— Шклянку гарэлкі, хутка! — з парога сказаў ён.
Рухі гэтага чалавека былі рэзкімі. Рыгор уважліва разглядаў аблічча дзівака.
Увесь яго твар ад самых вачэй зарос валасамі. Нешта ястрабінае прамільгнула ў абліччы. Адзенне было месцамі ў дзірах і латах, на галаве — аблезлая шапка з тхара. Узяўшы келіх, ён зняў шапку і некалькі секунд нерашуча глядзеў на гарэлку, потым злёгку кіўнуў галавою і выпіў.
Цішыню парушыў усё той жа кардонны аб’ездчык, які задаваў пытанні Рыгору.
— Пупок, ну як у цябе сёння паляванне?
Той моўчкі выцер рукавом вусы, слаба махнуў рукою.
— Стрэльбу змяніць трэба. Старая яна ў цябе, пэўна, гадоў сто ёй будзе. Як ты страляеш?
Рыгор уважліва паглядзеў на стрэльбу, якая ляжала на лаўцы. Яна сапраўды была старой і цяжкай, з самаробной ложай. Гэты рэдкі прадмет хутчэй за ўсё дастаўся па спадчыне, чамусьці падумалася Рыгору.
— Цяпер такіх стрэльбаў не робяць, таму што не ўмеюць. Гэта самая сапраўдная крамянёўка. Я з яе ніколі не мажу...гы-гы — вышчарыўшы рэдкія зубы, загыгыкаў Пупок.
І трэба было бачыць, з якім шматзначным выглядам пры гэтым — гы-гы! — ён падняў уверх указальны палец.
— А чаму тады без трафеяў прыйшоў? — працягваў даймаць аб’ездчык.
— Я і сёння зайца падстрэліў, але сабакі... халера на іх, — злосна, з прыкрасцю ў голасе адказаў Пупок.
— Сабак карміць трэба, — з’едліва кінуў аб’ездчык, які дагэтуль маўчаў.
— Э-э! — пагардліва скрывіўся Пупок. — Гэта хто ж сабак корміць? Сабакі самі сабе павінны ежу здабываць.
У гэты момант аб’ездчыкі падняліся. Адзін з іх, кідаючы манету на стол, сказаў гаспадару карчмы.
— Налі яшчэ гэтаму небараку і дай што-небудзь закусіць, а то яго сабакі сыцейшыя, чым ён.
Пупок жвава ўскочыў і сіпла сказаў:
— З задавальненнем вып’ю за ваша здароўе, ваша высокаблагароддзе, дзякую!
Аб’ездчыкі пакінулі карчму. Неўзабаве прычуўся тупат іх коней, які аддаляўся. Наступіла цішыня.
Рыгор лустай хлеба марудліва выціраў тлушч у талерцы.
З’явіўся карчмар з талеркай, паставіў яе перад Пупком і наліў яму гарэлкі. Той адным махам кульнуў шклянку, схапіў рукой кавалачак сала з хлебам і пачаў з прагнасцю есці.
Стражнік падняўся, пакінуўшы манету на стале, і моўчкі выйшаў на вуліцу.
Удала заехаў у карчму, разважаў Рыгор, спаткаў усё-такі мясцовую знакамітасць. Сапраўды, каларытная асоба — гэты Пупок. Тузануўшы павады, накіраваў жарабца да жылля Сцяпана.
Вечарам з’явіўся Сцяпан. Цэлы дзень ён дзяжурыў поруч статка зуброў, але нічога падазронага не выявіў. Ніхто не з’яўляўся.
За вячэрай Рыгор распавёў яму аб сустрэчы ў карчме ў Лейбеля.
— Пупок можа з’явіцца каля статка зуброў у пятніцу, так што да пятніцы можам адпачываць, — разважаў Рыгор. — Паляваць яны могуць прыехаць суботнім надвячоркам. Толькі вось дзе яны застануцца на начлег? Цяпер восень, і ноччу даволі халаднавата. Ці стануць яны мерзнуць ля вогнішча?
Раніцай, калі яшчэ на вуліцы было зусім цёмна, яны апрануліся і выехалі ў лес. Сцяпан паказаў яму шлях, па якім цягнулі зуброў да кардона. Ён праходзіў недалёка той рэчкі, якую паказваў Ахрэм.
Поўная карціна злачынства была стражнікам зразумелай, за выключэннем месца, дзе спыняюцца злачынцы на начлег.
Яны вярнуліся на тое месца, дзе прыкладна адбывалася папярэдняе паляванне. Схаваўшы ў гушчары коней, пачалі ўсё вакол уважліва аглядаць. У тым месцы, дзе грузілі зуброў на поцягі, не засталося пянькоў ссечаных дрэў. Але побач праходзіла прасека, якую зрабілі месяцы два таму.
Прасека была чыстая, ствалы дрэваў даўно вывезеныя. Яны прайшлі спачатку ў адзін бок, потым у другі. У адным месцы было шмат слядоў ад конскіх капытоў. Калі прайшлі па слядах, то на скрыжаванні прасек выйшлі да будана. Пад такімі падстрэшкамі працоўныя хаваліся ад непагадзі. Тут былі нават зробленыя ляжанкі для начлегу і вогнішча для прыгатавання ежы, стаялі сталы і лаўкі з бярвёнаў. Калі прасекі сыходзілі далей, усё кідалася, і рабіліся новыя хованкі.
— Вось доўбня, як я раней не здагадаўся, — расчаравана ўсклікнуў Сцяпан. — Гэта ж гатовае жыллё. Тут тыдзень жыць можна.
— Не ты адзін схібіў, не вінаваць сябе, я таксама пра гэта не падумаў. Вельмі зручнае месца.
Пачалі ўважліва аглядаць прылеглы лес, і Сцяпан выявіў пустыя бутэлькі.
— Глядзі, Рыгор, што яны п’юць. А вось і свежыя пянькі, тут яны і вырабляюць поцягі.
— Сцяпан, нічога не чапай, галоўнае цяпер іх не спудзіць, — сказаў Рыгор.
Яны вярнуліся да коней і паскакалі дадому. Пад’язджаючы да хаты, Рыгор убачыў братавага каня. Ціхан і яшчэ некалькі стражнікаў сядзелі за сталом. Прывітаўшыся, Рыгор прапанаваў брату выйсці на вуліцу для гутаркі. Сцяпану сказаў, каб ён коней схаваў у адрыне.