Выбрать главу

Напруга спадала. Хтосьці моўчкі ляжаў, хтосьці ціха хіхікаў, у некаторых на вачах былі слёзы.

Стражнік прысеў на ложак і паклаў на калені шаблю. Пачаў яе разглядаць. Ножны былі серабрыстага колеру з чарненькімі ўзорамі. Дзяржальня жоўтага колеру. Усе сабраліся вакол Рыгора і разглядалі падарунак. Ён пачаў павольна даставаць шаблю з ножан. Сталёвы выгінасты клінок выходзіў лёгка. Па ўсёй даўжыні клінка былі нанесеныя такія ж чарненькія ўзоры. Сталь зіхацела і пералівалася. Бокам пазногця дакрануўся да ляза, яно было надзвычай вострым.

Цяжка ўздыхнуўшы, старшы жандар сказаў:

— Эх і шабля, галіцца можна, прыгожая. Вось гэта падарунак! Беражы яе.

Раніцай пачалі збірацца ў зваротную дарогу. Вазніцы ўсталі раней і пайшлі запрагаць коней. Рыгор таксама ўстаў разам з імі і хутка накіраваўся да вальераў. Яму хацелася развітацца з зубрамі.

Там трое зуброў мірна жавалі траву. Ён зняў шапку, звяртаючыся да лясных волатаў, пачаў ціха гаварыць:

— Ну што, мае дарагія! Мы з’язджаем дадому, а вы застаецеся. Вам будзе тут добра, вас будуць карміць, будуць даглядаць. Толькі трохі вам сумна на чужыне. Што зробіш, такі ваш лёс.

На вочы Рыгора нечакана навярнуліся слёзы. Ён разумеў, што гэтыя лясныя, свабодалюбныя прыгажуны з вялікім задавальненнем змянілі б раскошны царскі вальер на родны дрымучы лес Белавежскай пушчы.

Трое зуброў, нібы разумеючы, аб чым гаворыць чалавек, панура стаялі, павярнуўшы галовы ў яго бок.

— Бывайце, мае дарагія, захавай вас Гасподзь.

Рыгор надзеў шапку, выцер рукавом слёзы, у апошні раз зірнуў на зуброў і хуткім крокам накіраваўся да стайні.

Па дарозе дахаты Рыгору ўспомнілася першая шлюбная ноч.

Па прыездзе ў вартаўніцкую хату Малання запаліла свечкі. Рыгор распрануўся і лёг у пасцель, каля сцяны. Малання распранулася, засталася ў ільняной кашулі; прачытала малітву і, згасіўшы свечкі, прылегла побач.

Два маладыя сэрцы ашалела калаціліся, гатовыя вырвацца з грудзей. Амаль адначасова яны павярнуліся адно да аднаго. Яна асцярожна правяла аксамітавай шчакой па яго вуснах і далікатна пацалавала.

Сэрца стражніка адрывалася і падала-падала некуды ў ліхаманкавай радасці чакання. Пакора вуснаў, мяккая пяшчота рук — усё поўніла яго адчуваннем нязнанага пачуцця блізкасці і шчасця...

Усё было як у смузе... Яны ляжалі, шчыльна прыціснуўшыся, і слухалі шэпт векавых дрэў за акном. Прыхіліўшы галаву каханай да сваіх грудзей, ён гладзіў яе валасы і плечы.

Вакол была ноч, якая няспешна кацілася над бясконцай Белавежскай пушчай, над адзінокай хаткай.

На ўсё жыццё запомніўся пах пяшчотнага цела жонкі, пах яе валасоў і гарачыня вуснаў...

Паражняком вярнуліся хутчэй на цэлы тыдзень, ноччу. Поўны месяц ірдзеў яркім святлом. Увесь небасхіл над галавой мігацеў зоркамі.

Да сярэдзіны ночы з’явіліся знаёмыя селішчы на ўскраіне пушчы — акурат праязджалі недалёка сядзібы Шаурава.

Вось яна, Белавежская пушча. Далей Рыгор мог весці абоз і ў поўнай цемры. Ні на хвіліну не спыняючыся, звярнулі з гасцінца на лясную дарогу і паглыбіліся ў пушчу.

Да яго конна далучыліся два стралкі.

— Старшы каравульны загадаў нам весці абоз, а вас запрашае ў сваю брычку.

Старшы каравульны працягнуў шынель.

— Атуліся, раніцай можа быць вельмі халодна, пасядзі са мной.

Сеўшы зручна на сядзенне, Рыгор спрабаваў заснуць, але сон не пры-

ходзіў. Брычка наязджала на галінкі і карані дрэў, яе трэсла, заснуць было немагчыма. Да самага світанку так і праседзеў.

Абоз заехаў у Белавеж, калі толькі замігцеў світанак, і першыя касыя прамяні сонца прабіліся скрозь густыя вершаліны векавых дрэваў. Мясцовыя сабакі заліліся брэхам.

З будкі выбег вартавы; убачыўшы сваіх, радасна закрычаў, забыўшы пра парадак.

— Прыехалі! Прыехалі! — і пачаў абдымацца з сябрамі.

Галоўны распарадчык вылез са сваёй павозкі.

— Чаго гарлапаніш як шафер на вяселлі?

Убачыўшы обер-фарстмайстра, каравульны збянтэжыўся:

— Дазвольце дакласці, ваша высокаблагароддзе!

— Ну, дакладвай.

— За час вашай адсутнасці здарэнняў няма.

Да варот падыходзілі стралкі, жандары, вазніцы. Яны чакалі наступных распараджэнняў.

Іх высокаблагароддзе пракашляўся:

— Так, усім аб’яўляю падзяку. З пастаўленай задачай справіліся. Хто прымаў удзел у экспедыцыі, можа тыдзень не выходзіць на службу. Для атрымання грашовай узнагароды праз тыдзень неабходна з’явіцца да скарбніка. Цяпер вазніцы павінны паставіць падводы і брычкі на належнае месца, а коней у стайню. Стралкі выгрузяць новае абмундзіраванне і па вопісу здадуць скарбніку. Усе вольныя.