Выбрать главу

Ціхан з самой раніцы сядзеў над картай Белавежскай пушчы. Прыкінуў, колькі прасек ужо зроблена, колькі заставалася зрабіць. Калі рабіць іх там, дзе нядаўна быў пажар, дзе маладыя дрэвы секчы лягчэй, справа пойдзе хутчэй. Галоўнае, Сімунд застанецца з носам. Цэнтр з векавым лесам трэба пакінуць. Варта параіцца з Рыгором. Праз тыдзень, як абяцана, і дакладу, разважаў Ціхан.

За абедам у обер-фарстмайстра пецярбуржцы адразу ж пачалі жаліцца, што да тэрміну з таксацыяй яны ніяк не паспеюць. Ужо вядуць некалькі прасек адначасова, але адставанне не паменшылася. Лес неверагодна густы, а самі дрэвы страшэнна тоўстыя. Ну, а калі на шляху сустракаецца пракаветны дуб, то пішы — прапала. Нават калі заняць больш людзей, хуткасці праходкі гэта не дадае. Секчы і пілаваць даводзіцца па адным дрэве. Такога лесу яны ў сваёй шматгадовай практыцы не сустракалі.

— Што рабіць? Тэрмін на правядзенне таксацыі нам не зменяць, фінансаванне не павялічаць. Вы ж бачыце, я дадаткова наняў людзей, адшукаў сродкі, раблю ўсё, што ў маіх сілах, — тлумачыў галоўны распарадчык, — але якое выйсце?!

Таксатары згадзіліся, але гатовых рашэнняў не мелі і выхаду з сітуацыі, якая склалася, не бачылі. Усе пагадзіліся, што належыць скласці грунтоўную дакладную і фельд’егерам адправіць у Пецярбург начальству. Обер-фарстмай­стар таксама прапанаваў старшаму адмыслоўцу з’ездзіць з ім у Пецярбург.

Тым часам скарбнік паведаміў, што Сімунд выплаціў у казначэйства дзесяць тысяч асігнацыямі. Гэтае паведамленне ўзрадавала обер-фарстмайстра, цяпер можна смела ехаць у Пецярбург. Але паколькі паводзіны яго жонкі рэзка змяніліся ў лепшы бок, ён вырашыў пра грошы памаўчаць. Сказаў толькі, што ў Пецярбург выязджае па службовых справах, заадно праз сувязі паспрабуе прадухіліць арышт. Таксама і дзяцей трэба забраць у Белавеж. Жонка гэтую прапанову цалкам падтрымала.

Калі галоўны распарадчык з жонкай і галоўным адмыслоўцам імператарскага рускага геаграфічнага таварыства адбылі ў Пецярбург, у пушчы распачалася нарыхтоўка сена. Стралкі і ляснічыя ставілі стагі. Зубры, праходзячы міма, прыглядаліся да іх працы, нібы разумеючы, каму нарыхтоўваюцца запасы.

Ужо чырванеў арабінамі жнівень. У гэтую пару ў зуброў пачынаецца гон. Звычайна спакойны і велічны зубр у гэты час ператвараецца ў шалёную і лютую істоту. Самцы робяцца раздражняльнымі, нібы вар’яцеюць, і выкарыстоўваюць любую нагоду пачасаць рогі. А што ўжо казаць, калі счэпяцца два дастойныя сапернікі?

Гон пачынаецца з таго, што на працягу двух, трох тыдняў чуецца ваяўнічае рыканне зуброў, а паветра напаўняецца пахам мускусу. Звяры быццам перараджаюцца, шалеюць, бегаюць, — весялосць у поўным разгары. Любімая іх забава — падкопвацца рагамі пад маладыя дрэвы датуль, пакуль іх не перакуляць каранямі дагары. Бывае і так, што карані ўчэпяцца ў рогі, зубр пачынае скакаць з дрэўцам на галаве пад шум і трэск, нібы то сам лясун разгуляўся.

Але гора маладому, яшчэ неспрактыкаванаму трохгадоваму зубрыку, калі ён навядзе рэўнасць на старога зубра і адаб’е ў яго ўмілаваную. Зачэпленае за жывое старэчае самалюбства спараджае прагу помсты, і тады пачынаец­ца люты бой. Добра, калі малады зубр паплаціцца патрушчанымі рэбрамі і адступіцца. Бывае, што аднолькавыя па сіле зубры свой бой вядуць доўга, суткамі, да поўнай знямогі. Але ў асноўным пры першай сутычцы слабейшы зубр заўсёды саступае моцнаму саперніку. Пасля выпрабавальнага бою ён ганарліва сыходзіць.

Для адных зуброў гэта час кахання, пяшчоты, запалу, для другіх — крывавых сутыкненняў. Чалавеку тады небяспечна набліжацца да зуброў, яны паводзяць сябе непрадказальна.

Тым часам дарогай у Пецярбург, недалёка ад павятовага мястэчка Пскоўскай губерні з дзіўным назовам Дно, каляска галоўнага распарадчыка сустрэла дзве колоны катаржнікаў. Гэтыя колоны суправаджалі конныя жандары. Убачыўшы набліжэнне панскай брычкі, яны пачалі зганяць катаржнікаў убок.

Фёдар Канстанцінавіч з сумам агледзеў калоны катаржнікаў і зірнуў на жонку. Тая сядзела з бледным тварам, здавалася, яшчэ трохі і яна знепрытомнее. Калі абагналі арыштантаў, обер-фарстмайстар зняў фуражку і хустачкай выцер на патыліцы пот. Так, гэта жудасна, якія пакуты даводзіцца выпрабоўваць гэтым няшчасным людзям, падумаў ён.

Пецярбург сустрэў обер-фарстмайстра добрым летнім надвор’ем, толькі што прайшоў дождж. Дарагія карэты і каляскі з грукатам праносіліся па бруку, распырскваючы ваду. У лужынах крыва адлюстроўваліся ліхтары.

Каб не абцяжарваць бацькоў, галоўны распарадчык з жонкай знялі мэбляваны нумар у гасцініцы «Неўская». Раніцай наведалі дзяцей; сын і дачка шчыра ўзрадаваліся нечаканаму прыезду бацькоў. Обер-фарстмайстар запрасіў дзяцей прагуляцца гарадскімі вуліцамі. Разам з імі з вялікім задавальненнем прайшоўся Неўскім праспектам. Зайшлі ў французскую кандытарскую, папесціў дзяцей і сябе смачным пірожным. Падчас шпацыру дзеці, перабіваючы адно аднаго, распавядалі бацьку аб сваіх поспехах у вучобе. Пасля агляду Дварцовага пляца ўздоўж набярэжнай Нявы вярнуліся дадому.