— Тэс! — галоўны распарадчык залажыў рукі за спіну. — Няўжо вы верыце ў тое, што толькі што сказалі? Наколькі я ведаю, вы прадаяце драўніну толькі за наяўныя. У апошні час нават не паспяваеце пілаваць, а гоніце кругляк. Бераце бясплатна, прадаяце за грошы, а іх няма? Скажу болей, — распарадчык зрабіў загадкавы выгляд. — Хтосьці напісаў данос на вас у Пецярбург. Апісаў падрабязна, як вы крадзеце лес. Калі б я прыехаў у Пецярбург на тыдзень пазней, то мы разам былі б ужо ў Сібіры на катарзе. Нас выратавала тое, што прайшла па казначэйстве ваша аплата штрафу. Мне давялося дадаткова патраціцца, каб гэтую справу спусціць на тармазах... Вытрымаўшы паўзу, Фёдар Канстанцінавіч працягнуў размову:
— Скажыце, Сімунд, колькі стражніцкіх хат вы збудавалі пасля смерці вашага бацькі? Паводле вашай канцэсіі вы павінны будаваць тры хаты маім службоўцам штогод. Калі будзе працягвацца так і далей, вы будзеце пазбаўлены канцэсіі. Нашы вусныя дамоўленасці можна не выконваць. Вярніце толькі мае дзесяць тысяч і прыкладзіце пяць тысяч, якія я выдаткаваў, каб замяць справу. Больш не збіраюся мець з вамі ніякіх спраў. Гонар маю! — оберфарстмайстар, не падаўшы рукі, павярнуўся і хуткімі крокамі пайшоў прэч.
Яшчэ некалькі хвілін Сімунд стаяў на месцы, як статуй, потым завярнуў да сваёй брычкі.
Яго мозг кіпеў. Бурыліся ўсе яго планы. Ён прыехаў дахаты, замкнуўся і тры дні нікога не прымаў; увесь гэты час абдумваў свае наступныя дзеянні.
Што рабіць далей: плюнуць на ўсё і з’ехаць на радзіму? Але там адны толькі камяні. Так, грошай хопіць, каб пражыць, але без справы ён не мог, яму трэба чымсьці займацца.
Прааналізаваўшы ўсё, да свайго здзіўлення ўсвядоміў, што не ўсё так дрэнна. Яму можна атрымліваць невялікі, але пастаянны прыбытак. Можна патаргавацца з купцамі дзелавой драўніны. Гэта яго жыццё, без якога ён ужо не можа. Ён пачаў разумець свайго бацьку. Яму раптам стала страшна, што можа страціць сваю справу, справу бацькі.
Так, здаецца, перагнуў палку, і трэба выпраўляць становішча. Дарма з галоўным распарадчыкам пушчы пайшоў на канфлікт. Усё-ткі трэба прымаць законы краіны, у якой жывеш.
Успомніў, як на судзе жандары апраналі кайданы памешчыку Шаураву. Ад страху яго нават перасмыкнула. Так, трэба ехаць у кантору і спрабаваць памірыцца з распарадчыкам.
Апрануўшыся, накіраваўся да лесапільні. Там ужо два дні яго чакалі нямецкія купцы. Сімунд перапрасіў за сваю адсутнасць.
— Неспадзяваныя акалічнасці, панове, — патлумачыў ён. Адбыліся некаторыя змены. Гэтыя карабельныя хвоі ў штабелях апошнія.
Хуткім крокам накіраваўся ў кабінет, не запрашаючы за сабой гамбургскіх купцоў; за ім следам тупаў яго намеснік. У кабінеце ён запрасіў яго сесці за стол.
Той у нерашучасці перамінаўся з нагі на нагу.
— Я што, дрэнна тлумачу па-вашаму? Сядай і пішы, — сказаў Сімунд.
Кіравальны хутка сеў, узяў аркуш паперы, пяро і падрыхтаваўся пісаць.
— Усім, хто ў мяне працуе, зарплату павялічыць у два разы. Хто запрошаны на працу часова, выплаціць кожнаму, акрамя зарплаты, па дваццаць рублёў. Калі ёсць сярод іх тыя, хто ўмее будаваць хаты, прыняць на сталую працу, чалавек дзесяць — не больш. Астатнія могуць быць вольныя, калі спатрэбяцца, запросім іх яшчэ.
У гэты час пад акном была чутна гучная сварка на нямецкай мове. Сімунд падняўся, падышоў да акна і пачаў назіраць. Паступова сварка між гамбургскімі купцамі перарасла ў бойку.
Рабочыя тартака са здзіўленнем глядзелі, як прыстойна апранутыя гандляры калашмацілі адзін аднаго.
Так, падумаў Сімунд, што робяць грошы з людзьмі. Ён выйшаў на вуліцу і гучна сказаў:
— Спадары, як вам не сорамна? Людзі вакол, што яны падумаюць? Няўжо мне жандараў выклікаць?
Гамбургскія купцы крыху суцішыліся.
— Зайдзіце ўсе сюды, да мяне, — загадаў Сімунд.
— Пачынаем аўкцыён, — заявіў Сімунд, калі апошні купец зачыніў за сабой дзверы. — За ўсю драўніну ў дзесяці штабелях хачу дваццаць тысяч рублёў. Слухаю вашы прапановы.
— Дваццаць пяць тысяч.
— Трыццаць тысяч.
— Сорак.
— Пяцьдзесят.
Наступіла паўза. Сімунд узрушана хадзіў уздоўж стала.
— Пяцьдзесят пяць тысяч.
— Шэсцьдзесят тысяч.
Сімунд працягваў вымяраць крокамі свой кабінет. Паўза зацягнулася. Дурань, думаў ён, яшчэ тыдзень таму назад я драўніну прадаваў за бесцань. Які ж я ёлуп.
— Хто сказаў шэсцьдзесят тысяч? — рэзка павярнуўся да стала.
Адзін з купцоў падняў руку.
— Раз. Два. Тры. Прададзена. Астатнія вольныя — прыміце мае шкадаванні.
Камерсанты падняліся і выйшлі на вуліцу. У кабінеце застаўся толькі Сімунд і адзін з гандляроў. Той пачаў з кішэняў даставаць грошы і пералічваць. Налічыў дваццаць тысяч.