— Ходзяць недзе, — адказаў Сцяпан. — Куды захацелі, туды і пайшлі.
— Так, карціна зразумелая, будзем браць прусакоў тут. Сама зручнае месца. Трэба вяртацца дадому, а то натопчам слядоў. А вы, хлопцы, — звярнуўся да Рыгора і Сцяпана, — падбярыце пару старых зуброў. На закланне, у ахвяру...
Аднаго зубра, старога, нямоглага знайшлі адразу — наткнуліся ў густым ельніку. Пачуўшы людзей, ён незадаволена рохнуў, але з месца не крануўся. Ціхан асцярожна падкраўся. Так, зубр быў перастарак. Параіўшыся, вырашылі яго выгнаць бліжэй да паляны. Зрабіць гэта было не так ужо і цяжка, да паляны было недалёка. Узяўшы ў рукі дубцы, пачалі трывожыць старога волата. Той, незадаволена рохкаючы, пасунуўся наперад, перавальваючыся з нагі на нагу. Калі турылі зубра, выпадкова наткнуліся на старую самку, вырашылі і яе патрывожыць. Яна аказала некаторы супраціў. Некалькі разоў паварочвалася, апусціўшы галаву з рагамі. Спрабавала нават атакаваць, але яе рухі былі ўжо запаволеныя, бяспечныя. Праз паўгадзіны двух зуброў стражнікі выгналі на паляну. Наламалі вялізную гурбу маладых галінак, зубры падышлі да яе і пачалі жаваць. Прынялі рашэнне пакінуць іх тут, куды яны пойдуць?!
Раніцай, яшчэ зацемна, занялі кожны свой пост: Ціхан схаваўся ў ельніку недалёка ад прасекі каля паляны, Сцяпан засеў у хмызняку поруч статка зуброў. Рыгор пільнаваў хату Пупка.
Толькі бліжэй да поўдня глуха бразнулі дзверы, і на падворку з’явіўся гаспадар. Ён быў без сваёй знакамітай стрэльбы, без сабак. Подбегам накіраваўся ў лес. Некаторы час Рыгор яго суправаджаў, трымаючыся воддаль. Але, пераканаўшыся, што ён накіроўваецца прасекай у напрамку будана, вярнуўся да свайго жарабца.
У гэты час Ціхан са схованкі назіраў за прасекай і палянай. На лужку, у пяцідзесяці кроках ад яго, спакойна пасвіліся два ўчарашнія зубры. Ляжаць без руху было холадна. Вакол цесна стаялі разлапістыя таўшчэзныя елкі. Густы ельнік не прапускаў ветру, было ціха. Толькі папісквалі птушачкі.
Раптам у нетрах асенняй пушчы прагучаў трубны рык аленя. Далёкае рэха кахання неслася над векавым лесам. Ціхан усміхнуўся і ўявіў, як у гэты момант алень закінуў галаву і раве так, што аж сутаргай яму падводзіць жывот.
Тут да яго слыху данёсся шоргат лісця пад нагамі. Ціхан напружыўся. Прасекай рухаўся чалавек і ўважліва разглядаў сляды і шныраў вакол вачыма. Калі амаль параўняўся з тым месцам, дзе ляжаў Ціхан, спыніўся. Некалькі імгненняў глядзеў на зуброў, потым асцярожна пачаў адыходзіць. З-пад калматых броваў вочы свяціліся радасцю. Шпаркімі крокамі вярнуўся туды, адкуль выйшаў.
Ціхан зразумеў, што гэта быў Пупок. Трохі зачакаўшы, падняўся і накіраваўся да Сцяпана. Ён апісаў чалавека, якога бачыў, так яно і было — Пупок. Цяпер можна было спакойна вяртацца да галоўнага распарадчыка пушчы — асноўнае зроблена.
У суботу ў Сцяпанаву хату зайшоў Ахрэм. Усе выйшлі ў суседні пакой, за сталом засталіся Сцяпан, Рыгор, Ціхан і обер-фарстмайстар.
Іх высокаблагароддзе прапанаваў Ахрэму сесці.
— Ну, дакладзі, галубчык! Якія весткі?
— Сёння раніцай Пупок з’явіўся за кардонам. Каля гадзіны круціўся каля прускіх вайскоўцаў. Да яго выйшлі два чалавекі ў афіцэрскіх мундзірах, доўга гутарылі. Адзін з іх папляскаў Пупка па плячы і нешта яму даў. Можа, і грошы. Таму што адразу ж, як толькі яны рассталіся, Пупок накіраваўся ў піўніцу. У мяне там жыве сваяк. З яго хаты, з акна, я і назіраў за ім. Па маёй просьбе сваяк схадзіў туды, каб паглядзець што ён робіць. Сваяк сядзеў там, пакуль Пупок не выйшаў. З яго слоў, ён спачатку выпіў піва, потым дадаў гарэлкі і пайшоў у напрамку кардона. Я ішоў за ім на некаторай адлегласці, мяне ён не бачыў. Вось і ўсё.
— Дзякую, Ахрэм, вяртайся дамоў і нікуды не хадзі. Адпачывай.
Калі Ахрэм сышоў, іх высокаблагароддзе працягнуў нараду.
— Ну, лічу, сёння! Паклічце сюды стралка.
Стралок выйшаў з суседняга пакоя.
— Сядлай каня і скачы на суседні абход. Скажы стралкам, каб пры парадзе, у мундзірах імчалі сюды. Зразумела? Выконваць!
Пасля сыходу стралка Фёдар Канстанцінавіч паскроб падбароддзе і звярнуўся да прысутных:
— А мы зробім так. Ты, Рыгор, надвячоркам схаваешся ў тым месцы, дзе яны ракой выязджаюць на грудок. Пералічы іх і паглядзі, колькі ў іх стрэльбаў. Тады едзь да нас, а далей — у свой будан.
Рыгор падняўся і выйшаў.
— Ты, Сцяпан, едзь з Ціханам на паляну, праверце, ці зубры на месцы, — працягваў інструктаж обер-фарстмайстар. — Захапіце для іх бульбачкі, яблыкаў — зрабіце ўсё, каб яны былі на месцы. Таксама апраніцеся цяплей. Але папярэджваю, блізка да будана не падыходзьце. Здаецца, усё.