Фёдар Канстанцінавіч паклікаў Рыгора ўбок.
— Заўтра вальеры наведае сам імператар. Сёння павінны падвезці новенькае абмундзіраванне. Прасачы, каб заўтра раніцай усе былі ў парадку — выгаленыя, памытыя і гэтак далей. Я распарадзіўся, калёсы і брычкі падрыхтуюць да зваротнай дарогі без нас. Адпачнём і кранёмся дадому. Я з’езджу ў горад, у міністэрства.
— Слухаюся, ваша высокаблагароддзе, — стражнік пстрыкнуў абцасамі.
Рыгор абышоў падводы. Незнаёмыя людзі здымалі колы, чысцілі іх ад наліплай гліны і багата змазвалі дзёгцем восі. Коні ў стайні мірна хрупалі авёс. Каштан, пазнаўшы гаспадара, ціха заржаў. Рыгор падышоў да яго, супакоіў, пагладзіў.
Павячэраўшы ў сталовай крупнікам з мясам, з вялікім задавальненнем спалі на сапраўдных ложках. Раніцай, пасля сняданку, пачалі рыхтавацца да прыезду цара. Надзелі новую бялізну, кашулі і мундзіры. Рыгор паставіў стралкоў у шэраг. У гэты час расхінуліся дзверы, і ў жаўнерню ўвайшоў оберфарстмайстар у парадным мундзіры з аксельбантамі. Ён прывітаўся і пачаў разам з Рыгором прыдзірліва аглядаць стралкоў, папраўляючы і падцягваючы партупеі.
— Вазніцы і жандары застаюцца ў жаўнерні. На двор каб і носу не высоўвалі; да вокнаў не падыходзіць, на вуліцу не ўзірацца. Усім зразумела?
Пачаліся цяжкія хвіліны чакання. Было відаць, што галоўны распарадчык моцна нервуецца. Яны стаялі, пераступаючы з нагі на нагу.
Працэсія з’явілася нечакана.
Обер-фарстмайстар працадзіў скрозь зубы:
— Прыгатавацца! Замры!
Расійскі імператар Мікалай I са сваёй світай падыходзіў паволі. Краем вока, не паварочваючы галаву, Рыгор бачыў манарха. Самавіты мужчына ў мундзіры нешта гаварыў манарху, той ківаў, згаджаючыся.
Чым бліжэй падыходзіў імператар, тым мацней грукала ў грудзях маладых стралкоў. Напруга нарастала.
Мікалай I гучна прывітаўся.
— Здароўя жадаем, Ваша Імператарская Вялікасць! — раўнулі стралкі.
Манарх усміхнуўся.
— Шмат чуў аб вашых поспехах па ахове Белавежскай пушчы, гаспадзін обер-фарстмайстар. Пахвальна. Ваша стараннасць годна ўзнагароды, — ён павярнуўся направа, яму падалі скрыначку.
Самадзержац адчыніў яе, дастаў адтуль крыж на ордэнскай чорнай, з жоўтымі палоскамі стужцы.
Обер-фарстмайстар зняў фуражку, зрабіў крок наперад і нахіліў галаву. Манарх накінуў ордэнскую стужку обер-фарстмайстру на шыю. Іх высокаблагароддзе надзеў фуражку, зрабіў крок назад, гучна адсалютаваў.
— Служу Айчыне, Ваша Імператарская Вялікасць!
Мікалай I усміхнуўся.
— Не спяшайцеся, гэта яшчэ не ўсё.
Іх высокаблагароддзе зноў зрабіў крок наперад.
— Вы яшчэ падвышаецеся ў чыне, — працягнуў яму новенькія, зіхоткія эпалеты.
Обер-фарстмайстар прыняў эпалеты, зрабіў крок назад, яшчэ раз гучна адсалютаваў.
Мікалай I павярнуў галаву налева і аглядаючы ўсіх спытаў:
— А гэта што за малайцы?
Галоўны распарадчык далажыў:
— Гэта, Ваша Імператарская Вялікасць, стражнік і стралкі.
— І што ахоўвае гэты стражнік? — цар тыцнуў у Рыгора.
— Зуброў, Ваша Імператарская Вялікасць!
— Зуброў? Гэта павінна быць вельмі цікава... — прамармытаў манарх і павярнуўся направа. Яму падалі шаблю.
— Ну, падыдзі да мяне, маладзец.
Рыгор зразумеў, што манарх звяртаецца да яго. Ён зрабіў два крокі наперад і левай рукой зняў шапку. Імператар працягнуў яму шаблю.
Рыгор дрыготкай рукой асцярожна прыняў яе, зрабіў крок назад, надзеў шапку, дзвюма рукамі ўзяў шаблю і, выцягнуўшы лязо, пацалаваў яго. Уставіў шаблю ў ножны, левай рукой прыціснуў да нагі, а правай адсалютаваў.
— Служу Айчыне, Ваша Імператарская Вялікасць!
Імператар усміхнуўся і сказаў:
— Клікаць цябе як?
— Рыгор, ы-ы, Грыгорый! Селіван Грыгорый!
— Пахвальна, пахвальна, — пасміхнуўся цар і звярнуўся да світы:
— Запрашаю паглядзець зуброў.
Найсвятлейшая асоба і яго світа павольна прайшлі да вальера. Там яны спыніліся, расцягнуўшыся ўздоўж плота, з захапленнем разглядалі лясных волатаў.
Фёдар Канстанцінавіч махнуў рукою, паказваючы, каб стралкі ішлі ў жаўнерню.
Рыгор скамандаваў:
— Так, ладам налева і крокам руш! За мной!
Калі яны ўвайшлі ў жаўнерню, не здымаючы мундзіраў, дружна пападалі на ложкі.
Трое жандараў і вазніцы падбеглі да іх і наперабой пачалі пытаць:
— Ну як, бачылі жывога цара?
— Бачылі, бачылі, як вас бачылі.
— Распавядайце хутчэй, які ён? — з зайздрасцю ў вачах пыталіся яны.
— Ды пачакайце вы, дайце трохі адсапціся.