Выбрать главу

— Захавай, Гасподзь, гэтыя калясніцы...

Пасля малітвы обер-фарстмайстар распарадзіўся рыхтавацца да ад’езду. Падышоў да жонкі і дзяцей. Пачалі развітвацца.

Галоўны распарадчык пушчы махнуў рукою і гучна крыкнуў:

— Рухаемся! З Богам!

Натоўп зашумеў.

Рыгор абняўся з бацькам, братам і ўскочыў у сядло. Працэсія кранулася. Яе ўзначаліў обер-фарстмайстар на параконнай брычцы. Следам ехала брычка з вусатым жандарам. За ім двое жандараў конна. Далей былі тры вялікія фурманкі з клеткамі зуброў. Потым тры фурманкі-буды, у якіх былі складзены неабходныя ў дарогу харчы, правіянт, запасныя калёсы і збруя. У дзвюх фур­манках на мяшках з аўсом былі абсталяваныя месцы для сну. Абоз замыкала брычка старшага каравульнага. Акрамя таго працэсію суправаджалі конна маладыя стралкі. Некаторы час праважатыя рухаліся побач. Паступова іх менела. І неўзабаве засталіся толькі тыя, хто павінен быць да канца шляху.

Рыгор ехаў конна побач з брычкай обер-фарстмайстра. Шлях, які трэба адолець, уяўляўся яму чымсьці сур’ёзным, трохі таямнічым, нават жудасным і ў той жа час прывабным.

Галоўны распарадчык першым пачаў гутарку.

— Ну што, Рыгор, хвалюешся?

— Ёсць трохі, ваша высокаблагароддзе.

— Рыгор, ты праедзь уздоўж абозу, пагавары з кожным, асабліва з вазніцамі, якія на калёсах з зубрамі. Галоўнае, каб яны не спалі на хаду, а то збочаць з дарогі і перавернуць клеткі.

— Слухаюся, ваша высокаблагароддзе.

Ён завярнуў жарабца і аб’ехаў абоз. Убачыў, што насустрач рухаецца калымажка. Гасцінец у гэтым месцы быў вузкім. Прыспешыў жарабца і паскакаў наперад. Параўняўшыся з калымажкай, гучна пачаў тлумачыць, каб яны з’ехалі ўбок. Вельмі вясёлы памешчык наадрэз адмовіўся саступаць дарогу. Абоз і калымажка незнаёмца сустрэліся. Обер-фарстмайстар паклікаў жандараў. Убачыўшы жандараў, п’яны памешчык пачаў таўхаць кучара ў спіну.

Іх высокаблагароддзе паклікаў Рыгора.

— Ты едзь наперадзе — гэта будзе твой абавязак. Як што — кліч жандараў.

Надвор’е стаяла не па-восеньску сонечнае і цёплае. Якраз быў час, калі сяляне прыбіралі апошнія рэшткі ўраджаю. На сціплых палях, на іх калючым жоўтым шчацінні дзе-нідзе блішчэла слюдзяным бляскам восеньскае павуцінне.

Людзі са здзіўленнем разглядалі зуброў у клетках. Асабліва дзеці, якія чародамі доўга шлі за абозам.

Зубры ў клетках перасталі валтузіцца, нібы змірыліся са сваёй доляй. Коні таксама перасталі кідацца.

Апоўдні абоз з’ехаў з дарогі. Маладыя стралкі пачалі выпойваць коней. Напаілі таксама зуброў, прасоўваючы ў акенца драўляныя цабэркі. Прыпынак доўжыўся больш за гадзіну. Увечары абоз спыніўся на заезным двары. Выставілі варту, леглі адпачываць. Раніцай усіх зноў чакала дарога.

Рыгор запомніў мястэчка Жыровіцы, што ў дзесяці вёрстах ад Слоніма. Уразіла пышнасць Жыровіцкага манастыра, акружанага каменнай сцяной. Запомніўся Нёман — першая буйная рака, якая сустрэлася. Рыгору спадабаліся яе высокія берагі і шырыня рэчышча.

Аднойчы сустрэлі цыганскі табар. Зубры ўлавілі пах прывязанага ланцугом да цыганскай буды мядзведзя, але не забушавалі, толькі чмыхалі. Спужаўся сам мядзведзь. Так ірвануў буду, што ледзь не перавярнуў яе. Стары цыган доўга ляпаў капелюшом па мордзе свайго акцёра, каб хоць крыху супакоіць.

Так мінуў тыдзень шляху. Абоз праязджаў Віцебшчыну. Ландшафты ўздоўж дарогі змяніліся. Сустракалася вялікая колькасць азёр і рэк. Надвор’е цалкам сапсавалася. Змрочныя шызыя хмары паўзлі па небе. Дробны дожджык церусіў без перапынку. Шырокі паштовы тракт месцамі ператвараўся ў балота.

Неяк сустрэўся пяхотны полк. Было чуваць, як уздоўж шырокай і бруднай дарогі сотні ног цяжка, паспешліва, уразброд пляскаюць па лужынах. Калі салдаты параўняліся з клеткамі зуброў, пачалося замяшанне. Афіцэры на конях моцна лаяліся і нагайкамі аднавілі парадак.

Недалёка ад сталіцы абозу сустрэўся дыякан. У чорнай доўгай рызе ён ішоў насустрач. Убачыў зубра, спыніўся і пачаў спалоханна хрысціцца. Нешта закрычаў, рукою падхапіў рызу і панёсся, пераскокваючы лужыны, да царквы.

Рагаталі ўсе. Рыгор ад смеху ледзь сам не зваліўся з каня. Пасля дагнаў брычку іх высокаблагароддзя і распавёў гэты пацешны выпадак.

Пецярбург сустрэў звераловаў цаглянымі дамамі, брукаванымі вуліцамі, ліхтарамі, прыгожымі павозкамі. Мякка ззяла золата купалоў і шпіляў. Усё выглядала новым і дзіўным.

Да абеду абоз дасягнуў летняй рэзідэнцыі яго імператарскай вялікасці. Клеткі знялі з калёс, зуброў выпусцілі ў новенькія вальеры. Яны абнюхвалі свой новы прытулак. Гадавалае зубраня насілася, высока падскокваючы ад радасці.