Калі засталіся ўдвух, Рыгор падрабязна распавёў, што ведаў.
— Брат, табе трэба ісці працаваць у жандары, — выслухаўшы Рыгора, прыцмокнуў ад здзіўлення Ціхан. — Ты за два няпоўныя дні ўсё высветліў. Толькі трэба неяк дакласці іх высокаблагароддзю, а то ён прывядзе сюды войска і ўсё сапсуе. Але нас вельмі мала, каб затрымаць шэсць чалавек, тым больш вайскоўцаў. Гэта табе не ўнук Шаурава. Тут справа складанейшая.
Абняўшы малодшага брата, ён ускочыў у сядло і знік у лесе.
— Сцяпан, лічу, зноў давядзецца ахвяраваць зубрамі, — сказаў Рыгор гаспадару хаты. — Калі іх проста затрымаць — выкруцяцца. Скажуць, заблудзіліся, і ўсё.
Здзіўленыя ходам ягонай думкі, стражнікі глядзелі на яго насцярожана.
— Ёсць старыя зубры, якімі можна ахвяраваць, але іх не прывяжаш вяроўкамі да дрэва, — збялеў Сцяпан. — Ты што, Рыгор, хочаш іх выкарыстаць як падсадныя качкі?
— А чаму не? Падагнаць бліжэй да прасекі так, каб яны маглі іх досвіткам бачыць. Будуць конна ехаць да таго месца, дзе пасецца статак, убачаць гэтых зуброў і пачнуць страляць.
— Сцяпан, нясі паперу і аловак. Давай прасекі і ўсе дарогі ў тым месцы намалюй, — сказаў Рыгор.
Гаспадар прынёс чысты аркуш паперы, аловак і пачаў маляваць участак лесу. На тым месцы, дзе цяпер пасвіліся зубры, была прасека і дзве дарогі. Калі іх перакрыць, выходзіла па два чалавекі ў сакрэт.
— Так, маеш рацыю, Сцяпан, людзей малавата, — уздыхнуў Рыгор. — Тым больш, трэба ўлічваць, што гэтыя людзі — вайскоўцы і ўмеюць за сябе пастаяць. Проста так іх не возьмеш.
На вуліцы пачуліся галасы. Сцяпан зірнуў праз акно. Перад хатай стаяла брычка.
— Вой! Обер-фарстмайстар прыбыў, уласнай персонай. Без мундзіра, адзежа на ім дзіўная, першы раз такім бачу, — заспяшаўся да дзвярэй Сцяпан.
Рыгор і Сцяпан выйшлі на двор сустракаць іх начальства.
Обер-фарстмайстар сапраўды быў апрануты як мясцовы памешчык. Ён адразу адвёў Рыгора ўбок.
Рыгор падрабязна ўсё выказаў, апусціў толькі імёны і прозвішчы Арона і Ахрэма.
Обер-фарстмайстар уважліва слухаў, затым сказаў:
— Пахвальна, Рыгор, толькі я не зусім зразумеў, як табе ўдалося знайсці гэтага кантрабандыста.
— Ваша высокаблагароддзе, у гэтым мне дапамог той самы чалавек, які нам ужо раз дапамог. Я абяцаў яму трохі грошай.
— Рыгор, галубчык, ты мяне дзівіш, — развёў здзіўлена рукамі Фёдар Канстанцінавіч. — Не ў крыўду хай будзе сказана, але гэта не вытрымлівае ніякай крытыкі. Ну ты, братка, даеш! Добра разумею цябе, калі ты не назваў на судзе таго, хто дапамог у справе Шаурава, але тут зусім іншая справа. Садзімся ў брычку, ты мяне асабіста прадставіш твайму агенту. Я з ім пазнаёмлюся і перамоўлюся асабіста. Гэты ўчастак пушчы праблематычны. Нам вельмі патрэбныя людзі, якія інкогніта будуць нам дапамагаць.
Яны селі ў брычку, і Рыгор паказаў кучару, куды ехаць.
Дарогаю галоўны распарадчык сказаў, што яму вылучылі эскадрон уланаў. Правядуць тут вучэнні. Уланы будуць чакаць вёрст пяць адгэтуль.
Пад’ехалі да хаты Ярашука.
— Давай зойдзем да яго ў хату, там і перамовімся, — таргануўся галоўны распарадчык.
Яны вылезлі з брычкі і накіраваліся ў хату. Дзверы адчыніліся, на парозе стаяў гаспадар і жэстам прапанаваў зайсці. Калі зайшлі ў хату, на іх утаропіліся дапытлівыя дзіцячыя вочы.
Іх высокаблагароддзе ўсміхнуўся і сказаў:
— Добра жывеш, Ахрэм, вось у цябе колькі багацця, — і рукою паказаў на дзяцей.
— Не жалюся, а жыву, як Бог дазваляе — на ўсё яго воля, — адказаў гаспадар.
— Лепш на вуліцы пагутарым, не будзем іх бянтэжыць сваёй прысутнасцю, — прапанаваў галоўны распарадчык.
Яны выйшлі на вуліцу.
— Дазвольце прадставіцца. Я галоўны распарадчык Белавежскай пушчы Таран Фёдар Канстанцінавіч. Маю чын палкоўніка, дараднік. Калі вы будзеце нам аказваць пасільную дапамогу, то можаце смела разлічваць на маё заступніцтва. Каб не было ў вас праблем, я пастаўлю ў вядомасць кіраўніцтва мытнай службы і кордонной варты, што вы наш чалавек. Але гэта ўсё толькі пры станоўчым зыходзе справы.
— Я ўжо казаў вашаму памагатаму, што згодзен. Паўтару і вам, зразумела, вашу прапанову прымаю.
— Ну, вось і выдатна, прыемна было пазнаёміцца. Вось вам аванс.
— Можа, пазней, ваша высокаблагароддзе, а то раптам у мяне не атрымаецца, як задумалі, — спалоханна глядзеў на грошы гаспадар.
— Гэта за тое, што вы нам паказалі месца, дзе яны да нас праходзяць, — Фёдар Канстанцінавіч саўгануў грошы ў руку Ахрэма. — А каб усё атрымалася, памолімся Госпаду...