыя вочы ўстрывожана глядзелі на мужа.
Голас у жонкі змяніўся ад варожага і гнеўнага да пяшчотнага і змучанага. Обер-фарстмайстру раптам стала яе шкада і, цяжка ўздыхнуўшы, ён спакойна сказаў:
— Давай, даражэнькая, класціся спаць, ужо поўнач.
Яны накіраваліся ў спальню разам. Яна першы раз за ўсё іх сумеснае жыццё дапамагла яму распрануцца, зняць мундзір. У гэтую ноч іх высокаблагароддзе обер-фарстмайстар спазнаў, якой ласкавай і далікатнай можа быць жанчына. Гэта была казачная, незабыўная ноч, поўная ўзаемнага кахання.
Раніцай галоўны распарадчык прачнуўся, калі сонца было ўжо высока. Праз няшчыльна зачыненыя дзверы даносіўся добразычлівы голас жонкі. Яна давала распараджэнні прыслузе. Калі ён зайшоў у сталовую, там быў шыкоўна сабраны стол. Жонка мітусілася разам з наймічкамі. Сняданак прайшоў выдатна. Жонка бесперапынку ціўкала, нахвальваючы кухара. Сама падлівала мужу гарбату, чаго раней не здаралася ніколі.
За сняданкам ён паведаміў, што збіраецца запрасіць на абед адмыслоўцаў з Пецярбурга. Нінэль, пачуўшы гэта, адразу ж ускочыла і пабегла на кухню даваць неабходныя распараджэнні. Праз некалькі хвілін вярнулася:
— Дарагі! На колькі асоб гатаваць абед.
Іх высокаблагароддзе ад здзіўлення нават папярхнуўся. Жонка пастукала яго па спіне.
— На сем чалавек, — адказаў галоўны распарадчык.
На вуліцы яго сустрэла летняе надвор’е. Сонца прыемна і ласкава свяціла. Насустрач падбег старшы каравульны.
— Добрай раніцы, ваша высокаблагароддзе. Якія будуць указанні?
— Ніякіх указанняў не будзе, сёння нядзеля — можаце адпачываць. Я прагуляюся, заадно праверу, як там нашы сталічныя госці.
Няспешна накіраваўся да хаты, дзе пражывалі пецярбуржцы. Пастукаў у дзверы.
— Уваходзьце!
Обер-фарстмайстар пераступіў парог. У пакоі за сталом сядзелі пяцёра мужчын. Ён прывітаўся. Пецярбуржцы ўскочылі са сваіх месцаў. Адчувалася, што з’яўлення галоўнага распарадчыка пушчы яны не чакалі.
Пецярбуржцы замітусіліся, вызваляючы іх высокаблагароддзю месца за сталом.
Обер-фарстмайстар сеў на прапанаванае крэсла.
— Спадарства, запрашаю вас сёння да сябе на абед. А трэцяй гадзіне, — удакладніў, падняўся і выйшаў на вуліцу.
Так, надвор’е сёння прыемнае. Трэба жонку вывезці на прыроду, заседзелася дома. Эх, былі б побач дзеці. Вось такім цёплым летнім днём усёй сям’ёй з’ездзіць бы на возера. Пасядзець з вудай. Гэта было б вельмі цудоўна. Як мы не ўмеем шанаваць прыгажосць.
Не спяшаючыся, галоўны распарадчык пушчы накіраваўся дадому.