Рыгор счырванеў, бянтэжачыся ад увагі.
Іх высокаблагароддзе ўзяў чарку і прапанаваў тост за Рыгора і яго ўзнагароду.
Рыгор адшпіліў шаблю і перадаў іх высокаблагароддзю. Той уважліва яе разгледзеў і перадаў Сімунду. Сімунд перадаў далей, сам нахіліўся і стаў нешта гаварыць гаспадару на вуха. Той кіўнуў галавою, згаджаючыся. Сімунд падняўся і выйшаў з гасцінай. Мінула некалькі хвілін, і ён вярнуўся, несучы ў руках прыгожую паляўнічую стрэльбу. Папрасіў хвіліначку ўвагі:
— Спадары! Мы з іх высокаблагароддзем обер-фарстмайстрам вырашылі адзначыць заслугі яшчэ аднаго чалавека, старшага стражніка Селівана Ціхана.
Сімунд гучна сказаў:
— За здароўе Ціхана!
Усе зноў запляскалі ў ладкі.
У гэты момант, прыслуга падала гарачую страву з мядзведзіны. Добра паеўшы, Фёдар Канстанцінавіч прапанаваў мужчынам прайсці ў яго кабінет і абгаварыць службовыя пытанні, а жанчынам застацца і трохі папляткарыць.
Лесапрамысловец Сімунд устаў са свайго месца.
— Ваша высокаблагароддзе, прашу мяне выбачыць. Купцы з Нямеччыны нечакана прыехалі, мне ўжо неабходна ісці. Яшчэ раз прашу мяне выбачыць.
— Гаспадзін Сімунд, любіш ты грошы зарабляць. Добра, схадзі да сваіх купцоў. Мы тут службовымі справамі зоймемся, табе гэта, можа, і не цікава будзе.
Мужчыны падняліся і выйшлі ўслед за обер-фарстмайстрам.
У працоўным кабінеце галоўны распарадчык прапанаваў заняць вольныя крэслы.
— Перадайце сваім падпарадкаваным. Неабходна ў найблізкія дні з’явіцца ў галоўную сядзібу для атрымання новага абмундзіравання. Акрамя таго жадаў бы пачуць вашы прапановы, як палепшыць працу па ахове пушчы.
Галоўны ляснічы першым узяў слова.
— Не ведаю, ці трэба ўзмацняць ахову. Сяляне ад страху загрымець на катаргу перасталі нават сухастой, старыя і гнілыя дрэвы забіраць. Калі так і далей пойдзе, мы без працы застанёмся. — Госці гучна засмяяліся.
— Гэта добра, значыць, наведзены поўны парадак, — Фёдар Канстанцінавіч усміхнуўся. — Цяпер у мяне ёсць прапанова для Рыгора. Лічу, што ўсе тут прысутныя мяне падтрымаюць. Хачу прапанаваць табе на выбар любую пасаду ў адміністрацыі пушчы. Сваёй добрасумленнай працай ты заслужыў гэта. З адказам не спяшайся, падумай, парайся з братам, з жонкай.
— А што тут думаць, калі можна, хачу застацца на сваім пасту, быць простым стражнікам на сваім абходзе, — упэўнена сказаў Рыгор.
— Пахвальна, — здзівіўся Фёдар Канстанцінавіч. — Але тады сваёй уладай усталёўваю табе жалаванне ў два разы большае, чым ты атрымліваеш. А то імператар запытае ў мяне, як там наш стражнік. Рыгор, Грыгорый, Селіван Грыгорый. Памятаеш? — іх высокаблагароддзе весела засмяяўся.
Прысутныя ажыўлена зарагаталі.
— Так, з жывым царом размаўляць — тут ад хвалявання можна забыцца, як маці родную клічуць, не тое што сябе. Гэта не дзіўна. Тут з вамі, ваша высокаблагароддзе, размаўляеш, і то хвалюешся, каб чаго лішняга не ляпнуць. А то ж сам імператар, — падтрымаў Рыгора старшы лоўчы Кусаў.
Прысутныя, згаджаючыся, ківалі галовамі.
— Рыгор! Лічу, што выкажу агульнае меркаванне, на цябе ў цяжкі момант можна паспадзявацца. Вось мы і падышлі да самага галоўнага, — обер-фарстмайстар зрабіў невялікую паўзу:
— Сёння раніцай у мяне быў стражнік з паўночнай часткі нашай пушчы. Той часткі, якая мяжуе з Беластоцкай воласцю. Вы ведаеце, што яна належыць у дадзены момант Прусіі. Невялікая частка ўскраіны нашай пушчы таксама пруская, — нахмурыўшы бровы, працягваў. — Дык вось, гэты стражнік мне даклаў, што нядаўна група людзей пад камандаваннем прускага афіцэра пракралася ў нашу частку пушчы і там палявала. З інтэрвалам у тыдзень было забіта два зубры. Яны прывязалі забітых жывёлін да коней і перацягнулі на сваю тэрыторыю. Сышлі беспакарана, і цяпер гэты факт палявання даказаць будзе цяжка.
Наш стражнік, перапрануўшыся пад селяніна, пракраўся на іх тэрыторыю. Там у яго жывуць сваякі. Ад іх ён даведаўся вельмі шмат цікавага. Аказваецца, гэта ўжо не першы выпадак. Сярод прускіх афіцэраў ёсць аматары паляваць на нашай тэрыторыі. Яны плацяць мясцовым сялянам вялікія грошы. Тыя дробнымі чародамі пераходзяць да нас і падганяюць зуброў бліжэй да кардона. Афіцэры страляюць, а сяляне за грошы перацягваюць забітых, — галоўны распарадчык дастаў папяросу і прыпаліў. Зрабіўшы зацяжку, ён працягваў:
— Я адразу ж даў распараджэнне аб вылучэнні пяці стралкоў у дапамогу гэтаму стражніку. Але яны маладыя і яшчэ да канца не абучаныя. Могуць пагарачыцца. Мая думка такая, — адчувалася, што обер-фарстмайстар трохі нерваваўся: — Але нам трэба спадзявацца выключна на сябе, — заклапочана пазіраў па баках.