Выбрать главу

Вось што яшчэ. Праверце сваю зброю, яна павінна быць у поўным парадку. Задача ўсім зразумелая? Можаце прыступаць. З Богам!

Рыгор глядзеў на ваду рэчачкі. А вось і госці! Па рэчышчы рухаліся вершнікі. Рыгор пачаў ціха церабіць і гладзіць карак жарабца, каб не хроп і, не дай бог, заіржаў.

Вось вершнікі выехалі з ракі і спыніліся. Адзін з іх саскочыў з каня і ботам зацёр на беразе сляды конскіх капытоў.

Рыгор пералічыў іх. Шэсць чалавек. Адзежа цывільная, простая. Трое з паляўнічымі стрэльбамі. У аднаго на скураным рамяні ў футарале нешта вісіць. Надвячоркам і не разабраць, што гэта. Вершнікі зніклі ў лесе якраз у тым месцы, адкуль пачыналася прасека.

Рыгор вычакаў хвілін дзесяць і выехаў з хованкі. Паціхеньку, крокам, паехаў у зваротным накірунку. Ноч уступіла ў свае правы, зрабілася халодна, няўтульна.

Фёдар Канстанцінавіч вячэраў. Убачыўшы Рыгора, ён ускочыў.

— Не цягні, хутчэй дакладвай!

— Ваша высокаблагароддзе, іх шэсць чалавек. Стрэльбы бачыў толькі ў трох.

— Ну, дзякуй богу! — обер-фарстмайстар зноў сеў за стол, стаў вячэраць далей.

— Пайду, ваша высокаблагароддзе, — падняўся Рыгор. — Зірну, што там робіцца, каля будана. Як тыя прусакі начуюць. Як толькі яны выедуць — паведамлю вам.

— З Богам, Рыгорка, з Богам.

15. Зубрыная помста

У тры гадзіны ночы галоўны распарадчык падняў падначаленых. Ніхто ўжо і не спаў.

— Сёння ў нас цяжкі дзень. Мы збіраемся злавіць замежных браканьераў. Ніякіх неабдуманых дзеянняў. Асабліва гэта датычыць маладых стралкоў. У вас яшчэ вецер гуляе ў галаве, прашу не рабіць ніякіх глупстваў. Памятайце, што страляць можна толькі ў коней. На нашым баку эфект раптоўнасці. На зыходныя пазіцыі будзем прабірацца ў цемры, залішне не шумець, не размаўляць, не кашляць.

Обер-фарстмайстар расклаў на стол карту і прысунуў бліжэй падсвечнік. Пасля нядоўгага маўчання сказаў:

— Паўторым план дзеяння. Калі прыедзем у пушчу, раздзелімся на дзве групы. Першая прабіраецца па левай прасецы да скрыжавання, там нас павінен сустрэць Рыгор. Гэтую групу ўзначалю я. Другая група прабіраецца дарогай да прасекі справа, там вас чакае Сцяпан, ён і ўзначаліць. Страляць толькі пасля стрэлаў прускіх паляўнічых. Страляць спачатку ўверх для стра­ху. Рыбалоўныя сеткі і вяроўкі прыгатаваныя, імі перагароджваем прасеку адразу ж пасля стрэлаў. Яшчэ раз прашу, будзьце ўважлівыя і асцярожныя. Задача зразумелая? Тады з Богам! — Фёдар Канстанцінавіч перахрысціўся, гледзячы на абраз у куце.

З двара выехалі разам. Праехаўшы з вярсту, падзяліліся на дзве групы. Трое вершнікаў скакалі далей дарогай, астатнія звярнулі на прасеку. Прабіраліся павольна, каб залішне не шумець.

Нечакана пачулі голас Рыгора:

— Стойце! Ваша высокаблагароддзе, неабходна тут спыніцца і чакаць майго сігналу. Там іх, разам з Пупком, сем чалавек. Сядзяць поруч кастрышча, п’юць і размаўляюць, спаць не клаліся. Адзін з іх размаўляе з нашым Пупком на польскай мове, астатнія гергечуць па-нямецку. Я вяртаюся да іх, хутка ўжо будзе віднецца.

Рыгор бясшумна знік у цемры.

Усе злезлі з коней. Паволі вочы абвыклі і пачалі адрозніваць блізкія дрэвы і кусты. Напруга паступова нарастала. Фёдар Канстанцінавіч дастаў папяросу і прыкурыў, хаваючы яе ў кулак.

Са змроку выступілі бліжнія ствалы дрэў. З кожнай хвілінай станавілася святлей. Ужо можна было адрозніваць прадметы на адлегласці дваццаці крокаў.

Чакаць давялося нядоўга.

Шумна дыхаючы ад бегу, з’явіўся Рыгор.

— Яны выехалі са стаянкі, і нам трэба спяшацца.

Стражнікі і стралкі імкліва ўскочылі ў сёдлы. На скрыжаванні прасек звярнулі направа. Праехаўшы міма будана, саскочылі з сёдлаў і пачалі перагароджваць прасеку сеткай і вяроўкамі.

Тут грымнулі тры стрэлы. Гучнае рэха пакацілася па ранішнім лесе. Праз некаторы час, у тым жа напрамку, адзін за адным, нібы кананада, прагучалі дзесяткі стрэлаў. Пасля невялікай паўзы трохі правей прасекі прагучаў адзінкавы стрэл. Калі рэха апошняга стрэлу згубілася ў далёкай нетры, наступіла цішыня.

Затаіўшы дыханне, прыслухваліся, чакалі наступнага развіцця падзей.

Раптам лес напоўніўся дзіўнымі гукамі. Гукі нарасталі і ўзмацняліся, набліжаліся, як лава.

Прадчуванне нейкай незразумелай трывогі закралася ў Рыгорава сэрца. Ён глянуў на каня. Яго жарабец нервова перабіраў капытамі, а вочы былі поўныя страху. Да ўсяго можна было адчуць, як пад нагамі дрыжала зямля.

Обер-фарстмайстар здзіўлена спытаў:

— Ч-чорт! Рыгор, што гэта за шум?

Рыгор замахаў рукамі і гучна закрычаў: