Обер-фарстмайстар кіўнуў галавою, павярнуўся і накіраваўся да павозкі, Рыгор пайшоў следам.
Калі зайшлі ў хату да Сцяпана, там за сталом сядзела пяцёра стражнікаў, якіх прывёў Ціхан. Обер-фарстмайстар сеў за стол, Рыгор паказаў намаляваную схему таго ўчастка, дзе меркаваўся захоп прускіх аматараў палявання. Фёдар Канстанцінавіч дастаў сваю карту і перанёс усё на яе. Трохі памеркаваўшы, ён пагадзіўся з планам захопу.
— Згодзен, план добры, — і пільна паглядзеў на стражнікаў. —Жадаў бы я паглядзець, як вы зуброў прывяжаце да дрэва.
— А можа, і не трэба прывязваць, — сказаў Рыгор. — Нарэзаць дробна бульбачкі, яблыкаў. Будуць стаяць і жаваць, а мы побач схаваемся.
— Пачакай, Рыгор, — з сумненнем круціў галаваю Фёдар Канстанцінавіч. — А як яны вайсковымі карабінамі бабахнуць?!
Обер-фарстмайстар падсунуў карту на цэнтр стала.
— Вось, калі іх прывабіць сюды, дзе толькі адна прасека, а дарог няма, сцяжынак, каб праслізнуць на кані, таксама няма. Можна гэтую прасеку з двух бакоў перакрыць. Вакол густы лес, конна не праедзеш. Вось тут іх трэба браць! — галоўны распарадчык старанна тыцкаў алоўкам у карту. — Схавацца за дрэвамі і страляць для страху ў паветра халастымі, а калі акажуць супраціў, страляць з-за дрэваў стрэльбамі. Сцяпан, у цябе рыбалоўныя сеткі ёсць? — звярнуўся да гаспадара.
— Ёсць дзве, адна старая, яе латаць трэба, а адна цалкам новая, ёю яшчэ не карыстаўся, — адказаў Сцяпан.
— Вялікія, я маю на ўвазе даўжыні якой? — гарачыўся Фёдар Канстанцінавіч.
— Так, ваша высокаблагароддзе, не мераў, крокаў пятнаццаць будзе, можа, і больш. Тая, якую латаць трэба, будзе сапраўды крокаў пятнаццаць. А новую не ведаю, не мераў, — сцепануў плячыма гаспадар.
— Сцяпан, калі яны сюды праедуць на конях і стрэляць па зубрах, адразу сеці падняць між дрэвамі і перагарадзіць прасеку. Стрэльнуць для страху ў паветра і прапанаваць здацца ў палон, — галоўны распарадчык адкінуўся на спінку крэсла.
— Ваша высокаблагароддзе, жонка пытае, ці вячэру падаваць можна. — спытаў Сцяпан.
— Можна і трэба, — адказаў Фёдар Канстанцінавіч.
Гаспадыня пачала ставіць гарачае на стол.
За вячэрай Рыгор назіраў за начальствам. Той як ні ў чым не бывала спакойна разам з усімі еў простую ежу. Абыходзіўся без нажа. Цікава, дзе яго пакладуць спаць, добра, каб на печы. Ён уявіў, як іх высокаблагароддзе ў сподніках залазіць на печ і пры гэтым моцна крэкча. Ад гэтай думкі чамусьці стала смешна, і ён гучна засмяяўся.
Прысутныя павярнулі галовы ў яго бок.
Обер-фарстмайстар здзіўлена спытаў:
— Ты гэта чаго?
— Ды ўсё думаю, як мы зуброў будзем прывязваць.
Падзякаваўшы гаспадыні за смачную ежу, пачалі разыходзіцца на начлег.
У гасцявым пакоі ўкладваліся хто дзе. Некаторым, хто быў маладзейшы, давялося класціся на падлозе.
Неўзабаве ў суседнім пакоі пачуўся храп галоўнага распарадчыка пушчы Фёдара Канстанцінавіча. Стражнікі і кучар пачалі душыцца ад смеху. Але смех смехам, а заснуць маглі толькі тыя, хто моцна стаміўся. З-за храпу обер-фарстмайстра некаторых сон змарыў толькі пад раніцу.
Прачнуліся, калі на вуліцы ўжо было светла. Перад сняданкам галоўны распарадчык спытаў:
— Ну як, прыдумалі нешта новенькае?
Стражнікі маўчалі.
— Так і ведаў, спалі без задніх ног. А я ўсю ноч варочаўся, ніяк не мог заснуць, думаў аб справе, — пасуровеў Фёдар Канстанцінавіч.
Рыгор паглядзеў на прысутных. Стражнікі сядзелі, апусціўшы галовы, стрымваліся, каб не зарагатаць.
Пасля сняданку галоўны распарадчык пушчы зноў разгарнуў карту, запаліў цыгарку, пастукаў пальцам.
— Не, я не бачу іншага месца. Толькі тут у нас ёсць рэальная магчымасць іх схапіць. Сцяпан, як бы нам гэтае месца агледзець?
Чатыры вершнікі, апранутыя па цывільнаму, адправіліся да месца, дзе пасвіліся зубры. Збоку можна было падумаць, што памешчык са сваімі рэзідэнтамі выехаў на паляванне. Па прапанове Сцяпана, каб не пакідаць слядоў, заехалі на прасеку з іншага боку. Рыгор прапанаваў злезці з коней і далей ісці пешшу. У гэтым месцы, недалёка, пасвіліся зубры, на прасецы былі бачныя іх свежыя сляды. Агледзеўшы ўсё, пачалі раіцца. З двух бакоў прасеку абступаў густы ельнік. У адным месцы лес быў радзейшы, праглядаўся крокаў на сто. Пракідаліся асобныя высокія хвоі, паміж якімі рос нізенькі хмызняк, далей ізноў суцэльнай сцяной ішоў густы ельнік.
— А дзе зубры — сляды бачу, а іх саміх нешта тут не відаць? — спытаў Сцяпана обер-фарстмайстар.