У Ціханавай хаце жонка варажыла вакол самавара і накрывала на стол. Падышла і пацалавала Рыгора ў шчаку.
— Распранайся і садзіся хутчэй да стала.
Рыгор разгарнуў вузел і працягнуў жонцы Ціхана вялікую каляровую хустку з кутасамі.
— Гэта табе падарунак з Пецярбурга. А гэта табе, Ціхан, не горшыя чым у начальства, — працягнуў брату скураныя пальчаткі. — Ты цяпер пры пасадзе і павінен выглядаць прыстойна.
Ціхан зноў абняў брата.
Братавая круцілася ля люстэрка, разглядаючы сябе ў абноўцы.
Трохі перакусіўшы, Рыгор пачаў распавядаць свае прыгоды. Калі дайшоў да сустрэчы з царом, Ціхан нават перахрысціўся.
— Ну, вось, цяпер ты ведаеш, адкуль у мяне шабля, — Рыгор дастаў шаблю і паклаў на стол.
Ціхан асцярожна ўзяў яе ў рукі, пачаў пільна разглядаць.
Неўзабаве Рыгор быў дома. З асалодай уцягнуў носам асаблівы, знаёмы пах роднага жытла.
— Няўжо канец падарожжу? — зняў хатулі і апусціў на падлогу.
На кухню ўвайшла старая з дзіцём на руках. Ён пацалаваў сына і бабу Марфу. Пачаў выцягваць падарункі. Уручыўшы жанчынам па хустцы, дастаў загорнутыя боцікі.
— На, Малання, прымер.
Чырвоныя боцікі зрабілі сваю справу. Жонка, пляснуўшы рукамі, нават страціла на момант дар мовы. Абедзве жанчыны такога прыгожага абутку ў жыцці не бачылі.
13. Прыём у обер-фарстмайстра
Нядзельнай раніцай Рыгор і Малання адправіліся ў галоўную сядзібу. Перад абедам заехалі да Ціхана. Брат разам з жонкай таксама рыхтаваліся ў госці да галоўнага распарадчыка Белавежскай пушчы. Пешшу накіраваліся да хаты обер-фарстмайстра. Там ужо знаходзілася некалькі сямейных пар. Галоўны ляснічы, старшы лоўчы, старшы каравульны, знаёмы вусаты жандар — усе са сваімі палавінкамі.
Да варот пад’ехала брычка Сімунда. У гэты момант на парозе з’явілася гаспадыня з прыслужнікам і запрасіла прысутных праходзіць у дом.
Зняўшы вопратку, яны зайшлі ў гасціную. Там стаяў вялікі, хораша сервіраваны стол. Камердынер паказаў месцы, дзе каму сядаць.
На чале стала стаялі два крэслы для гаспадара з гаспадыняй. Рыгору з жонкай было прапанавана месца побач з гаспадарскім крэслам. Далей сядзеў брат з жонкай, насупраць Сімунд.
Калі госці расселіся, расхінуліся дзверы ў гасціную. Обер-фарстмайстар з гаспадыняй паўстаў ва ўсім бляску. Новыя эпалеты на плячах блішчэлі золатам, на шыі вісела чорная стужка з дзвюма вузенькімі жоўтымі палоскамі, на ёй ордэн. Ажыўлены твар іх высокаблагароддзя асляпляльна ўсміхаўся.
Госці падняліся. Фёдар Канстанцінавіч Таран пачаў абыходзіць стол, вітаўся з мужчынамі за руку, з жанчынамі кіўком галавы, пры гэтым кожны раз пстрыкаў абцасамі. Побач з ім ішла жонка і ветліва ківала галавою, усміхалася. Калі цырымонія прывітання скончылася, іх высокаблагароддзе прапанаваў сесці.
Прыслуга замітусілася вакол стала, напаўняючы прыгожыя чаркі і келіхі.
Фёдар Канстанцінавіч узяў чарку і ўстаў:
— Спадары, першы тост прапаную выпіць за здароўе нашага васпана, Яго Імператарскую Вялікасць Мікалая I.
Госці падняліся.
— Прашу садзіцца і прыступіць да халодных закусак. Толькі не саромцеся, ешце так, як у каго атрымліваецца. Тут усе свае, і чужацца няма каго.
Госці пачалі есці. Рыгор звярнуў увагу, што яго брат спрытна карыстаецца нажом і відэльцам; не горш чым іх паны. Спрабаваў таксама ўзяць відэлец у левую руку, а нож у правую. Але ў яго не атрымалася, ён адклаў нож і ўзяў відэлец у правую руку.
Прыслуга пачала зноў напаўняць чаркі. Тады падняўся Сімунд і прапанаваў чарговы тост:
— Спадары! Я прапаную выпіць за здароўе нашага галоўнага распарадчыка пушчы Фёдара Канстанцінавіча, за яго новую ўзнагароду. Толькі давайце папросім яго расказаць нам пра гэты ордэн.
Госці дружна падтрымалі лесапрамыслоўца. Обер-фарстмайстар, здаволена ўсміхаючыся, зрабіў для важнасці невялікую паўзу і пачаў свой расказ:
— Спадары! Гэтая ўзнагарода завецца «Ордэн святой Ганны II ступені». Прысуджаецца за адмысловыя заслугі перад Айчынай. Уручыў мне яго асабіста імператар Мікалай I. Акрамя таго, я падвышаны ў пасадзе, атрымаў статут дарадніка, а чын палкоўніка. Узнагароджанне праходзіла ў Царска-Сельскай летняй рэзідэнцыі Яго Імператарскай Вялікасці. Пасля ўзнагароджання быў запрошаны на ўрачысты абед з самім манархам. Там мы абмяркоўвалі важныя дзяржаўныя справы. За абедам найсвятлейшая асоба прасіла перадаць вам падзяку за пахвальнае нясенне службы і за зуброў для свайго звярынца. Але што гэта я толькі пра сябе. Сярод нас ёсць яшчэ адзін чалавек, які таксама атрымаў узнагароду асабіста з рук Яго Імператарскай Вялікасці, — і ён паказаў на Рыгора. — Ну што, пакажы сваю ўзнагароду, — і запляскаў у ладкі.