— Так, чую. Моцна хтосьці стукае. Хадзем, табе трэба больш адпачываць.
Стражнік зноў пацалаваў сваю каханую. Яна выйшла ў суседні пакой слаць пасцель.
Стражнік прысеў на кукішкі ля сабакі і пагладзіў яго; сабака не ўстаў, толькі прыўзняў галаву.
— Адпачывай, тут каля печкі цеплыня.
2. Нараджэнне сына
Прачнуўся ад таго, што яго нехта катурхаў.
— Рыгорка, ачуйся, прачынайся.
— Га-а! Што здарылася? — ухапіўся з падушкі.
— Я, мусіць, буду раджаць.
— Ты-ы што, Малання?
Сон як рукой зняло. Расплюшчыўшы вочы, сеў на краі ложка. Сэрца пачало ашалела грукаць, здавалася, вось-вось выскачыць з грудзей. Што рабіць?
— Ты што, спалохаўся? Не зараз жа буду раджаць, можа, заўтра, — супакойваючы мужа, сказала яна.
— Адкуль ты ведаеш?
— Ведаю, мне бабуля сказала, як гэта будзе. Трэба, каб з’ездзіў да маіх бацькоў. Прывязі бабулю Марфу.
Рыгор ускочыў з ложка. Апрануўшыся, вылецеў на двор. Спыніўся, вярнуўся ў хату, нахіліўся і пацалаваў Маланню ў вусны.
— Ты, любая, трымайся, я хуценька.
На вуліцы была ноч. Надвор’е стаяла марознае і зацішнае. На небе іскрыліся зоркі і блішчэў яркі месяц, а пад нагамі гучна рыпеў снег.
Стражнік запрэг жарабца, кінуў у сані абярэмак сена, паклаў стрэльбу і два зараджаныя пістолі ў скураной кайстры.
Цяпер якраз тая пара, якую завуць ваўчыным месяцам. У гэты час у ваўкоў пачынаецца гон і яны збіраюцца ў гайні. Барані Бог адзінокаму чалавеку сустрэць такую зграю.
Вярнуўся ў адрыну, узяў вілы і прывязаў скураным рамянём да санак.
Каштан жвава бег зімовай дарогай у напрамку селішча. Прабегшы з вярсту, перайшоў на мерны крок. Ад яркага святла месяца лес здаваўся прыбраным і таямнічым. Марудлівая язда навеяла ўспаміны; узгадаў, як пазнаёміўся са сваёй жонкай. Здавалася, гэта было толькі ўчора, а мінула ўжо два гады.
Калі жаніўся старэйшы брат Ціхан, згодна з мясцовым звычаем, моладзь на некалькіх санях адправілася на вяселле ў хату нявесты.
Насупраць Рыгора сядзела дзяўчына з коскамі, пераплеценымі яркімі стужкамі. Ён зірнуў на яе і не змог адарваць вачэй.
Потым узяў відэлец, доўга спрабаваў нанізаць кавалачак вяленай каўбасы, але рука стала як быццам чужой. Так-сяк падчапіўшы, пачаў падносіць да рота, але каўбаса звалілася на падлогу. Пачуўшы, як дзяўчына хіхікнула, ён адклаў відэлец на стол і паклаў рукі на калені. Падняць вочы і паглядзець на яе ўжо не мог. Яму здавалася, што ён з-за сваёй няспрытнасці займеў ганьбу.
Хвілін праз пяць да яго падышоў гаспадар і паклаў руку на плячо.
— Рыгорка, а чаму гэта ты сядзіш і нічога не ясі? Малання! — звярнуўся да дзяўчыны. — Наглядай за нашымі гасцямі, бо яны з дарогі, запрашай да пачастунку.
Яна адразу ўсхапілася, перахілілася праз стол, пачала накладваць на талерку Рыгора каўбасу і мяса, на край паклала кавалачак хлеба і цёртага хрэну.
Ён яшчэ больш счырванеў.
Тут пачуўся голас свата:
— Трэба яшчэ выпіць за здароўе маладых.
Дзяўчына зноў паднялася, узяла бутэльку і пачала наліваць гарэлку, запрашаючы выпіць і добра закусіць. Рыгору наліла першаму. Голас у яе быў вельмі прыемны.
Ён узяў чарку ў руку. Госці пачалі крычаць: «Горкая! Горкая! Горкая!» Рыгор таксама крыкнуў і не пазнаў свой голас. Разам з усімі выпіў, не падымаючы вачэй, павольна закусваў.
Хваляванне паступова праходзіла. Ён паглядзеў на старэйшага брата Ціхана, які сядзеў побач са сваёй нявестай. Брат яму падміргнуў, Рыгор у адказ усміхнуўся.
Зайграла музыка, і моладзь запрасілі да танцаў. Музыкі гралі ў суседнім пакоі. Іх прылады былі ўпрыгожаныя каляровымі стужкамі. Г армонік у руках старэйшага вусатага музыкі, здавалася, сам танчыў. Яму дапамагала скрыпка маладога музыкі гадоў пятнаццаці. Трэці музыка гадоў дваццаці пяці стукаў выбівачкай у вялікі бубен са званочкамі.
Рыгор у нерашучасці спыніўся, прыхінуўшыся ля сцяны, разглядаў музыкаў. Гаспадар хаты прасіў дзяўчат адважней запрашаць гасцей. Музыкі зайгралі вясёлы танец-завіруху, і моладзь пачала весела скакаць. Дзяўчына з коскамі падышла да яго. Усміхнулася, плюснула вялікімі вачыма, з паклонам запрасіла да танца.
У Рыгора ногі падкасіліся, але, не падаючы выгляду, працягнуў у адказ руку, паспеўшы сказаць:
— Танцор я кепскі.
— Нічога, усё будзе добра, — дзяўчына яшчэ раз шчыра яму ўсміхнулася.
Яна расшпіліла пояс на сукенцы і адзін канец уручыла яму. Танчачы, нахілілася да вуха і сказала:
— Мяне клічуць Малання, а ты — Рыгор?
— Я ведаю!
І яны зарагаталі.
Музыкі гралі хутчэй і хутчэй. У адно імгненне тэмп музыкі паднімаўся, нібыта віхура, пары па чарзе праскоквалі пад паясамі. Сапраўды, усе кружыліся як завіруха. Усё гэта рабілася з незвычайнай шпаркасцю, усімі парамі адначасова.