— Гаспадзін Сімунд, вы можаце пачакаць у кабінеце пяць хвілін.
— Так, — адказаў Сімунд.
Камерсант выйшаў на вуліцу. Гандляры стаялі і гучна абмяркоўвалі аўкцыён. Ён ім нешта сказаў, тыя адразу пачалі даставаць грошы.
Сімунд стаяў і назіраў за імі праз акно. Камерсант хуткім крокам вярнуўся і паклаў на стол яшчэ сорак тысяч.
— Мы ўсе прыехалі па карабельныя хвоі. Я ў іх арандаваў фурманкі і пазычыў грошы пад адсоткі.
— Гэта вашы справы. Можаце забіраць усю партыю драўніны, — сказаў лесапрамысловец.
— Але нам трэба дапамагчы загрузіць, мы заплацім.
— Вельмі добра, я распараджуся, — сказаў Сімунд, узяў грошы і паехаў да галоўнага распарадчыка пушчы.
12. Пецярбург
Праз два тыдні пасля вяртання обер-фарстмайстра з Пецярбурга ў Белавеж прыбыў фельд’егер з міністэрства дзяржаўных маёмасцей. У дастаўленым ім данясенні загадвалася для звярынца летняй рэзідэнцыі яго імператарскай вялікасці ў Царскасельскім парку вылавіць трох маладых зуброў.
Тэрмінова былі скліканыя стражнікі і лоўчыя.
Фёдар Канстанцінавіч зачытаў просьбу міністэрства.
— Якія будуць меркаванні?
Прысутныя пачалі шумна выказваць думкі. Не так ужо і проста тых зуброў злавіць.
Пасля ўсіх выказаўся Ціхан:
— Найперш трэба зрабіць тры клеткі з сухога дубу. Далей — тры адмысловыя моцныя падводы, прыкладна такія як у лесапрамыслоўца Сімунда для перавозкі карабельных хвой. Каб злавіць зуброў, трэба спачатку завабіць іх у дужую загарадзь. Прапаноўваю збудаваць яе на месцы былога Каралеўскага звярынца, у Елярах, а там дзейнічаць па абставінах.
Прысутныя пагадзіліся, обер-фарстмайстар адразу размеркаваў, хто чым будзе займацца. Пасля ўсяго Ціхан застаецца ў пушчы галоўным, а Рыгор павінен суправаджаць дастаўку каштоўнага грузу ў летнюю царскую рэзідэнцыю.
Рыгор за вячэрай паведаміў аб гэтым жонцы.
— Як я табе зайздрошчу, гэта ж так цікава, — узрадавалася Малання. Ты ўбачыш Пецярбург. Трэба толькі загадзя падрыхтавацца ў дарогу. Возьмеш з сабой парадны мундзір і апранеш яго толькі ў сталіцы.
— Можа, паеду праз месяц, як зловім зуброў, а ты ўжо даеш мне парады. Паспеем...
Зробленыя клеткі былі вельмі цяжкімі, бо пасярэдзіне мацаваліся металічнай шынай. Наперадзе і ззаду майстраваліся дзверы. Тры клеткі прывезлі на колах і ўсталявалі ў новым вальеры.
Цэлы тыдзень чакалі, пакуль зубры выедуць траву ў вальеры і асінавыя галінкі. Калі яны прагаладаліся, у клеткі накідалі свежых асінавых галінак.
Малады самец трапіўся адразу ж, у першы дзень, а вось прывабіць зубрыцу было цяжэй. Яна нібы адчувала небяспеку і не ішла ў клетку. Самцы заходзілі па некалькі штук, а самка — ніводная. Выгналі з вальераў усіх самцоў, засталася толькі маладая самка з гадавалым зубранём. Яна была настолькі галодная, што зайшла ў клетку. Клетку зачынілі. Зубраня вылавілі вяроўкамі і сілай зацягнулі ў трэці клятух. Пры дапамозе драўляных брусоў і вяровак клеткі паставілі на колы.
Усё было гатова для адпраўкі ў Пецярбург. Але як запрэгчы коней. Яны адчувалі пах зуброў і пры кожным уздыху або варушэнні зубра падкідвалі задкамі, станавіліся на дыбкі, заварочвалі галовы, косячыся на жывёлін. Давялося коням нацягваць адмысловую аброць з набадрамі для вачэй. На клеткі зверху нацягнулі тканіну. Для таго, каб зубры трохі абвыкліся ў клетках, вырашылі адправіцца ў шлях праз дзень.
На другі дзень, пасля абеду, Рыгор, трохі хвалюючыся, пачаў сядлаць Каштана. Жанчыны выйшлі выпраўляць яго ў дарогу. Стражнік пацалаваў маленькага Глеба, бабулю Марфу і Маланню. Сеў на жарабца, Малання падала важкі вузел. Седзячы на кані, нахіліўся і яшчэ раз пацалаваў жонку. На яе вачах былі слёзы.
— Малання, ты чаго плачаш, не на вайну еду? — усміхаўся стражнік.
— Рыгорка, будзь асцярожны. Мы будзем чакаць цябе. За нас не хвалюйся, — яна перахрысціла мужа.
Ад’ехаўшы трохі, стражнік азірнуўся. Жонка і старая махалі рукамі. Ён у адказ ім таксама махнуў рукою і прыпусціў жарабца наўскач. На душы было трывожна; гэта быў першы раз, калі ён надоўга пакідаў сваё жыллё.
Каля клетак назбіралася многа людзей. З’явілася рысорная брычка оберфарстмайстра. За ёй прыбыла брычка з трыма жандарамі. Следам — лесапрамыслоўца Сімунда. Ён з дзелавым выглядам абышоў клеткі і падводы. Даклаў галоўнаму распарадчыку, што ўсё ў парадку.
Пад’ехала калымажка з доўгавалосым святаром. Ён абышоў абоз тры разы вакол, абрасіўшы калёсы і брычкі святой вадой. Гучна прачытаў малітву, у якой некалькі разоў было вымаўлена: